“Як дэндзі лонданскі” — Чайкоўскі

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

Увесь наступны тыдзень, акурат да канца лістапада, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі будзе доўжыцца выстаўка з фондаў Дзяржаўнага Дома-музея П.І. Чайкоўскага ў Кліну. Яна прымеркавана да 105-годдзя з дня смерці кампазітара, чыё імя ва ўсім свеце стала сімвалам рускай музычнай класікі.

 /i/content/pi/cult/184/1922/Chajkouski.jpg

Дырэктар Дома-музея Галіна Белановіч
побач з
экспанатамі выстаўкі.

Многія з рарытэтаў, што экспануюцца, ніколі не пакідалі дом, дзе Пётр Ільіч правёў апошнія восем гадоў жыцця і ў якім пасля яго смерці Мадэст Чайкоўскі — брат кампазітара, лібрэтыст некаторых яго твораў і адзін з першых біёграфаў — заснаваў музей. Можна толькі ўявіць, колькі намаганняў патрабавалася для здзяйснення праекта, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў нашай краіне. Пад час адкрыцця выстаўкі асобная падзяка была выказана начальніку ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры, кандыдату мастацтвазнаўства Міхаілу Казловічу, што з’явіўся адным з ініцыятараў праекта і актыўна ўдзельнічаў у яго ажыццяўленні. Творы Чайкоўскага, як зазначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, не толькі гучаць на буйных канцэртных пляцоўках, — іх любяць прафесіяналы і аматары.

Выстаўка таксама ўяўляе цікавасць для людзей розных прафесій, бо змяшчае не толькі ноты. Ёй адразу зацікавіліся мастакі, бо частка экспазіцыі прысвечана сцэнічным строям і шматлікім эскізам да пастановак опер і балетаў Чайкоўскага ў розныя гады.

Асабістыя рэчы кампазітара, змешчаныя ў шкляных вітрынах, паказваюць кампазітара сапраўдным дэндзі, які сачыў за модай, апранаўся ў лепшых еўрапейскіх крамах і меў вытанчана інтэлігентны знешні выгляд (на гэтую рысу, на жаль, раней амаль не звярталі ўвагу).

Вельмі каштоўным уяўляецца тое, што пад час выстаўкі можна пазнаёміцца і з багатым вопытам па арганізацыі самой музейнай справы, якая наладжана ў Кліну. Гэтаму прысвечаны адзін з раздзелаў выстаўкі, дый дырэктар Дома-музея Галіна Белановіч не стамлялася расказваць пра новыя формы працы. Супрацоўнікі праводзяць такія аб’ёмныя даследаванні, што мемарыяльная хатка ў два паверхі ператварылася ледзь не ў навукова-даследчы інстытут, рыхтуецца нават унікальная энцыклапедыя, цалкам прысвечаная П.І. Чайкоўскаму. На раялі кампазітара часта гучаць яго творы ў выкананні лепшых піяністаў сучаснасці. Граюць для наведвальнікаў і самі супрацоўнікі, бо ўсе яны — прафесійныя музыканты, хіба што не канцэртуючыя. Разам з тым, разгорнута шырокая рэкламная дзейнасць, шмат захапляльных тэатралізаваных відовішчаў робіцца для дзяцей, праводзяцца вяселлі і іншыя ўрачыстасці ў стылі ХІХ стагоддзя.

У Беларусі няма пакуль ніводнага Дома-музея нашых кампазітараў ці музыкантаў. Два дзесяцігоддзі таму многія творчыя ўстановы клапаціліся аб наданні такога статуса дому, дзе жыла легенда Беларускай оперы, народная артыстка СССР Ларыса Александроўская. Але — перашкодзілі эканамічныя праблемы часоў перабудовы. Затое сёння аднаўляецца шмат сядзіб ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў, і вопыт расіян можа аказацца дужа дарэчным.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота аўтара