Збіраюць кнігазборы!

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Кожная эпоха прыўносіла ў працэс кнігадрукавання свае адметнасці, пазнаёміцца з якімі дазваляе калекцыя музея беларускага кнігадрукавання — філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

 /i/content/pi/cult/185/1940/Polack.jpg
Як адзначае загадчык музея Алена Шумовіч, штогод кніжны фонд установы істотна павялічваецца. Сярод найбольш цікавых і каштоўных здабыткаў музея за апошнія гады можна вылучыць калекцыі матэрыялаў Янкі Маўра, віленскіх і заходнееўрапейскіх выданняў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, кнігу “Казанні нядзельныя і святочныя”, выдадзеную ў Кракаве ў 1793 годзе, калекцыю выданняў-лаўрэатаў Рэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кнігі” апошніх гадоў. Перадаюць у фонд музея прыватныя кнігазборы і айчынныя пісьменнікі, даследчыкі беларускай літаратуры. Кнігазбор установы налічвае за 22 гады мэтанакіраванага камплектавання больш за 10 тысяч асобнікаў: гэта і рукапісныя кнігі, і старадрукі, і беларускія кнігі ХІХ — ХХ стагоддзяў, перыядычныя выданні ад пачатку ХХ стагоддзя і да нашых дзён.

Праца па збіранні кніг сёння застаецца асноўным напрамкам дзейнасці музея, але разам з тым, мяркуе Алена Шумовіч, не менш актуальнай праблемай з’яўляецца вывучэнне музейных прадметаў і ўключэнне іх у агульную інфармацыйную прастору кніжнай культуры шляхам стварэння каталогаў асобных калекцый. Не выпадкова таксама, што сёння збіраецца калекцыя кніг на кампакт-дысках, што сімвалізуе новы этап пашырэння слова.

Усеагульнае прызнанне на высокім узроўні музей атрымаў у 2006 годзе пад час Свята беларускага пісьменства ў Паставах, калі быў узнагароджаны Спецыяльным дыпломам і знакам “Залаты Фаліянт” за ўклад у захаванне духоўнай спадчыны.

Канстанцін АНТАНОВІЧ