Пазнаць у “Дзённіку…” знаёмага

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

З 1857 года ў часопісе “Сын Отечества” вядомы беларускі этнограф, публіцыст, крытык, пісьменнік і перакладчык Павел Шпілеўскі, чыё 185-годдзе адзначаецца сёлета, пачынае весці рубрыку “Дневник знакомого человека”. У 1858 — 1859 гг. ён працягне яе ў пецярбургскай газеце “Иллюстрация”, куды яго запрасіў галоўны рэдактар В.Зотаў. Штотыднёва Шпілеўскі распавядаў пра самыя розныя праявы грамадскага жыцця. Што ж было цікава нашаму славутаму земляку і ягоным чытачам у сярэдзіне ХІХ стагоддзя?

 /i/content/pi/cult/184/1924/Paznac.jpg

Такім быў “дызайн” першай старонкі “Иллюстрации”.

У № 13 “Иллюстрации” за 1858 год Шпілеўскі піша: “Калі ж ў нас спыняцца канцэртныя злоўжыванні? Носяцца чуткі, што ў Варшаве будзе заснавана музычная кансерваторыя пад дырэкцыяй Апалінарыя Контскага. Будучы дырэктар кансерваторыі яшчэ ў Пецярбургу, але, гавораць, хутка развітаецца з намі і перад ад’ездам дасць канцэрт. Нарэшце і мы будзем мець сваю кансерваторыю, і ў нас стануць адрозніваць сапраўдных артыстаў ад аферыстаў-музікусаў. Можа быць, пасля гэтага і ў нас не вырашацца даваць канцэрты музычныя недавукі”.

Вось што паведамляе Шпілеўскі ў №2 “Иллюстрации” за 1858 год: “…Нярэдка адкрыцці і карысныя вынаходніцтвы нашых суайчыннікаў не знаходзяць у нас падтрымкі і апоры, таму што пра гэта не засведчана ў друку: для нас усё яшчэ важнае таўро замежнага вырабу. А, між тым, тое ж адкрыццё, тое ж вынаходніцтва падхопіць чужы чалавек, прысвоіць сабе і пусціць на свет Божы пад сваім імем, пад сваёю фірмаю. <…>

…Важнае адкрыццё належыць г. Сасноўскаму. Ён прыдумаў фарбу, якая засцерагае драўляныя будынкі ад пажару, так што калі пафарбаваць ёй хату, то яна можа ацалець ад пажару або, прынамсі, вельмі не хутка загарыцца. <…> Карысць відавочная, урад дазволіў выдаць вынаходніку прывілей. Засталося толькі давесці карысць фарбы на вопыце, каб узбудзіць агульную цікавасць публікі. З гэтай мэтай г. Сасноўскі прыехаў з г. Мінска, дзе ён ужо рабіў вопыты, у Пецярбург, але на першым кроку сустрэў цяжкасці. Нарэшце, пасля доўгіх няўдач, ён вырашыўся зрабіць вопыт на апошнюю капейку. І ці многія з’явіліся на яго? А з тых, якія з’явіліся і што бачылі несумнеўны доказ важнасці адкрыцця, ці многія падалі яму руку дапамогі? А досвед праведзены быў як нельга лепей. Ён адбываўся на летнім (конным) пляцы паблізу Знамення. Былі пабудаваны дзве хаткі, з якіх адна пафарбавана вынайдзенай вадкасцю, а другая заставалася нефарбаванаю. Вакол нефарбаванай хаткі пакладзена было вогнішча, і калі запалілі яго, яна хутка загарэлася, а пафарбаваная заставалася цэлаю на адлегласці сажня (і потым нават двух аршынаў) ад агню і толькі тады стала загарацца, калі яе шчыльна ссунулі з вогнішчам і нефарбаванай хатай. Мінула нямала часу пасля вопыту, і — як быццам яго не было. Дагэтуль яшчэ не знайшліся людзі, якія пагадзіліся б даверыць г. Сасноўскаму хоць маленькую частку сваіх капіталаў для адкрыцця фабрыкі...”

Паўла Шпілеўскага заўсёды радавала, калі прадстаўнікі пануючых класаў аказвалі дапамогу бедным, асабліва — на ягонай радзіме: “Акрамя таго, у правінцыі заслугоўваюць увагі і іншыя высакародныя дзеянні на шляху да прагрэсу, якія даказваюць, што і ў падаленай глухмені Расіі не адстаюць ад разумовага руху. Так, у Мінску, стараннямі жонкі губернатара, графіні Келер, заснавана Таварыства дам для наведвання і дапамогі бедным і закладзены асноўны капітал для стварэння багадзельні пры адных з мінскіх могілак, што завуцца Залатой горкай”.

Павел Шпілеўскі заўсёды падкрэсліваў, што народ наш — здольны і таленавіты, ён гатовы вучыцца, надзелены незвычайнай вынаходлівасцю, кемлівасцю, што “даказваецца незлічонымі прыкладамі нашых самавукаў-рамеснікаў і нават спевакоў, музыкаў і мастакоў, многія з якіх, не маючы магчымасці развіць свае прыродныя здольнасці, застаюцца самавукамі ў невядомасці, у глухмені, у аддаленых ускраінах радзімы.

…Некаторыя ж, пры найменшым кіраўніцтве якой-небудзь дабратворнай асобы, удасканальваюць свае таленты і нават робяцца вядомымі адукаванаму свету. <…> Нядаўна ў Маскве з’явіўся выдатны самавук-музыка, прыгонны чалавек г. Ванлярскага, нехта Мяшкоў, які аказаўся выдатным віяланчэлістам. Зрэшты, удасканаленнем сваёй здольнасці ён абавязаны, уласна, самому сабе. Ён узяў толькі не больш за дванаццаць урокаў у маскоўскага артыста Шміта і столькі ж урокаў у Серве. Мяшкоў да таго звярнуў увагу сваёй ігрой у некаторых прыватных дамах, што яму параілідаць публічны канцэрт, і ў канцэрце самавука-мужыка не адмовіліся ўдзельнічаць дамы вышэйшага свету — аматаркі-артысткі”. (“Иллюстрация”, № 11 за 1858 г.)

І яшчэ адно кароткае паведамленне: “Выйшла таксама кніга пад назвай “Апісанне вайны паміж Расіяй і Швецыяй у Фінляндыі ў 1741, 1742 і 1743 гадах” спадарыні Шпілеўскай, удастоеная высокага падарунку. Аўтар узнагароджаны дыяментавай брошкай” (“Иллюстрация”, №66 за 1859 г.). Звесткі такога прыватнага характару даюць магчымасць выказаць здагадку: магчыма, аўтарам кнігі была жонка Паўла Шпілеўскага? На жаль, да гэтага часу мы нічога не ведаем пра яго сямейнае становішча.

Падрыхтоўка да друку і пераклад з рускай мовы
Аляксандра ВАШЧАНКІ