Ідэя выпуску серыі альбомаў, якая ахапіла б запісы лепшых арганаў нашай краіны, выспявала цягам дзесяцігоддзя.
Мінскі арганіст і кампазітар Віктар Кісцень даследаваў стан інструментаў, магчымасці запісу іх гучання, карэкціраваў рэпертуар. Серыя павінна стаць своеасаблівай фонахрэстаматыяй сучаснага нацыянальнага арганнага мастацтва.
Што ж да Ксеніі Пагарэлай, дык з яе творчасцю непасрэдна звязана і цікавасць шэрагу беларускіх кампазітараў да аргана, — невыпадкова многія кампазіцыі пішуцца ў разліку на багатыя магчымасці гэтай выканаўцы. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю і прайшоўшы стажыроўку ў Германіі і Нідэрландах, маладая арганістка з поспехам гастралюе па краінах СНД і Еўропы, удзельнічае ў міжнародных фестывалях, стаіць ля вытокаў правядзення арганных конкурсаў на Беларусі.
Н.Б.