Ю.Падолін. “Рэха”. |
Складаныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, іхняе чаканне нейкіх учынкаў адно ад аднаго бачныя ў кожным палатне на згаданую тэму.
“Люстэрка” Юрыя Падоліна, яго мастацкае бачанне, даносіць да нас аб’екты і людзей не асобна, а праз ранейшы вопыт творцы. На некаторых аркушах пануе мільгаценне думак, адчуванняў, таго, што немагчыма спасцігнуць розумам (“Успаміны старога патэфона”, “Святлафільтры”, “Люстэркі”). Гэты прыём надае работам творцы загадкавасць і шматзначнасць.
У той жа час “Галерэя мастацтва” прыняла яшчэ адну выстаўку Юрыя Падоліна пад назвай “50 першых кропель”. Творца паказаў сваё валоданне літаграфіяй, афортам, акварэллю, гуашшу, тэмперай. Сярод гэтых работ — выявы старога Мінска, філасофскія творы-роздумы, лісты “ню”. Найбольш прыцягваюць увагу акварэльныя пейзажы: нечакана ціхія, бязлюдныя, туманныя, яны перадаюць спакой, унутраную прыгажосць і ўпэўненасць аўтара. Сумны, напоўнены ветрам “Асенні матыў”, марозная празрыстая “Раніца”, “Ранішні блік” росным летам на лузе — хочацца даць нырца ў гэтыя мяккія колеры і адпачыць там.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