50 кропель на люстэрках

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

У Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва днямі экспанаваліся творы мінскага графіка Юрыя Падоліна пад агульнай назвай “Люстэркі”. Аркушы з непаўторным філасофскім бачаннем рэчаіснасці сцвердзілі арыгінальнасць мыслення творцы.

 /i/content/pi/cult/184/1917/50-kropel.jpg

Ю.Падолін. “Рэха”.

Ягоныя работы — гэта ўспаміны пра дзяцінства, інтэрпрэтацыя антычнай прыгажосці і летуценні, сны пра бездакорных жанчын. “Гульні з крэслам”, падаецца, маюць сэнс значна больш глыбокі, чым проста падгледжаны момант, калі прыгажуня прыхінаецца да прадмета мэблі.

Складаныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, іхняе чаканне нейкіх учынкаў адно ад аднаго бачныя ў кожным палатне на згаданую тэму.

“Люстэрка” Юрыя Падоліна, яго мастацкае бачанне, даносіць да нас аб’екты і людзей не асобна, а праз ранейшы вопыт творцы. На некаторых аркушах пануе мільгаценне думак, адчуванняў, таго, што немагчыма спасцігнуць розумам (“Успаміны старога патэфона”, “Святлафільтры”, “Люстэркі”). Гэты прыём надае работам творцы загадкавасць і шматзначнасць.

У той жа час “Галерэя мастацтва” прыняла яшчэ адну выстаўку Юрыя Падоліна пад назвай “50 першых кропель”. Творца паказаў сваё валоданне літаграфіяй, афортам, акварэллю, гуашшу, тэмперай. Сярод гэтых работ — выявы старога Мінска, філасофскія творы-роздумы, лісты “ню”. Найбольш прыцягваюць увагу акварэльныя пейзажы: нечакана ціхія, бязлюдныя, туманныя, яны перадаюць спакой, унутраную прыгажосць і ўпэўненасць аўтара. Сумны, напоўнены ветрам “Асенні матыў”, марозная празрыстая “Раніца”, “Ранішні блік” росным летам на лузе — хочацца даць нырца ў гэтыя мяккія колеры і адпачыць там.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