Гастрольна-канцэртная дзейнасць у пытаннях і адказах

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

У гэтым выпуску рубрыкі “Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)” начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ працягвае адказваць на пытанні, звязаныя з арганізацыяй гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і, адпаведна, выкананнем Палажэння аб яе арганізацыі.

(Заканчэнне. Пачатак у № 47.)
Пры правядзенні культурна-відовішчнага мерапрыемства ў месцах, спецыяльна для гэтага не прызначаных, дзе адсутнічае праектная ўмяшчальнасць, а таксама калі білеты не плануецца рэалізоўваць, у якім памеры неабходна выплачваць дзяржаўную пошліну за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства?

На сённяшні дзень гэтае пытанне не ўрэгулявана, таму лічым мэтазгодным зыходзіць з разліку меркаванай колькасці наведвальнікаў мерапрыемства, узгодненага з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Міністэрствам культуры ўнесена прапанова аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” нормы, згодна з якой у названай вышэй сітуацыі прапануецца выплачваць дзяржаўную пошліну ў памеры 3 базавых велічынь. Калі ўказаная прапанова будзе падтрымана, то названая норма будзе дзейнічаць з 1 студзеня 2009 г.


Ці з’яўляюцца суб’ектамі гастрольна-канцэртнай дзейнасці арганізацыі, якія аказваюць паслугі па арганізацыі вольнага часу грамадзян шляхам правядзення дыскатэк, прадастаўлення іншых забаўляльна-дасугавых паслуг і (ці) паслугі грамадскага харчавання?

Арганізацыі, якія аказваюць паслугі па арганізацыі вольнага часу грамадзян шляхам правядзення дыскатэк, прадастаўлення іншых забаўляльна-дасугавых паслуг і (ці) паслугі грамадскага харчавання, з’яўляюцца суб’ектамі гастрольна-канцэртнай дзейнасці, калі яны арганізоўваюць і праводзяць культурна-відовішчныя мерапрыемствы з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.


Ці патрабуецца атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства для правядзення дыскатэкі?

У адпаведнасці з пунктам 6 Палажэння аб гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 г. № 259 “Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці” (далей — Палажэнне), для правядзення кожнага культурна-відовішчнага мерапрыемства выдаецца пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.

Пад культурна-відовішчным мерапрыемствам маецца на ўвазе спектакль, канцэрт, цыркавое прадстаўленне, іншы від публічных паказаў вынікаў мастацкай творчасці з непасрэдным удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.

Згодна з Палажэннем аб арганізацыі правядзення дыскатэк і работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 582, дыскатэка — гэта форма арганізацыі вольнага часу грамадзян, якая ўключае ў сябе танцавальныя вечары, вечары адпачынку і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы, што суправаджаюцца публічным выкананнем музычных твораў артыстамі, выканаўцамі і (ці) з дапамогай тэхнічных сродкаў, з магчымым выкарыстаннем кіна- і відэаматэрыялаў, правядзеннем канцэртных, гульнявых і іншых праграм.

Такім чынам, для правядзення дыскатэкі атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства не патрабуецца. Але калі правядзенне дыскатэкі суправаджаецца публічным выкананнем музычных твораў артыстамі, выканаўцамі, калектывамі мастацкай творчасці, то атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства абавязковае.


Якія паслугі адносяцца да забаўляльных культурна-дасугавых паслуг?

Згодна з Палажэннем аб арганізацыі правядзення дыскатэк і работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 582, да культурна-дасугавых паслуг адносіцца правядзенне дыскатэк, арганізацыя кегельбанаў, боўлінгаў, більярда, прадастаўленне іншых забаўляльных паслуг.


Ці неабходна атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, калі ўваходныя білеты не рэалізуюцца?

У адпаведнасці з часткай пятай пункта 6 Палажэння ажыццяўленне гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без пасведчання, за выключэннем выпадкаў, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, забараняецца.

Пад гастрольна-канцэртнай дзейнасцю маецца на ўвазедзейнасць суб’ектаў гастрольна-канцэртнай дзейнасці па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў (у тым ліку дабрачынных) на сцэнічных пляцоўках ці ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам, альбо ў памяшканні з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў (абзац чацвёрты пункта 2 Палажэння).

Выпадкі, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, пералічаны ў пункце 8 Палажэння. Ва ўсіх астатніх выпадках, у тым ліку пры арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, на якія ўваходныя білеты не рэалізуюцца, атрыманне пасведчання абавязковае.


Арганізацыяй грамадскага харчавання пастаянна на ўласных сцэнічных пляцоўках сіламі работнікаў, што знаходзяцца ў штаце арганізацыі, праводзяцца канцэртныя праграмы. Сума дзяржаўнай пошліны павінна вылічвацца за месяц ці за кожнае культурна-відовішчнае мерапрыемства? Як ажыццяўляецца прыём наяўных грашовых сродкаў за такія культурна-забаўляльныя мерапрыемствы: з дапамогай касавага падсумоўваючага апарата або неабходна рэгістраваць у інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах уваходныя білеты?

У адпаведнасці з падпунктам 1.56 пункта 1 артыкула 2 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” аб’ектамі абкладання дзяржаўнай пошлінай прызнаецца выдача пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з пунктам 6 Палажэння арганізацыям, якія аказваюць паслугі па арганізацыі вольнага часу грамадзян шляхам правядзення дыскатэк, прадастаўлення іншых забаўляльных культурна-дасугавых паслуг і (ці) паслугі грамадскага харчавання, у выпадку арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў сіламі работнікаў калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, што знаходзяцца ў штаце ўказаных арганізацый, на ўласных сцэнічных пляцоўках пасведчанне выдаецца на культурна-відовішчныя мерапрыемствы, якія праводзяцца на працягу месяца.

