Мова матэматыкі у international

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Яшчэ адзін член беларускай дэлегацыі на Сафійскім міжнародным кніжным кірмашы — дырэктар выдавецтва “Вышэйшая школа” Аляксандр НЯЧАЙ.

 /i/content/pi/cult/185/1942/Mova-matem.jpg
— Якія падручнікі і дапаможнікі, Аляксандр Пятровіч, падрыхтавалі для экспанавання ў Балгарыі?
— Гэта выданні па гісторыі Беларусі, беларускай мове і літаратуры, прыродазнаўчых навуках — усяго 24 найменні.
— З якімі думкамі рыхтуецеся да паездкі?

— На Сафійскі кніжны кірмаш еду ўпершыню. Таму намеры досыць прагматычныя: на месцы высветліць, што і як робяць замежныя калегі-кнігавыдаўцы, чым іх могуць зацікавіць беларускія вытворцы, якія спецыялізуюцца на падрыхтоўцы вучэбнай літаратуры для вышэйшай школы... Карацей, пастараюся, каб наступны ўдзел у міжнародным кірмашы быў максімальна выгадным і для нас, і для замежных сяброў.

Увогуле, Балгарыя — цудоўная сонечная краіна са славянскімі каранямі. У гэтым — найпершая падстава для еднасці нашых народаў, для самага плённага супрацоўніцтва ў розных кірунках дзейнасці. Нашы мовы жывяцца з адных крыніц. А ў “Вышэйшай школы” ёсць яшчэ адна істотная перавага, што паспрыяе далейшаму развіццю беларуска-балгарскіх стасункаў: мы вядзём дыялог на мове навукі, а яна — інтэрнацыянальная. Да прыкладу, вязём у Сафію адмысловае выданне па матэматычным аналізе, якое не можа не зацікавіць і нашых замежных калег, і балгарскіх студэнтаў-матэматыкаў.

— Ці будуць экспанавацца ў Сафіі электронныя дапаможнікі, якімі славіцца “Вышэйшая школа”?

— Пакуль не. Цудоўна ведаю, што ў Балгарыі вельмі развітыя камп’ютэрна-інфармацыйныя тэхналогіі і многія тамтэйшыя спецыялісты з поспехам працуюць на Захадзе. Так што XXVII Сафійскі міжнародны кніжны кірмаш стане для нас цудоўнай нагодай для пераймання досведу па падрыхтоўцы электронных навучальных выданняў.

А.С.