ПАЛАЖЭННЕ аб конкурсе па стварэнні тэксту і музыкі Гімна Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г


1. Конкурс па стварэнні тэксту і музыкі Гімна Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (далей — конкурс) праводзіцца ў мэтах дэмакратычнага адбору мастацкіх твораў, якія адпавядаюць статусу Беларускага прафсаюза работнікаў культуры як галіновага прафцэнтра.

2. Тэкст на беларускай мове і музыка Гімна Беларускага прафсаюза работнікаў культуры павінны мець інтанацыйна-меладычную якасць, запамінальнасць, урачыстасць, рытм шэсця.

3. Варыянты Гімна разглядае камісія па правядзенні конкурсу па стварэнні тэксту і музыкі Гімна Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (далей — камісія), у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта, абласных і Мінскага гарадскога камітэтаў, творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь, кампазітары, паэты, філолагі, вядомыя дзеячы беларускай культуры і мастацтва.

4. Конкурс з’яўляецца адкрытым, у ім могуць прыняць удзел як пэўныя асобы, так і творчыя калектывы. Творы прадстаўляюцца пад дэвізам у запячатаным канверце, пазначаным тым жа дэвізам. У канверце павінны быць тэкст і ноты Гімна, пазначаныя дэвізам. Дадаткова ў канверт укладаецца другі запячатаны канверт з дэвізам і са звесткамі аб аўтары (аўтарах): прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас і нумар тэлефона.

Канверты, у якіх знаходзяцца звесткі аб аўтары (аўтарах), распячатваюцца пасля падвядзення камісіяй вынікаў конкурсу.

5. Кожны з удзельнікаў конкурсу мае права прадставіць на разгляд камісіі адзін твор (музыка і словы).

6. Творы прадстаўляюцца да 1 сакавіка 2009 года ў Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (220126, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 21, пак. 1506) з паметкай на канверце “Конкурс Гімна БПРК”.

7. Конкурс складаецца з адборачнага і фінальнага тураў.

У фінальны тур праходзяць тры лепшыя творы адпаведна тэксту і музыкі. Калі ў прадстаўленым творы аднаго аўтара (аўтараў) тэкст і музыка будуць прызнаны лепшымі, камісія мае права вылучыць яго асобна.

8. Камісія па выніках абмеркавання на падставе большасці галасоў выносіць рашэнне тайным галасаваннем.

9. Тэрмін падвядзення вынікаў адборачнага тура конкурсу — 4 красавіка 2009 года, фінальнага тура конкурсу — 30 мая 2009 года.

10. Рашэнне камісіі аб канчатковых выніках конкурсу выносіцца на разгляд Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

11. Вынікі конкурсу абвяшчаюцца ў сродках масавай інфармацыі, а зацверджаны Гімн Беларускага прафсаюза работнікаў культуры запісваецца на СD-дыскі.

12. Пераможца (пераможцы) конкурсу ўзнагароджваецца грашовай прэміяй згодна з пастановай Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

Зацверджана пастановай Прэзідыума ЦК Беларускага

прафсаюза работнікаў культуры 18.11.2008