70 гадоў мінула з тае пары, як шаша злучыла Пінск і Брэст. А пачыналася ўсё з сусветнага эканамічнага крызісу, што сур’ёзна закрануў Польшчу, у склад якой пасля Рыжскай мірнай дамовы 1921 года ўвайшлі заходнебеларускія землі. У выніку з’явілася шмат беспрацоўных, якіх, напрыклад, у 35-тысячным Пінску было больш за 3000 чалавек. Таму і давялося вырашаць транспартную праблему Палесся з магчымасцю часовага працаўладкавання незанятага насельніцтва.
Аб’ект, будаўніцтва якога доўжылася тры гады, “курыравала” Міністэрства грамадскіх работ і ніякіх механізаваных сродкаў не прадугледжвала. Грунт і дарожны камень дастаўляліся фурманкамі, усё астатняе — драбненне і ўтрамбоўка каменю, дабыча пяску — здзяйснялася ўручную. Старажылы згадвалі, што за працоўны дзень атрымлівалі злоты і дваццаць грошаў (на пінскім рынку, да прыкладу, за гэтыя грошы можна было купіць кілаграм цяляціны і бохан хлеба). Але і гэты прыбытак быў часовы: работы насілі сезонны характар, людзей перыядычна звальнялі, каб прыцягваць як мага больш новых беспрацоўных і знізіць незадаволенасць насельніцтва.
Стала дзейнічала толькі вытворчасць па вырабе дарожнай “шашкі” — цэментных шасцікутнікаў, якія мелі верх з роўнага гранітнага пакрыцця. Іх можна ўбачыць сёння на стылізаванай пад даўніну падарожнай частцы плошчы Леніна ў Пінску. Некалькі “шашак” апынуліся перавернутымі, і на зваротным боку добра бачны год вырабу — 1938. Што ж да афіцыйнага адкрыцця шашы, то, па паведамленнях тагачаснай прэсы, яно адбылося 8 лістапада 1938 года. У некаторых старажылаў захоўваецца фатаграфія, дзе зафіксавана гэтая падзея.
Мастацкая выява брэсцкага гасцінца, што сыходзіць за далягляд “шашкай”, якая нагадвае пясчынкі ў пясочных гадзінніках, і высокімі таполямі, “акальцаванымі” белымі сігнальнымі палосамі, захавана ў работах мастака Яўгена Шатохіна, карцінах і графічных лістах жывапісца старога Пінска Мікалая Казлоўскага, майстра святлапісу Яўгена Таламая.
Па-свойму унікальны помнік Дарозе нагадвае пра мінулае.
Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
Пінск