У Галіны Арловай — юбілей!

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

У апошні восеньскі дзень — 30 лістапада — свой 80-гадовы юбілей адзначыць народная артыстка Беларусі, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Галіна Арлова.

 /i/content/pi/cult/185/1932/Arlova.jpg
Нарадзілася яна ў Віцебску і свае першыя сцэнічныя крокі зрабіла менавіта на Коласаўскай сцэне, дзе ў 1948 годзе скончыла студыю пры гэтым тэатры. Сярод роляў Галіны Арловай у віцебскім тэатры — Афелія ў “Гамлеце” В.Шэкспіра, Нэлі ў “Прыніжаных і зняважаных” Ф.Дастаеўскага, Лідачка ў “Вяселлі Крачынскага” А.Сухава-Кабыліна, Галя ў спектаклі “У добры час” В.Розава, Надзея ў “Доміку на ўскраіне” А.Арбузава. Потым разам з мужам Мікалаем Яроменкам пераехала ў Мінск, дзе прадоўжыла сваю акцёрскую кар’еру на сцэне тэатра імя Янкі Купалы. Тут яна сыграла шэраг яркіх характарных і драматычных роляў у творах класічнага рэпертуару: Маша ў “Жывым трупе” і Каця Маслава ў “Воскресении” Л.Талстога, Алена ў “Жаніцьбе Бялугіна” А.Астроўскага, Васіліса ў спектаклі “На дне” М.Горкага, Ганна Андрэеўна ў “Рэвізоры” М.Гогаля, Ягадка ў “Амністыі” М.Матукоўскага, Кудрыцкая ў “Браме неўміручасці” К.Крапівы, Антаніна Львоўна ў пастаноўцы “І змоўклі птушкі” І.Шамякіна... Не здымаючыся шмат у кіно, як яе знакамітыя муж і сын, яна нямала працавала на радыё. І за ролі ў радыёспектаклях “Рыбакова хата” Якуба Коласа і “Хамуціус” Аркадзя Куляшова ў 1989 годзе Галіна Арлова была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

І сёння актрыса не спачывае на лаўрах, а па-ранейшаму выходзіць на тэатральную сцэну. Публіка з задавальненнем сустракаецца з ёю на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра пад час спектакля “Мілы ілгун”, што стаўся для яе апошняй сумеснай тэатральнай работай з мужам...

Калектыў “К” далучаецца да ўсіх віншаванняў, якія Галіна Арлова будзе прымаць у гэтыя дні, і зычыць актрысе моцнага здароўя, незгасальнага творчага натхнення і новых цікавых роляў.