Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь Петка ГАНЧАЎ: “Выдам кнігу па-беларуску”

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь, прафесар, доктар філасофскіх і палітычных навук Петка ГАНЧАЎ шмат гадоў займаецца літаратурнай дзейнасцю. Ён — аўтар 29 кніг, папулярных не толькі ў яго роднай краіне, але і ў іншых краінах свету. А з нядаўняга часу спадар Пасол — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 /i/content/pi/cult/185/1938/Pasol.jpg
— Вядома, што культурныя стасункі паміж беларусамі
і балгарамі сягаюць у глыбіню гісторыі. Як яны развіваюцца на сучасным этапе?

— У савецкі час паміж беларусамі і балгарамі адбываліся студэнцкія абмены, сябравалі літаратары. І гэтыя часы, вядома ж, памятаюць прадстаўнікі старэйшага пакалення. А ў 1990-я гады актыўнасць культурных, навуковых, адукацыйных сувязей значна знізілася. Калі я прыехаў на працу ў Беларусь, пачаў інтэнсіўна ўсталёўваць стасункі паміж дзеячамі культуры, мастацтва і навукі. Так, плённа супрацоўнічаюць БДУ і Сафійскі універсітэт. Быў падпісаны пратакол аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і балгарскай Акадэміяй навук. Былі падпісаны дамовы паміж Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка і Вялікатырнаўскім універсітэтам імя Кірылы і Мяфодзія. Аднавіліся стасункі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і нашай кансерваторыі. Наладзіліся сувязі паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай галерэяй Балгарыі. Моладзь нашай краіны навучаецца ў беларускіх ВНУ, а ваша — у балгарскіх. Я мяркую, што ўсё вышэйназванае частка той вялікай шматбаковай працы, якая павінна спрыяць далейшаму развіццю стасункаў паміж нашымі народамі.

— Як развіваюцца беларуска-балгарскія літаратурныя сувязі?

— Лічу, дастаткова паспяхова. Летась прайшоў з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі, на які запрасілі балгарскіх літаратараў, кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў нашай краіны. Яны былі цёпла сустрэты беларускімі калегамі, прынялі ўдзел у дыскусіях, выступілі з дакладамі. Я таксама ўдзельнічаў у названым мерапрыемстве, і, між іншым, быў удастоены гонару стаць членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нядаўна ў мяне выйшла кніга на рускай мове “Гігант, які аднаўляецца. Цывілізацыя і філасофія старажытнага і сучаснага Кітая”, дзе аналізую працэсы, што адбываліся раней у Кітаі і што адбываюцца зараз. Кніга выдадзена ў выдавецтве БДУ. Дарэчы, мяркую надрукаваць яе і па-беларуску. Хутка выйдзе яшчэ адна мая кніга— “Паміж мінулым і будучыняй”. А адно з бліжэйшых сваіх выданняў хачу прысвяціць Беларусі.

Нядаўна ў Беларусі пабываў адзін з самых выбітных перакладчыкаў беларускай літаратуры на балгарскую мову — наш вядомы паэт Найдзен Вылчаў. Яму ўжо за 80 гадоў, але ён працягвае шмат плённа працаваць, рабіць пераклады. Найдзенам Вылчавым напісана на балгарскай мове кніга “Мае беларускія сшыткі”. Яго творы на беларускай мове выйшлі і ў вас.

Значны ўнёсак у беларуска-балгарскія літаратурныя стасункі робіць беларускі перакладчык Уладзімір Анісковіч: ён пераклаў творы многіх балгарскіх класікаў. Дарэчы, у Балгарыі нядаўна былі выдадзены творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, надрукавана і сучасная паэзія.

— Як вы ацэньваеце ступень інфармаванасці жыхароў Беларусі і Балгарыі аб узаемных культурных стасунках?

— Я б сказаў, што недастаткова паступае інфармацыі як з аднаго, так і з другога боку. Мяркую, тут патрэбны практычныя крокі, каб сувязі нашы развіваліся і пашыраліся на ўсіх узроўнях. Што да мяне, дык я стараюся рабіць справы, якія прыносілі б канкрэтныя вынікі.

— Цікава даведацца, якімі вам бачацца выдавецкія школы Балгарыі і Беларусі?

— У Балгарыі шмат друкавалася і друкуецца. Даволі шмат выходзіла кніжак на рускай мове, асабліва за савецкім часам. Я таксама набываў гэтыя цудоўныя кніжкі, якія напісаны лепшымі пісьменнікамі свету, і ў мяне, дарэчы, сабралася вялікая бібліятэка, складзеная з такіх выданняў.

У тыя часы і ў нас друкавалі кнігі на рускай мове. Зараз гэта аднаўляецца. Як я казаў ужо, нямала выдадзена ў Балгарыі кніжак беларускіх аўтараў. І гэта радуе, паколькі з’яўляецца паказчыкам таго, як пашыраюцца і ўзбагачаюцца ўзаемныя кантакты. Нельга сказаць, што ўсё зроблена. Але патэнцыял — вялізны, нашы культуры — блізкія. Гэтым мы павінны скарыстацца, каб больш шчыльна развіваць стасункі. Беларуская выдавецкая школа мне падабаецца. Таму і свае кнігі друкую ў Беларусі. І лічу, што яны ўсе добра аформлены. Цудоўны дызайн, да прыкладу, мае выданне “Гігант, які аднаўляецца”. Мне выдаўцы казалі: спадар Пасол, мы з вялікай любоўю рабілі гэтую кніжку! Выдадзеная ў Беларусі кніга спадабалася і балгарам. Нашы спецыялісты, прынамсі, высока ацанілі яе афармленне.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА