“Вузельчыкі” праграмнага мыслення

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

У пралогу да “Песні пра долю” голасам Мулявіна гучыць Купалава: “Гэй, родныя песні, вы ў суме і ў горы, ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, для роднай зямелькі — вы светлыя зоры, для роднага краю — вы райскія гімны”. Больш як праз 30 гадоў сваю інтэрпрэтацыю купалаўскім “Родным песням” дае кампазітар Алег МОЛЧАН, які шукае гарманічнае спалучэнне традыцый культурнага пласта, закладзенага “Песнярамі”, і праграмнага мыслення ХХІ стагоддзя.

 /i/content/pi/cult/184/1920/Vuzelchyki.jpg
Зрэшты якраз Алег Молчан і прымаў удзел у фарміраванні гэтага пласта: прыйшоў у ансамбль з аўтарскай праграмай “Ave Sole!” (вядомай таксама пад назвай “Слова Скарыны”), стварыў аранжыроўкі да “Вянка” Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча, напісаў і даў музычнае аблічча шэрагу песень з “Голасу душы” ды “Вольнасці”. Таму натуральным выглядае зварот карэспандэнта “К” менавіта да гэтага кампазітара, каб паспрабаваць акрэсліць той базіс і тыя ніты, што яднаюць традыцыйнае з наватарскім “паміж наступным і былым”.

Паэт у кантэксце Рэнесанса

— Чаму Янка Купала? Бо ён адзін з нямногіх паэтаў як нашай літаратуры, так і сусветнай, блізкіх мне па духу, — адзначае Алег Молчан. — Падкрэслю: гаворка — пра ягоную раннюю лірыку, дзе спалучаюцца пранікнёнасць, мастацкасць, вобразнасць, выразнасць... І неаднаразова менавіта купалаўскія радкі наводзілі мяне на думку напісаць той ці іншы твор. Наогул, гэтая постаць знакавая для мяне.

Пачаткам сваёй дзейнасці ў музыцы лічу харавы цыкл з шасці частак, напісаны ў 20 гадоў на Купалавы творы. Другім знакам сталася “Малітва”. А праграму на яго вершы хацеў напісаць даўно. Дазнаўшыся пра гэта, сія-тыя з калег казалі: на Янку Купалу ўсё напісана. У такіх выпадках прыводжу адзін пераканаўчы, на мой погляд, аргумент: у эпоху Рэнесанса ўсе мастакі пісалі Мадонну з немаўляткам, але твор Леанарда да Вінчы мы беспамылкова адрознім, напрыклад, ад Мадонны Рафаэля, і яны не падаюцца нам аднастайнымі, ці не так? Таму ў падобных выпадках важная нават не толькі сама сутнасць таго, што напісана, але і ўласны сродак выражэння паэзіі.

Брэнд у дзеянні

— Працу над “Роднымі песнямі” распачаў акурат у час падрыхтоўкі і святкавання 125-годдзя з дня нараджэння паэта. На той час былі накіды да некаторых песень. Перад напісаннем я звярнуўся ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, каб спецыялісты дапамаглі падабраць не дужа растыражаваныя вершы. Зрэшты, з творчага боку праграма была завершана ў 2007 годзе, але тэхнічную, так бы мовіць, рэалізацыю пакуль не скончыў. Пры фінансавай дапамозе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь да аўтарскага канцэрта запісана пяць нумароў з трынаццаці.

Была прапанова папрацаваць з Прэзідэнцкім аркестрам, але гэтая праграма, па маім бачанні, не аркестравая — хутчэй, камерная, прызначаная для канцэртнага выканання. І спачатку “Родныя песні” хацеў прапанаваць удзельнікам “Песняроў” розных гадоў, але потым зразумеў: усіх разам адначасова не збяру! Таму запрасіў запісаць першыя кампазіцыі з праграмы колішніх артыстаў легендарнага ансамбля, якія на той момант аказаліся ў Мінску: Вадзіма Касенку, Уладзіміра Марусіча, Аляксандра Віслаўскага, Віктара Маўчанава.

Многія пыталіся: “А як жа “Песняры” з “залатога складу”?!” Думаецца, сёння справа палягае не ў брэндзе і яго сімвалах, а ў тым, як дзейнічае гэты брэнд. Дый ці патрэбна паўтараць “песняроўскі” стыль сямідзесятых у ХХІ стагоддзі? А вось абапірацца на яго, ствараючы новае, — зусім іншая справа. Таму не дзіва, што ў “Родных песнях” фрагментарна вытрымліваўся стыль легендарнага ансамбля.

Таму цяпер ад першапачатковай задумы адышоў: гэта праграма для розных артыстаў. Побач з некаторымі колішнімі ўдзельнікамі “Песняроў” песні запісалі Дзмітрый Качароўскі, “Камерата”, Якаў Навуменка. Як завяршальны аккорд хачу ўключыць у праграму “Малітву”: хоць і напісана гэтая песня раней, але, падаецца, яна сутнасна блізкая “Родным песням”.

