ХХVІІ Сафійскі міжнародны кніжны кірмаш

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Частку тыражу сённяшняга нумара “Культуры” прачытаюць і ў Балгарыі: 3 — 7 снежня ў сталіцы гэтай краіны адбудзецца ХХVІІ Сафійскі міжнародны кніжны кірмаш. Падрабязней аб значнай для нашых кнігавыдаўцоў падзеі, а таксама аб шырокім спектры беларуска-балгарскіх культурных, выдавецкіх, літаратурных і навуковых стасункаў апавядаюць матэрыялы на старонках 9 — 16.

3 — 7 снежня Балгарыя гасцінна прымае XXVII Сафійскі міжнародны кніжны кірмаш. Сёлета ў буйным форуме ўпершыню возьмуць удзел беларускія кнігавыдаўцы. Некалькі соцень адметных айчынных тамоў наша дэлегацыя прадставіць у Сафіі балгарскаму ды і наогул — еўрапейскаму чытачу.
Беларускі кнігадрук, што вядзе свой пачатак ад Францыска Скарыны, які заклаў таксама і пачаткі ўсходнеславянскай выдавецкай справы, сёння сапраўды квітнее. Доказам таму — прэзентацыйны постэр у гэтым нумары “Культуры”, прысвечаны айчынным выданням, а таксама — беларуская кніжная графіка. І яшчэ адзін, ужо сучасны, сімвал кніжнасці — гэта Нацыянальная бібліятэка Беларусі, ініцыятыва стварэння якой належыць Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку. Перад вамі і першая паласа “Культуры”, прысвечаная адкрыццю гэтага унікальнага аб’екта.
Кніжны складнік у інфармацыйнай прасторы сучаснай Беларусі акрэсліў у сваім інтэрв’ю міністр інфармацыі краіны Уладзімір Русакевіч. Матэрыял друкуецца на балгарскай мове, каб вызначыць і для гасцей XXVII Сафійскага міжнароднага кніжнага кірмашу апорныя пункты ў нашай выдавецкай справе.

“Культура”ўцы падрыхтавалі шэраг артыкулаў, прысвечаных двухбаковым беларуска-балгарскім сувязям у галіне культуры і мастацтва, літаратуры і кнігавыдання, навукі і адукацыі. Адкрываем жа падборку згадкай пра Дзень беларускага пісьменства, які прадстаўляем вокладкамі спецвыпускаў “К”, прымеркаваных да гэтых падзей.