Традыцыя лідэрства

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

На гэтым тыдні ўпершыню ў нашай краіне адбыўся прадстаўнічы міжнародны форум “Кніга — крыніца культуры. Праблемы і метады даследавання”. Ініцыятарам яго правядзення выступіла Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.

Мэта канферэнцыі, што праводзілася сумесна з Саветам па кнігавыданні пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, Навуковым цэнтрам даследаванняў гісторыі кніжнай культуры Расійскай акадэміі навук, — кансалідаваць навуковую грамадскасць, і ў прыватнасці, людзей, што займаюцца вывучэннем кнігі: бібліятэкараў, бібліёграфаў, супрацоўнікаў акадэмій навук Беларусі і Расіі.

Не менш важным для ўдзельнікаў форуму быў абмен вопытам. Пад час адкрыцця канферэнцыі прадстаўнікі дэлегацыі Расіі праявілі цікавасць да прычын імклівага развіцця беларускага кніжнага рынку. Не выпадкова намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследавання гісторыі кніжнай культуры РАН Марыя Ермалаева адзначыла, што вучоныя краіны-суседкі зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва з беларускімі калегамі ў гэтай сферы, бо, па яе словах, у нашай дзяржаве да кніг ставяцца вельмі беражліва, імкнуцца захаваць традыцыі, звязаныя з імі. Саветнік прэзідэнта РАН, старшыня Савета па кнігавыданні Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук Уладзімір Васільеў заўважыў, што наша краіна з’яўляецца бясспрэчным лідэрам у СНД па колькасці выпушчаных кніг — больш за чатыры на чалавека. Ён таксама падкрэсліў, што прэзідыумы беларускай і расійскай акадэмій навук прынялі пастановы па развіцці супрацоўніцтва ў выдавецкай дзейнасці. Не выпадкова да гэтага форуму быў падрыхтаваны зборнік навуковых прац удзельнікаў канферэнцыі з 9 краін.

У.К.