Генадзь ЦЫХУН, старшыня Таварыства дружбы “Беларусь — Балгарыя”: “Адраджаем беларуска-балгарскі феномен”

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Сучасная гісторыя сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і Балгарыяй пачалася яшчэ ў 20-х — 30-х гадах мінулага стагоддзя, калі на прасторы былога Савецкага Саюза пачалі ўзнікаць таварыствы супрацоўніцтва з замежнымі краінамі. Іх актыўнымі дзеячамі былі Янка Купала, Якуб Колас, Зміцер Жылуновіч... Аб дзейнасці таварыства “Беларусь — Балгарыя”, якое ўваходзіць у склад Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, карэспандэнт “К” гутарыць з яго старшынёй, доктарам філалагічных навук, прафесарам, галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ганаровым доктарам Сафійскага універсітэта Генадзем ЦЫХУНОМ.

 /i/content/pi/cult/185/1939/Cyhun.jpg
— Генадзь Апанасавіч, хто ўваходзіць у ваша таварыства?

— Яно аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія неабыякавыя да гэтага цудоўнага славянскага краю — Балгарыі. Да нас прыходзяць тыя, хто некалі жыў ці працаваў у Балгарыі, звязаў сваю прафесійную дзейнасць з гісторыяй і культурай гэтай рэспублікі, студэнты, што вывучаюць балгарскую мову і літаратуру ў ВНУ. Прыкладам, я вывучаў балгарскую мову ва універсітэце, потым паўтара года стажыраваўся ў Балгарыі, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі па балканістыцы, а таксама выпусціў шэраг кніг, звязаных з гэтай краінай.

— Якую дзейнасць праводзяць удзельнікі суполкі?

— За гады існавання таварыства склалася нямала традыцыйных мерапрыемстваў. Штогод 3 сакавіка разам з Пасольствам Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь мы святкуем Дзень вызвалення Балгарыі. Спачатку на Вайсковых могілках праводзіцца малебен у памяць аб параненых у час вызвалення Балгарыі воінах, што памерлі і пахаваны на нашай зямлі, ускладаюцца кветкі да помнікаў. У Доме дружбы ладзім урачыстую вечарыну, у якой прымаюць удзел не толькі прадстаўнікі таварыства і нашы ганаровыя госці, але і найбольш актыўныя школьнікі, гімназісты, зацікаўленыя гісторыяй замежнай краіны.

На тых вечарынах заўсёды гучаць адзін-два навуковыя даклады, у іх мы асвятляем ролю беларусаў у вызваленні Балгарыі пад час Руска-турэцкай вайны 1877—1878 гг.. Справа ў тым, што многія пераможныя ваенныя аперацыі праводзіліся з удзелам частак рускай арміі, якія камплектаваліся беларусамі, таму палкі нават назвы мелі адпаведныя: Мінскі, Гродзенскі… Асабліва важна, што найбольш значныя ролі ў гэтай вайне адыгралі выхадцы з Беларусі. Ключавой фігурай у барацьбе быў Іосіф Гурка, нямала зрабілі для вызвалення Балгарыі Скобелеў і Сталетаў.

Яшчэ адной традыцыяй стала святкаванне 24 мая Дня славянскага пісьменства (у Балгарыі яно называецца Святам балгарскага пісьменства і культуры). Імкнёмся падкрэсліць ролю балгар у захаванні славянскага пісьменства, распаўсюджвання яго ў славянскім свеце. Дарэчы, па ініцыятыве таварыства “Беларусь — Балгарыя” пры падтрымцы Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта ў 90-х гадах на вуліцы Кірылы і Мяфодзія ў Мінску была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар заснавальнікаў славянскага пісьменства. Штогод у гэты час там праходзіць літургія.Але хачу падкрэсліць, што наша таварыства не абмяжоўваецца толькі культурнымі пытаннямі: калі ёсць магчымасць, мы падтрымліваем рознага кшталту эканамічныя сувязі. У нас ёсць актыў, звязаны з двухбаковым гаспадарчым супрацоўніцтвам. Сёлета ж, у сувязі са 130-годдзем вызвалення Балгарыі, мы правялі багата мерапрыемстваў, сярод якіх быў “круглы стол” па тэме эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Балгарыі.
— У чым, на ваш погляд, заключаецца еднасць нашых дзяржаў?

— Яна грунтуецца на падабенстве лёсаў народаў, іх характараў і псіхалогіі, і, канешне, у гэтым выпадку трэба ўголас заяўляць пра актыўны ўдзел беларусаў у значных для балгараў падзеях. Упэўнены: гэтыя рысы дапамогуць умацаванню дружбы паміж краінамі. У мінулым стагоддзі навукоўцы ўвогуле абмяркоўвалі так званы беларуска-балгарскі феномен, што ўзнік дзякуючы выключна інтэнсіўнаму супрацоўніцтву рэспублік. Уявіце сабе: толькі БДУ і Сафійскі універсітэт правялі 6 сімпозіумаў, прысвечаных двухбаковым моўным сувязям! У 1990-х, на жаль, пад час змен на палітычнай карце свету тыя сувязі часткова згубіліся. Цешыць, што на пачатку XXI стагоддзя сталыя адносіны наладжваюцца. Магчыма, у хуткім часе ў свеце зноўзагавораць аб беларуска-балгарскім феномене.

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА