Сама глеба прасякнута гісторыяй...

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

90-ыя ўгодкі завяршэння Першай сусветнай вайны бадай не выклікалі ў грамадстве розгаласу такога маштабу, які вымагае гэтая падзея, што кардынальна змяніла гісторыю многіх дзяржаў і народаў, у тым ліку і беларускага. Адчуць важнасць гэтай даты можна, прыехаўшы ў Заброддзе, дзе вядомы мастак-графік Барыс Цітовіч стварыў адзіны на Беларусі музейны комплекс, прысвечаны Першай сусветнай вайне. Напярэдадні гадавіны там акурат завяршаліся работы па ўзвядзенні званіцы — свайго кшталту помніка, прымеркаванага да юбілею. Дарэчы, сёлета свой шасцідзесяцігадовы юбілей адсвяткаваў і сам стваральнік музея, не так даўно ўзнагароджаны ўжо чацвёртым сваім медалём — “За працоўныя заслугі”.

Дом на лініі фронту

Па сутнасці, гісторыя музея пачалася ў 1973 годзе, калі малады, але ўжо запатрабаваны мастак і яго жонка Валянціна адважваюцца на ўчынак, які і тады, і цяпер многім падаўся б дзівацкім: яны пакідаюць сталіцу і купляюць хату ў глухой вёсцы на самым беразе Нарачанкі. Гэта ўжо потым Барыс Барысавіч высветліў, што ён мае карані з Вілейшчыны. Тады ж выбар новага месца жыхарства быў бадай выпадковы. Вядома, калі выпадковасці ўвогуле бываюць...

Так ці інакш, але менавіта гэты выбар і абумовіў галоўную зацікаўленасць мастака, справу яго жыцця.

 /i/content/pi/cult/184/1921/Citovich1.jpg

Барыс Цітовіч.

— Так атрымалася, што мы пасяліліся акурат на лініі фронту Першай сусветнай, — распавядае ён. — Памятаеце, быў такі перыяд “акопнай вайны”, калі расстаноўка сіл два гады трывала амаль непарушна. І абмінуць увагай гэты факт нам было папросту немагчыма. Ідзеш сабе ў лес па грыбы, і раптам — натыкаешся на парослыя мохам магілы... Вось такім чынам мы паціху і ўніклі ў гэтую тэму.

Праца, якую мастак рабіў на энтузіязме цягам больш як двух дзесяцігоддзяў, папраўдзе ўражвае — і маштабамі, і разнапланавасцю. Яе складовай часткай стала вывучэнне падзей той вайны: каб усвядоміць, што ж адбывалася тады ў Заброддзі і яго ваколіцах, наяўных на той час гістарычных даследаванняў дужа бракавала. Таму давялося самому выпраўляцца ў архівы.

Такім чынам было праліта святло на гісторыю шматлікіх пахаванняў непадалёк ад вёскі.

Пад час “акопнай вайны” там знаходзіўся лазарэт расійскай арміі, а побач з ім — могілкі, дзе знайшлі спачын каля дзвюх тысяч салдат. Цяпер, намаганнямі Барыса Цітовіча і яго аднадумцаў, на месцы пахаванняў узвышаюцца каменныя крыжы, побач — званіца з гільзай замест звона і памятны знак у гонар палеглых воінаў. Імёнаў большасці з тых, хто загінуў у гэтых мясцінах, мы ніколі ўжо не даведаемся, — хаця, як адзначыў мастак, часам здараюцца і адкрыцці.

Потым быў усталяваны вялізны крыж на месцы вайсковых пахаванняў у вёсцы Рускае Сяло і, урэшце, капліца ў гонар Барыса і Глеба — апекуноў воінаў. Адметна, што пачатак будаўніцтва драўлянага храма быў прымеркаваны да 60-годдзя Вялікай Перамогі. Як перакананы Барыс Цітовіч, у лёсе народа абедзве гэтыя войны знітоўваюцца.

— Бацька ваяваў у Першую сусветную, сын — у Другую... Гэта тыповы лёс цэлых пакаленняў, — кажа ён. — Ды і ў нашай вёсцы мне давялося заспець удзельнікаў абедзвюх войнаў.

Па словах мастака, ён і сам не разлічваў на тое, што капліца будзе пабудавана так хутка. Але цяпер у ёй ужо служаць літургію — хай сабе толькі некалькі разоў на год. А ў 2006 годзе Уладыка Філарэт блаславіў Цітовіча на пабудову званіцы, і Божай ласкай яна ўжо завершана. Частку будаўнічых работ мастаку давялося зрабіць самому: то будаўнікі не даедуць, то яшчэ якія непаразуменні...

На першым паверсе званіцы, як і ў прытворы капліцы, размесціцца экспазіцыя, прысвечаная розным аспектам той глабальнай падзеі, якая страсянула, не раўнуючы, увесь свет. Скажам, Барыса Цітовіча цікавяць такія тэмы, як святары і вайна або ўдзел у ваенных дзеяннях вядомых творцаў.

Па прынцыпе талакі

Убачанае ў Заброддзі ды яго ваколіцах здатнае выклікаць у любога чалавека не толькі шчырае захапленне, але і заканамернае пытанне: адкуль жа ў аднаго чалавека бяруцца сілы і сродкі, каб усё гэта рабіць?

— Ведаеце, гэта Бог бласлаўляе, — перакананы мастак. — Бывае, калі ты пачынаеш справу, грошай яўна не стае, але потым яны раптам аднекуль з’яўляюцца. Гэта і ўласныя сродкі (Па сваёй сціпласці Барыс Барысавіч не згадаў, што на будаўніцтва капліцы пайшла атрыманая ім Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. — І.С.), і тыя грошы, што ахвяруюць на гэтую справу аднадумцы... Лясгас дрэва дае бясплатна. Адным словам, справа гэтая не толькі мая — яна саборная.

 /i/content/pi/cult/184/1921/Citovich2.jpg
Капліца ў гонар Барыса і Глеба.

Як у мінулыя часы, калі храмы талакой будавалі. Таму адносна таго, што грошай не хопіць, хваляванняў у мяне няма. На ўсё Божая воля. Памятаю, быў некалі такі выпадак: мне трэба было тэрмінова заплаціць будаўнікам 200 тысяч, а ў кішэні ў мяне — ні капейчыны. І тут раптам тэлефануе незнаёмая жанчына і прывозіць мне... амаль акурат 200 тысяч, ахвяруючы іх на будаўніцтва. І кажа: маўляў, бацька майго мужа ў тую вайну ваяваў, і я адчуваю сябе абавязанай вам дапамагчы...

Барыс Цітовіч перакананы, што нават мурашы спрыяюць добрай справе: абляпіўшы крыж у парку Памяці, які расце непадалёк ад капліцы, яны стварылі свайго кшталту прыродную інсталяцыю.

А вось адно з першых дрэў парку, пасаджанае тут у 1984 годзе Васілём Быкавым, сёння чэзне. Мастак кажа, што гэта распачалося пасля хваробы і адыходу ў вечнасць вялікага пісьменніка. Тое ж самае здарылася некалі і з дрэвам Алеся Адамовіча...

Энтузіязму патрэбна дапамога

— А сілы...— працягвае Барыс Барысавіч. — Іх у мяне ўжо, прызнацца, на многае не стае. Усё ж цяжкавата аднаму чалавеку падтрымліваць такі вялізны комплекс. Вядома, і жонка дапамагае, і сын, але ўсё адно... Вось, напрыклад, пакасіць няма каму — абшары ўсё ж вялікія... Ды і на ўласную творчасць часу зусім не застаецца. Хаця задум у мяне шмат — у тым ліку, дарэчы, і на тэму Першай сусветнай. Таму хацелася б засяродзіцца над іх увасабленнем.

Вядома, энтузіязм і талака — рэчы высакародныя, але... Магчыма, выйсцем з гэтай сітуацыі магла б стаць “інстытуцыялізацыя” музейнага комплексу. Бо хаця Барыс Цітовіч займае пасаду супрацоўніка Вілейскага краязнаўчага музея, дэюрэ комплекс у Заброддзі не з’яўляецца яго філіялам. Тэрыторыя комплексу прызнана прыроднаахоўнай зонай, але гэтага статуса яўна замала. Мо ў дадзеным выпадку можа быць карысны мосарскі прыклад, калі створаны праз ініцыятыву ксяндза Ёзаса Булькі дэндрапарк быў прыняты на муніцыпальны баланс, і траву там цяпер стрыжэ сучасная машына, набытая за сродкі Глыбоцкага райвыканкама.

