Чырвоная стужка на бігбордзе

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Апроч кіна- і відэапрадукцыі, друкаванай сацыяльнай рэкламы, на праблему барацьбы са СНІДам звяртаюць увагу і артысты эстрады, тэатра, спартсмены, тэлевядучыя. Ужо больш за год бігборды з выявамі знакамітасцей нашай краіны аздабляюць вуліцы сталіцы. “Выканаць сваё абяцанне ў барацьбе са СНІДам” — такі дэвіз праекта Праграмы развіцця ААН “Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь”.

 /i/content/pi/cult/185/1934/Aids.jpg
Напярэдадні 1 снежня — Сусветнага дня барацьбы са страшнай хваробай — карэспандэнт “К” занатаваў уражанні ўдзельнікаў “Зорнай каманды” за год рэалізацыі праекта.

Уладзімір Пугач, вакаліст групы “J:Морс”, кажа, што цягам гэтага часу пераканаўся: “Прыхільнікі звяртаюць увагу на словы артыстаў, яны прыслухоўваюцца да іх. Таму галоўнае, што мы можам зрабіць, — гэта пастаянна нагадваць: праблема СНІДу існуе. Па статыстычных даных, 90% з ліку апытаных ведаюць пра хваробу і пра тое, як яна перадаецца, але сур’ёзна да яе адносіцца яны пачынаюць толькі тады, калі сутыкнуцца з гэтым асабіста.

Мяркую, ужо няма ніякай складанасці ў адсутнасці ведаў, уся справа — у несур’ёзнасці адносін. Таму рэклама ў горадзе, коміксы — што заўгодна, абы людзі нармальна ставіліся да хворых і разумелі неабходнасць прафілактыкі”.

Зрэшты, пра коміксы Уладзімір Пугач згадаў нездарма: 1 снежня ўдзельнікі “Зорнай каманды” прымуць удзел у прэзентацыі коміксаў, галоўнымі героямі якіх яны сталі. Сапраўды, гэтая новая форма прыцягне ўвагу грамадскасці, асабліва юнацтва. Але цяжка не пагадзіцца з вядучым тэлеканала АНТ Валерыем Кашчэевым, які зазначыў, што ўсвядоміў сур’ёзнасць праблемы, толькі паразмаўляўшы з ВІЧ-інфіцыраванымі людзьмі. А ягоная калега Наталя Немагай дадала:

— У маёй сям’і калісьці здарылася трагедыя: стрыечны брат-школьнік пачаў прымаць наркотыкі. Бацькі вельмі позна заўважылі гэта, і яго жыццё было паламана. У сваю чаргу я як маці хачу сказаць усім, каб прывучалі сваіх дзяцей быць асцярожнымі ў стаўленні да свайго здароўя: шанцаў выправіць памылку мала.

Ёсць вопыт стасункаў з хворымі на СНІД у спявачкі і спартсменкі Вольгі Барабаншчыкавай: “Майму хвораму сябру вельмі складана жыць з хваробай. Мне не хацелася б, каб да яго ставіліся адмоўна, як і да кожнага чалавека ў падобнай сітуацыі”.

Дзесьці праз свой асабісты прыклад, дзесьці праз неабходныя словы падтрымкі і творчыя імпрэзы “Зорная каманда” ААН выконвае дадзенае абяцанне: спыніць СНІД. Гэты спосаб культурнага ўплыву на грамадства, падаецца, — даволі ўдалы прыклад адной са шматлікіх магчымых мадэлей працы з моладдзю. Прынамсі, тыя самыя словы, прамоўленыя аўтарытэтнай асобай, выглядаюць больш важкімі і прымушаюць сапраўды задумацца над сваім здароўем.

Дарэчы, 1 снежня — у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам — у 16.45 на будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіцца чырвоная стужка — сімвал змагання з захворваннем.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