Арганам на Беларусі — 600 гадоў!

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

Сёлета спаўняецца 600 гадоў з часу першай згадкі пра арганы на Беларусі. З гэтай нагоды 16 лістапада ў Сафійскім саборы ў Полацку адбылася ўрачыстасць, якая з’яднала гэты юбілей яшчэ з дзвюма адметнымі падзеямі — 20-годдзем творчай дзейнасці арганісткі, салісткі Канцэртнай залы “Сафійскі сабор” Ксеніі Пагарэлай і прэзентацыяй першага дыска з серыі “Арганы Беларусі”.

Ідэя выпуску серыі альбомаў, якая ахапіла б запісы лепшых арганаў нашай краіны, выспявала цягам дзесяцігоддзя.

Мінскі арганіст і кампазітар Віктар Кісцень даследаваў стан інструментаў, магчымасці запісу іх гучання, карэкціраваў рэпертуар. Серыя павінна стаць своеасаблівай фонахрэстаматыяй сучаснага нацыянальнага арганнага мастацтва.

Што ж да Ксеніі Пагарэлай, дык з яе творчасцю непасрэдна звязана і цікавасць шэрагу беларускіх кампазітараў да аргана, — невыпадкова многія кампазіцыі пішуцца ў разліку на багатыя магчымасці гэтай выканаўцы. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю і прайшоўшы стажыроўку ў Германіі і Нідэрландах, маладая арганістка з поспехам гастралюе па краінах СНД і Еўропы, удзельнічае ў міжнародных фестывалях, стаіць ля вытокаў правядзення арганных конкурсаў на Беларусі.

Н.Б.