Балазе набыццё музеем юрыдычнага статуса або статуса філіяла не толькі аблегчыць жыццё яго стваральніку, але і зробіць плён ягоных высілкаў больш даступным. Турысты, а таксама навучэнцы школ Вілейшчыны і сёння раз-пораз завітваюць у гэты зацішны куток, але пры наяўнасці належнага штату экскурсаводаў і забеспячэнні добрай рэкламай іх плынь магла б стаць куды большай. Неаспрэчна, што патэнцыял такога музея ў плане выхаваўчай работы і прапаганды гуманістычных каштоўнасцей цяжка пераацаніць.

 /i/content/pi/cult/184/1921/Citovich3.jpg
— Часта назіраў за тым, як у вучняў нашых школ, якія сюды прыязджаюць, мяняецца стаўленне да вайны, да беларускай гісторыі — і, мусіць, наогул да жыцця, — распавядае стваральнік музея.— Напачатку яны не саромеюцца выяўляць сваю абыякавасць, гарэзнічаюць, жартуюць. Але потым, пабыўшы тут пэўны час, цалкам мяняюць сваё стаўленне. І, бывае, добраахвотна прапаноўваюць дапамогу.

Пры наяўнасці інвестыцый гэты унікальны комплекс мог бы стаць яшчэ больш маштабным, балазе прырода стварыла для яго выдатнае атачэнне. І магчымасць сумясціць ушанаванне памяці са спакойным адпачынкам на беразе Нарачанкі зусім не знівеліравала б асноўны пасыл музея. Як і знаёмства з хобі мастака — калекцыяй рарытэтных аўтамабіляў, якія ў яго нярэдка пазычаюць для здымак беларускія кінематаграфісты.

Без сумневу, гэтае месца ідэальна пасуе для правядзення пленэраў ды іншых творчых сустрэч. Балазе іх традыцыя тут ужо запачаткавана. Сын мастака Даніла, які скончыў Вышэйшую школу мастацтваў Брэмена па класе скульптуры, у 2002 годзе выступіў ініцыятарам Міжнароднага пленэру “Абоз-1”, на які сабраліся маладыя творцы з Германіі, Польшчы і Босніі.

— Шчыра кажучы, мяне трохі непакоіла, што для моладзі падзеі той вайны надта далёкія і незразумелыя, — прызнаецца Барыс Цітовіч. — Але досвед інтэрпрэтацыі мінуўшчыны мовай сучаснага мастацтва быў надзвычай цікавым і плённым.

Дарэчы, цяпер гэты самабытны скульптар, творам якога ўласцівы глыбокае мастацкае мысленне і дасканалая пластычная мова, таксама перабраўся да бацькі ў Заброддзе. Разам са сваёй жонкай, якая нават змяняе нямецкае грамадзянства на беларускае.

* * *

— Многія як бы не ўсведамляюць таго, што Першая сусветная вайна мае непасрэднае дачыненне да нашай беларускай гісторыі, — кажа Барыс Цітовіч. — Маўляў, гэта вайна імперыялістычная, і мы тут не пры чым. Такі падыход яшчэ з савецкіх часоў захаваўся. Але ж паглядзіце: мала якую беларускую сям’ю гэтая падзея абмінула. Асабліва тут, на лініі фронту. За час “акопнай вайны” ўзнікалі новыя сем’і, нават дзеці нараджаліся. А колькі беларусаў служыла тады ў расійскай арміі, колькі нашых суайчыннікаў былі змушаны пакінуць свае дамы і стаць бежанцамі...

Часам нам здаецца, што па гісторыю трэба некуды ехаць, у вядомыя кожнаму мясціны. І мы не ўсведамляем, што ў нас нават сама глеба, па якой мы штодня ходзім, ёй прасякнута.

Ілля СВІРЫН