АДКРЫЦЬ ТАЯМНІЦЫ МІРСКАГА ЗАМКА

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

1 снежня свае дзверы адчыняюць паўднёва-заходняя вежа Мірскага замка і капліца-спачывальня Святаполк-Мірскіх. У старых мурах адкрыецца новая экспазіцыя, значная частка якой прысвечана гісторыі унікальнага архітэктурнага помніка.

Як паведаміла карэспандэнту “К” загадчык аддзела старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея краіны Алена Карпенка, экспазіцыя запоўніць практычна ўсе памяшканні вежы — ад сутарэнняў да верхняга яруса. Яна будзе ўключаць і расповед пра будаўнічыя матэрыялы, якія выкарыстоўваліся пад час стварэння замка, і экскурс у гісторыю яго археалагічных даследаванняў, і выстаўку старажытнай кафлі Гродзеншчыны — як аўтэнтычнай, так і адноўленай паводле даўніх тэхналогій, і керамічныя вырабы майстроў Міра і яго ваколіц — ужо ХХ стагоддзя, сабраных пад час этнаграфічных экспедыцый супрацоўнікаў музея. Паколькі на другім ярусе вежы з часоў яе будаўніцтва захаваўся дымаход, гэтая частка музея будзе распавядаць пра печы і каміны замка ды іх мастацкую аздобу.

Але, напэўна, самым запатрабаваным паверхам вежы стане трэці, што ўжо атрымаў ад супрацоўнікаў музея неафіцыйную назву “рыцарская зала”. Там размесціцца выстаўка зброі XVI — XVII стагоддзяў, у тым ліку і рыцарскія даспехі. Яны былі адноўлены сучаснымі майстрамі паводле старажытных узораў, а вось ядры, якія будуць з імі суседнічаць, калісьці і сапраўды былі на ўзбраенні ў гарнізона замка. Што да цвікоў экспазіцыі паўднёва-заходняй вежы, без іх таксама не абыдзецца. Прычым яны будуць драўляныя.

— У тыя часы, калі ўзводзіўся Мірскі замак, прамысловай вытворчасці жалезных цвікоў, вядома ж, яшчэ не было, а каваныя каштавалі вельмі дорага,— распавядае Алена Карпенка. — Таму для змацавання бярвення часцей за ўсё выкарыстоўваліся гэткія клінцы з дрэва.

У капліцы-спачывальні размесціцца фотавыстаўка Георгія Ліхтаровіча, прысвечаная 30-годдзю архіпастырскага служэння на беларускай зямлі Уладыкі Філарэта: на здымках майстра выяўлены храмы, збудаваныя па блаславенні Уладыкі.

Ілля СВІРЫН