Такім чынам, дзяржаўная пошліна выплачваецца за выдачу кожнага пасведчання, незалежна ад таго, колькі культурна-відовішчных мерапрыемстваў будзе праведзена на працягу месяца.

Пытанні прыёму наяўных грашовых сродкаў, у тым ліку пры правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, рэгулююцца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2008 г. № 18/1 “Аб прыёме наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) і аб некаторых пытаннях выкарыстання касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютэрных сістэм” (далей — пастанова № 18/1).

У адпаведнасці з пунктам 2 пастановы № 18/1 юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі прымаюць наяўныя грашовыя сродкі і (ці) банкаўскія пластыкавыя карткі ў якасці сродку ажыццяўлення разлікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пры продажы тавараў, выкананні работ і аказанні паслуг з прымяненнем касавых падсумоўваючых апаратаў і (ці) спецыяльных камп’ютэрных сістэм, білетадрукуючых машын, таксометраў, мадэлі (мадыфікацыі) якіх уключаны ў Дзяржаўны рэгістр.

Згодна з падпунктам 2.2 пункта 2 названай пастановы юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права прымаць наяўныя грашовыя сродкі пры продажы тавараў, выкананні паслуг без прымянення касавых падсумоўваючых апаратаў і (ці) спецыяльных камп’ютэрных сістэм і плацежных тэрміналаў, у прыватнасці, пры продажы білетаў (абанементаў) на наведванне выставак, кірмашоў, атракцыёнаў у парках, канцэртна-відовішчных і спартыўных мерапрыемстваў (музеі, кінатэатры, тэатры, цыркі, стадыёны, басейны, дамы культуры ў сельскай мясцовасці, канцэртныя і іншыя адкрытыя і закрытыя пляцоўкі).

Пунктам 9 Палажэння ўстаноўлена, што ўваходныя білеты, вырабленыя ў адпаведнасці з заканадаўствам, на культурна-відовішчныя мерапрыемствы падлягаюць рэгістрацыі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах.


У аб’екце грамадскага харчавання штодзённа праводзяцца танцавальная альбо канцэртная праграма. Ці неабходна атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства?

У адпаведнасці з падпунктам 6 Палажэння для правядзення кожнага культурна-відовішчнага мерапрыемства выдаецца пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.

Пад культурна-відовішчным мерапрыемствам маецца на ўвазе спектакль, канцэрт, цыркавое прадстаўленне, іншы від публічных паказаў вынікаў мастацкай творчасці з непасрэдным удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.

Такім чынам, на правядзенне танцавальных і канцэртных праграм з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў неабходна атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.

Пры гэтым у выпадку арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў сіламі работнікаў калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, якія ўваходзяць у штат арганізацыі грамадскага харчавання, на ўласных сцэнічных пляцоўках пасведчанне выдаецца на культурна-відовішчныя мерапрыемствы, што праводзяцца на працягу месяца.

Калі прыцягваюцца выканаўцы і калектывы мастацкай творчасці з боку, то пасведчанне атрымліваецца на кожнае культурна-відовішчнае мерапрыемства.


Арганізацыя аказвае паслугі юрыдычным асобам (кавярням, рэстаранам, арганізацыям і інш.) па арганізацыі і правядзенні навагодніх прадстаўленняў для дзяцей і дарослых, у якіх бяруць удзел вядучыя, артысты, музыканты, танцавальная група. Ці неабходна мець пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства пры правядзенні такіх прадстаўленняў? Калі неабходна, то хто яго павінен атрымліваць?

У адпаведнасці з часткай пятай пункта 6 Палажэння ажыццяўленне гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без пасведчання, за выключэннем выпадкаў, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, забараняецца.

Пад гастрольна-канцэртнай дзейнасцю маецца на ўвазе дзейнасць суб’ектаў гастрольна-канцэртнай дзейнасці па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў (у тым ліку дабрачынных) на сцэнічных пляцоўках ці ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам, альбо ў памяшканні з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў (абзац чацвёрты пункта 2 Палажэння).

Да культурна-відовішчных мерапрыемстваў адносяцца спектакль, канцэрт, цыркавое прадстаўленне, іншы від публічных паказаў вынікаў мастацкай творчасці з непасрэдным удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.

Такім чынам, дзейнасць юрыдычнай асобы альбо індывідуальнага прадпрымальніка па арганізацыі і правядзенні святочных прадстаўленняў, у якіх прымаюць непасрэдны ўдзел калектывы мастацкай творчасці і выканаўцы, з’яўляецца гастрольна-канцэртнай і патрабуе атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, незалежна ад таго, праводзіцца прадстаўленне для дзяцей ці дарослых. Атрымліваць пасведчанне павінен той, хто непасрэдна арганізуе і праводзіць прадстаўленне.

Неабходна таксама памятаць, што ў адпаведнасці з пунктам 6 Палажэння пасведчанне выдаецца суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці для правядзення кожнага культурна-відовішчнага мерапрыемства. У сувязі з гэтым пасведчанне павінна атрымлівацца на кожнае святочнае прадстаўленне.


На пытанні адказвала
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Алена ВЕШТАРТ