Паралелі паміж гэтай стужкай, якая ў тыдзень напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам дэманструецца ў многіх школах і кінатэатрах Беларусі, і славутым “Рэквіемам па мары” або нават творамі Хічкока не заспяваюць яе рэжысёра Юрыя ЦІМАФЕЕВА знянацку.
— Без усялякага сумневу, часы “лабавой” прапаганды ўжо мінулі, — кажа ён. — Для таго, каб такія фільмы дасягалі сваёй мэты, сёння неабходна выкарыстоўваць сучасныя прыёмы кінамовы. Адсюль і “закручаны” сюжэт, і кліпавы падыход, і саспенс, або наспяванне напружання… Мы разумелі, што калі стужка не будзе цікавай для маладзёжнай аўдыторыі, калі яна не будзе “чапляць”, гэты ролік стрэліць ухаластую. Псіхолагі, з якімі мне давялося кансультавацца, кажуць, што прамыя заклікі падлетак успрымае ў штыкі, і таму самае важнае — гэта прымусіць яго думаць самастойна, самому прыходзячы да пэўных высноў.
Чалавеку, які нічога не ведае пра цёмныя бакі жыцця, сюжэт фільма можа падацца над-уманым — настолькі ён, здавалася б, выпадае з нашай паўсядзённай рэчаіснасці. Пра тое, што гэта не зусім так, сведчыць хаця б адзін факт: у гераіні фільма быў правобраз — рэальная 18-гадовая дзяўчына.
— Мы меркавалі цалкам пабудаваць стужку на ейным расповедзе, — кажа рэжысёр. — Але ў вызначаны час яна папросту не з’явілася на здымкі. Я патэлефанаваў ёй дахаты, каб даведацца прычыну, і мне сказалі, што дзяўчына зноў “сарвалася”. Так, многім здаецца, што можна пакаштаваць наркотыкі і потым “завязаць”, але калі ты знаёмішся з лёсамі рэальных людзей, каму гэта не ўдаецца, падобных ілюзій не ўзнікае.
Васьміхвіліннага хронаметражу роліка хапае яго аўтарам не толькі для змрочнага саспенсу, але і для нязвыклага ў жанры трылера “хэпі-энду” страшная гісторыя аказваецца сном, кашмар заканчваецца, а на люстэрку, у якім маленькая дзяўчынка здолела ўбачыць жахлівы, але ўсё ж рэальны варыянт развіцця свайго лёсу, з’явіўся надпіс: “Не будзь мною”. Аднак у жыцці дасягнуць шчаслівай развязкі куды складаней…
Дарэчы, як небеспадстаўна адзначыў Юрый Цімафееў, менавіта ў бяскрыўднай, здавалася б, паўсядзённасці тояцца карані многіх трагедый. Таму персанаж маці, якая ахвотней бавіць час у вясёлай кампаніі, чым з дачкой, з’явіўся ў фільме невыпадкова. Адпаведна, ролік разлічаны не толькі на падлеткавую аўдыторыю, але і на бацькоў. Па словах Юрыя Цімафеева, менавіта дзеля дасягнення “эфекту праўдападобнасці” для здымак у роліку было вырашана не запрашаць прафесійных акцёраў. І гэты рызыкоўны эксперымент удаўся: персанажы стужкі ўвасоблены натуральна ды пераканаўча. А эпізод, у якім дзеянне адбываецца на рок-канцэрце, быў зняты… на сапраўдным канцэрце “цяжкай музыкі”.
— Працаваць у такіх варунках было, прызнацца, няпроста. Нашага аператара пару разоў збівалі з ног пад час шалёнага “слэму”, — апавядае рэжысёр. — Зазвычай уласцівая для такіх імпрэз атмасфера разняволенасці ствараецца штучна, у “павільённых” умовах з удзелам масоўкі. Але паколькі бюджэту фільма для пастаноўкі маштабных сцэн бракавала, даводзілася ісці на эксперыменты. І вынікамі мы задаволены.
…Словазлучэнне “сацыяльны ролік” паранейшаму асацыіруецца ў многіх з нуднымі натацыямі, абрыдлай яшчэ ў савецкія часы перадсеансавай “нагрузкай” да цікавага фільма. Хаця патэнцыял такіх візуальных выказванняў на сацыяльную тэму, неаспрэчна, куды большы: своеасаблівыя сродкі выразнасці, якімі валодае кіно, здатныя скалануць сэрцы і розумы гледачоў куды мацней за словы альбо нават факты. І тое, наколькі эфектыўна будзе выкарыстоўвацца гэтая зброя — не толькі ў справе прафілактыкі СНІДу, але і для вырашэння многіх іншых грамадскіх задач, — залежыць перш-наперш ад саміх кінавытворцаў, ад іх прафесіяналізму, крэатыўнасці і добрага густу.
Ілля СВІРЫН