Шэсць поглядаў: у кантэксце “асацыятыўнай вобразнасці”

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

11 лістапада ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася групавая выстаўка твораў латышскіх мастакоў “ПОГЛЯДЫ-6”, якая прымеркавана да 90-годдзя абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі і праходзіць пры падтрымцы Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і аднаго з латвійскіх банкаў.

 /i/content/pi/cult/184/1918/6-poglyadau2.jpg

І.Ілтнэрэ. “Снег пачынаецца”.

Вядома, што нацыянальнае мастацтва Латвіі заўсёды вылучалася спецыфічным эстэтычным бачаннем.

Гледачы даўно прынялі маніфеставанае мастакамі стаўленне: важнейшымі за змест з’яўляюцца своеасаблівая форма, колер, фактура і лінія. Шлях сучаснага мастацтва пачынаўся з так званага “суровага стылю” і ў выніку бесперапыннага развіцця прыйшоў да “асацыятыўнай вобразнасці”.

“Погляды-6” — гэта “эскізна накіданая карціна” сучаснага выяўленчага мастацтва Латвіі. У ім як альтэрнатыва выкарыстанню новых медыя і тэхналогій, што назіраецца ў апошнія гады, адраджаюцца традыцыйныя мастацкія сродкі, аб чым сведчаць голасныя выстаўкі жывапісцаў маладога пакалення.

Напрыклад, Іэва Ілтнэрэ вядомая як таленавіты жывапісец, што паэтычна ўвасабляе праявы сваёй эпохі. На яе палотнах вырашаны ў суцэльным манахромным каларыце сплаў фігуратыўных і арнаментальных элементаў, якія спалучаюць у сабе асабістае і архетыпічнае. Карціны пакрывае нешта накшталт растраў, сетак ці штрых-кодаў. А ўсё цалкам — пошукі хараства “адчуваннем новага тыпу”.

Сандра Крыстыня адорана сапраўды тонкім пранікненнем у жыццё мастака. Яе цікавяць чалавечыя ўзаемаадносіны, у творах гучыць тэма адзіноты. Фактура з пяску ці попелу пакрывае яе ўлюбёны сіні колер.

Яніс Мітрэвіцс — шматгранны дыпламаваны жывапісец, эксперыменты якога паўплывалі на фарміраванне сучаснага мастацтва Латвіі ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя. Аўтар займаецца эксперыментамі ў галіне матэрыялізацыі зместу латышскай жывапіснай класікі. Зараз Мітрэвіцс захоплены лічбавымі тэхналогіямі.

Глебс Пантэлееўс — скульптар-манументаліст. Ён лаканічна і пластычна працуе, камбінуючы розныя матэрыялы, — галоўным чынам, з глабальнымі грамадска-палітычнымі тэмамі.

Леанардс Лаганоўскіс лічыцца ў мастацкім асяродку Латвіі “міждысцыплінарным” мастаком: з поспехам займаўся жывапісам, сцэнаграфіяй, графікай, фатаграфіяй і лэнд-артам. У 1990-х жыў і працаваў у Берліне, а на Радзіме стаў паслядоўным прадстаўніком канцэптуальнага мастацтва. Першапачаткова роднасны сац-арту экспрэсіянізм змяніўся ў ягоных творах на іранічны зварот да хрэстаматыйнага мастацтва Захаду.

Нарэшце, Інга Брувэрэ, куратар,— аўтар карцін у эстэтыцы мінімалізму і канцэптуалізму, якія заўсёды правакуюць дыскусіі. На манахромных палотнах яна стварае аб’ёмныя рэльефы, выклікаючы эфект аптычнага падману і ілюзіі. Аматар жывапісна-лінгвістычнай гульні.

Усе мастакі, чые творы прадстаўлены на мінскай экспазіцыі, вельмі папулярныя ў латвійскай публікі і карыстаюцца міжнароднай вядомасцю.

Ул. інф.