Няспеўны драматызм

— Яшчэ адзін важны для мяне момант. Я не заўжды бяру поўны тэкст твора для ўвасаблення ў песні: каб дагадзіць музычнасці і менавіта спеўнасці, часам мяняю нават сам сэнс верша. Так і ў “Родных песнях” было. Калі пісаў “Ты прыйдзі” (яе выканаў Вадзім Касенка), то хацелася пазбегнуць драматызму, уласцівага гэтаму твору Янкі Купалы: “Ты прыйдзі і на магілкі, кветкаю прыйдзі…”. Як кампазітар я бачу твор па-свойму, інакш адчуваю будучую песню, таму з радкоў іншых строф верша я скампіляваў прыпеў. Дарэчы, гэтак было некалі і з “Малітвай”.

У пошуках праграмнага мыслення

— У апошнія дзесяць — дванаццаць гадоў наша музыка страціла праграмнае мысленне? Так, магу з гэтым пагадзіцца. Чаму? Думаю, справа тут у тым, што ў мастацтве, як і ў іншых сферах жыцця грамадства, адбываецца працэс зарабляння грошай. Але трэба разумець: ёсць рэчы, на якіх грошы не робяцца, — гэта тое, што дапамагае нам жыць. “Родныя песні” пісаліся не як камерцыйны праект. Але як беларус і беларускі кампазітар лічу патрэбным аддаць даніну павагі і класіку айчыннай літаратуры Янку Купалу, і наогул усім папярэднікам на творчай ніве.

На мой погляд, пасля “Казацкай вольніцы” ансамбля “Песняры” нечага настолькі ж цэласнага ў айчыннай музычнай прасторы не было. Так, у сваім стылі з беларускай паэзіяй шчыльна працуе Нацыянальны канцэртны аркестр краіны, але гэта іншае, уласцівае толькі гэтаму калектыву, вырашэнне праграмнай творчасці.

Увогуле, пераход у свой час “Песняроў” ад песеннасці да праграм — гэта пераход на новы ўзровень, у іншую плоскасць. Гэта, нарэшце, утварэнне сапраўднага культурнага пласта, на які цяпер многія арыентуюцца. Навукоўцамі падлічана, што тэрмін, так бы мовіць, звышпапулярнасці калектыву ці выканаўцы — прыкладна 7 гадоў. Таму ў свой час Уладзімір Мулявін сапраўды геніяльна вырашыў праблему далейшага развіцця калектыву праз праграмную творчасць.

“Чорны бог” — гэта рок!”

— У другой частцы праграмы, якая не прагучала на чэрвеньскім канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, ёсць песня “Чорны бог”, выкананая ў драматычным рокавым, але ўсё роўна лірычным стылі, — такая незвычайная “плямка” ў праграме. Будуць у другой частцы акапэльная кампазіцыя “Родныя песні” — своеасаблівы запеў да ўсёй праграмы, “Раманс”, “Зімовая ноч”, “Песня мая”...

Якая драматургія пабудовы?

Праявы беларускага жыцця, адлюстраваныя ў вершах Янкі Купалы. Але, вядома ж, як кампазітар драматургію вызначаю больш з музычнага пункта гледжання, чым з тэкставага.

Зрэшты, усё часцей заўважаю, што сёння ўтрымаць увагу слухача цягам гадзіны на адным музычным матэрыяле, на адной ідэі становіцца ўсё больш складанай задачай. У чым справа? Мяркую, у тым, што інфармацыйная нагрузка, якую вытрымлівае чалавек, з кожным годам усё больш павялічваецца. І ад гэтага, у глабальным сэнсе, залежыць драматургія любой песеннай праграмы. Таму я імкнуўся зрабіць “Родныя песні” больш простымі і зразумелымі для слухача. Пабудова канцэрта — гэта ж таксама спосаб узаемнай камунікацыі з аўдыторыяй. А “Родныя песні” якраз і з’яўляюцца найперш канцэртнай праграмай.

Тэхналогія “кампазітарскай рукі”

— Тэхналогія ёсць ва ўсім. Калі мы будзем пісаць праграму і не вытрымліваць пэўны стыль, атрымаецца набор песень. Таму гэтую праграму я звязаў некалькімі “вузельчыкамі”: лірыка Янкі Купалы 1905 — 1917, адзіная кампазітарская рука, драматургія пабудовы.

Калі ў “Песняроў” стваралася праграма пад канкрэтны ансамбль, калі Ігар Палівода пісаў, скажам, свайго “Максіма” пад салістаў аркестра Міхаіла Фінберга, то я спачатку рабіў песні, а ўжо пасля шукаў выканаўцаў. Таму і працэс напісання — хуткі, а вось працэс абдумвання, увасаблення на сцэне — доўгі.

Занатаваў Сяргей ТРАФІЛАЎ
Фота Аляксея СМОЛЬСКАГА