Проза, паэзія, et cetera...

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

3 — 7 снежня на XXVII Сафійскім міжнародным кніжным кірмашы сваю прадукцыю прэзентуюць, поруч з вядучымі выдавецтвамі Еўропы, нашы кніжнікі. Дырэкцыя кірмашу бязвыплатна прадастаўляе выставачную плошчу для дэманстрацыі беларускіх кніг, друкаваных СМІ, картаграфічных і рэкламных выданняў. Беларусь упэўнена пашырае замежную прастору асветніцкіх і камерцыйна-творчых зносін... Адзін з членаў нашай дэлегацыі, што збіраецца ў Балгарыю, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Уладзіслаў МАЧУЛЬСКІ распавёў “К” пра ўнёсак установы, якой ён кіруе, у беларускае прадстаўніцтва на Сафійскім кніжным кірмашы:

 /i/content/pi/cult/185/1941/Proza.jpg
— Патрабаванне дырэкцыі кірмашу — прадстаўленне на выстаўцы кніг, якія ўбачылі свет сёлета. Вязём у Сафію некалькі дзесяткаў найменняў, што даюць яскравае ўяўленне літаральна пра ўсе кніжныя серыі, што выпускаюцца “Мастацкай літаратурай”.

Найперш гэта выданні для дзяцей. Да прыкладу, зборнік “Хрустальны калодзеж” з серыі “Казачны свет”, дзе чытачу прапаноўваюцца балгарскія народныя казкі. Укладальнік і перакладчык — пісьменнік Віктар Гардзей... У серыі “Казкі XXI стагоддзя” для гаспадароў і гасцей кірмашу, як падаецца, будуць цікавыя кніжкі Вольгі Шчукінай. Мастачка Таццяна Беразенская цудоўна аформіла дзіцячыя выданні, аўтарамі якіх сталі сёлета Уладзімір Мазго і Мікола Маляўка. Паедзе ў Балгарыю і новая кніга Людмілы Рублеўскай. Натуральна, прадэманструем у Сафіі і кнігу “Казка пра Івана-ганчара і пачвару-цара” Анатоля Грачаннікава, якая на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” прызнана сёлета выданнем года.

Бездакорнай у паліграфічным плане, унікальнай па змесце прызнана і выданне “Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў”, укладальніцай якога стала мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.

Прадстаўлены будуць у Сафіі і нашы серыі “Бібліятэка школьніка”, “Проза ХХІ стагоддзя”, “Паэзія ХХІ стагоддзя”.

Серыю “Залатое пяро” прадставяць паэтычныя зборнікі Раісы Баравіковай, Віктара Шніпа, Анатоля Аўруціна.

Асобна адзначу яшчэ адно надзвычай цікавае выданне “Мы дзеці твае, Беларусь”: гэта паэтычны фотаальбом, багата ілюстраваны здымкамі Юрыя Іванова і Анатоля Клешчука...

Залішне казаць, што на выстаўцы ў Сафіі “Мастацкая літаратура”, якая цяпер выдае штогод каля сотні найменняў кніжнай прадукцыі, будзе прадстаўлена больш чым годна. Напрыканцы 2008-га, да прыкладу, у серыі “Мастакі Беларусі” ўбачаць свет выданні пра слынных нашых жывапісцаў Гаўрылу Вашчанку і Уладзіміра Тоўсціка. Выйдзе таксама першая кніжка з новай серыі “Нашы героі”. Яна распавядзе пра акадэміка і колішняга канструктара МАЗа Міхаіла Высоцкага — Героя Беларусі.

Занатаваў Андрэй СТАРЖЫНСКІ