Як паведаміла карэспандэнту “К” загадчык аддзела старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея краіны Алена Карпенка, экспазіцыя запоўніць практычна ўсе памяшканні вежы — ад сутарэнняў да верхняга яруса. Яна будзе ўключаць і расповед пра будаўнічыя матэрыялы, якія выкарыстоўваліся пад час стварэння замка, і экскурс у гісторыю яго археалагічных даследаванняў, і выстаўку старажытнай кафлі Гродзеншчыны — як аўтэнтычнай, так і адноўленай паводле даўніх тэхналогій, і керамічныя вырабы майстроў Міра і яго ваколіц — ужо ХХ стагоддзя, сабраных пад час этнаграфічных экспедыцый супрацоўнікаў музея. Паколькі на другім ярусе вежы з часоў яе будаўніцтва захаваўся дымаход, гэтая частка музея будзе распавядаць пра печы і каміны замка ды іх мастацкую аздобу.
Але, напэўна, самым запатрабаваным паверхам вежы стане трэці, што ўжо атрымаў ад супрацоўнікаў музея неафіцыйную назву “рыцарская зала”. Там размесціцца выстаўка зброі XVI — XVII стагоддзяў, у тым ліку і рыцарскія даспехі. Яны былі адноўлены сучаснымі майстрамі паводле старажытных узораў, а вось ядры, якія будуць з імі суседнічаць, калісьці і сапраўды былі на ўзбраенні ў гарнізона замка. Што да цвікоў экспазіцыі паўднёва-заходняй вежы, без іх таксама не абыдзецца. Прычым яны будуць драўляныя.
— У тыя часы, калі ўзводзіўся Мірскі замак, прамысловай вытворчасці жалезных цвікоў, вядома ж, яшчэ не было, а каваныя каштавалі вельмі дорага,— распавядае Алена Карпенка. — Таму для змацавання бярвення часцей за ўсё выкарыстоўваліся гэткія клінцы з дрэва.
У капліцы-спачывальні размесціцца фотавыстаўка Георгія Ліхтаровіча, прысвечаная 30-годдзю архіпастырскага служэння на беларускай зямлі Уладыкі Філарэта: на здымках майстра выяўлены храмы, збудаваныя па блаславенні Уладыкі.
Ілля СВІРЫН