— Безумоўна, для нас гэта добрая нагода ў чарговы раз прадставіць на міжнароднай арэне лепшыя здабыткі беларускага кнігадрукавання на сучасным этапе яго развіцця. Тым болей, без лішняй сціпласці магу адзначыць, што ў гэтай сферы нам ёсць чым ганарыцца. Але, у той самы час, маю вялікія надзеі на тое, што ўдзел беларускай дэлегацыі ў сафійскай выстаўцы стане не разавай акцыяй, але “адпраўным пунктам” доўгіх і плённых кантактаў у кнігавыдавецкай справе паміж нашымі краінамі. Бо зацікаўленасць у паглыбленні культурных сувязей, якія лучаць славянскія народы, з беларускага боку вельмі вялікая. Ведаю, што цікавасць да нашай краіны ёсць і ў Балгарыі. Тым болей, не будзем забываць, што культурныя сувязі паміж нашымі народамі сягаюць у глыбіню стагоддзяў. Згадайма святых роўнаапостальных Кірылу і Мяфодзія, якія стаялі ля вытокаў славянскага — а значыць, і беларускага — пісьменства. Знаходзіць паразуменне паміж нашымі народамі прасцей яшчэ і таму, што мы выкарыстоўваем адзіны алфавіт, створаны вялікімі асветнікамі.
— Аднак сёння футуролагі кажуць пра тое, што пісьменства губляе сваю ролю ў цывілізацыйным працэсе, саступаючы месца візуальнай культуры. Наколькі гэтыя тэндэнцыі праявіліся на Беларусі?— Дазвольце з вамі не пагадзіцца. Думкі пра хуткую смерць кнігі сёння падаюцца ўжо неактуальнымі. Іх абвергла сама рэчаіснасць. І ў пацвярджэнне сваіх слоў я магу прывесці канкрэтныя статыстычныя факты: у мінулым годзе на Беларусі выйшла больш за 12,5 найменняў кніг агульным накладам амаль 50 мільёнаў асобнікаў. Лічбы, пагадзіцеся, даволі ўнушальныя. Сёлета ўсе прагнозы сведчаць за тое, што яны будуць пераўзыдзены, бо за 9 месяцаў гэтага года выдавецтвы выпусцілі на рынак 10 тысяч 600 навінак агульным накладам амаль 44 мільёнаў асобнікаў. Дынаміка развіцця кнігавыдавецтва на Беларусі сведчыць, што цяга да друкаванага слова, якая здавён была ўласціва нашаму народу, не змяншаецца і цяпер, у наш век тэлебачання і камп’ютэра.
— На вашу думку, што абумовіла гэтую тэндэнцыю: спрадвечная любоў беларусаў да кнігі або мэтанакіраваныя захады ў рэчышчы яго папулярызацыі?— Тыя, хто лічыць беларусаў “начытанай” нацыяй, безумоўна, не памыляюцца. Але цяжка пераацаніць і тую ролю, якую адыгрывае дзяржаўная палітыка ў справе папулярызацыі слова як фундаментальнага складніка духоўнай культуры. Недарэмна ж новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ініцыятыва паўстання якога належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, стаў адным з сімвалаў нашай краіны. Але, зрэшты, не толькі сімвалам, а аб’ектам папраўдзе запатрабаваным, прычым самымі шырокімі слаямі насельніцтва. Завітаўшы ў яго чытальную залу, або ў любую іншую бібліятэку нашай краіны, вы заўсёды сустрэнеце там прагных да ведаў чытачоў.
— Сапраўды, свята пісьменства на Беларусі з’яўляецца акцыяй агульнадзяржаўнага маштабу. Як бы вы сфармулявалі галоўны яго пасыл?
— Замежныя госці, якіх нямала прыязджае на штогадовы Дзень беларускага пісьменства, заўсёды ўражаны яго атмасферай — гэта папраўдзе ўсенароднае свята. І яно красамоўна дэманструе пашану беларускай нацыі да роднага слова, яго ролю ў фарміраванні духоўнасці.
— Асацыятыўныя сувязі паміж друкаваным словам і духоўнасцю сёння нярэдка падвяргаюцца сумненню. Бо многія яго ўзоры нельга лічыць эталонамі маральнасці...
— Але толькі не на Беларусі! Не так даўно пад час он-лайн-канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва я быў заспеты знянацку пытаннем: ці запатрабаваны ў нашых выданнях фатографы-папарацы? І паколькі пра іх дзейнасць мне нічога чуць не даводзілася, я зрабіў заканамерную выснову: беларусам нецікава корпацца ў чыёйсьці бруднай бялізне, бо духоўны ўзровень нашай нацыі для гэтага занадта высокі. Менавіта таму згубныя тэндэнцыі, пра якія так часта даводзіцца чуць, па вялікім рахунку, абмінулі нашу краіну. І ў гэтым я таксама бачу плён мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі, яе акцэнт на выхаванні сапраўднага грамадзяніна і патрыёта.
Дарэчы, яшчэ адзін статыстычны факт, які, напэўна, будзе асабліва цікавым для вас і вашых калег: нядаўнія даследаванні засведчылі, што паводле колькасці газет, якія выдаюцца і распаўсюджваюцца на Беларусі, у разліку на аднаго жыхара, наша краіна займае адно з першых месцаў у Еўропе.
— Але ж колькасныя паказчыкі, мусіць, усё ж не самыя галоўныя? Асабліва ў кнігавыдавецкай справе...— Каб не быць прадузятым, устрымаюся ад пахвальбы на адрас айчынных кнігавыдаўцоў і спашлюся на меркаванне прафесіяналаў. На прэстыжным міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі”, які праходзіць у Маскве, нашы выдавецтвы штораз збіраюць шчодры ўраджай прызоў. Пад час апошняга з гэтых форумаў яны прадставілі свае кнігі ў 6-ці з сямі конкурсных намінацый — і ў кожнай з іх сталі лаўрэатамі. Па колькасці дыпломаў у гэтым годзе мы саступілі толькі адной краіне — Расіі. Так, многія кнігі, якія выходзяць у нашай краіне, сапраўды з’яўляюцца творамі мастацтва. Таму, рыхтуючы беларускую экспазіцыю да кніжнага форуму ў Сафіі, мы мелі з чаго выбіраць, нават зважаючы на тое, што ў яе патрапіць больш за 200 разнапланавых выданняў, якія з’явіліся ў свет за апошнія гады.
— Які вобраз (або, як гэта цяпер прынята казаць, імідж) краіны вам хацелася б стварыць у наведвальнікаў кніжнага кірмашу ў Сафіі?
— Магу адказаць на ваша пытанне адным словам: праўдзівы. Нам не трэба ісці на нейкія хітрыкі дзеля таго, каб стварыць прывабны імідж у вачах міжнароднай супольнасці. Галоўнае — годна паказаць тое, што мы маем. І сёння магу з упэўненасцю сказаць, што наша кнігавыдавецкая дзейнасць змястоўна адлюстроўвае культурныя і гістарычныя здабыткі беларускага народа. Паглядзіце, колькі шыкоўных ілюстраваных выданняў такога плана выпускаецца штогод! Знаёмячыся з імі, замежнікі нярэдка адкрываюць для сябе нашу краіну ў новым ракурсе — праз яе багатую духоўную спадчыну.
Спадзяюся, яна будзе цікавай і для наведвальнікаў нашага стэнда з розных краін свету.
Ілля СВІРЫН