“Чуюць віры свае” з праекцыяй на чалавека

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

Не думайце, што калі б вы зайшлі на выстаўку Юрыя Несцерука “Рыбны дзень” у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, то апынуліся ў рыбным рэстаране ці каля шкляных сценак акварыума. Усё тут больш складана: пачынаецца з сімвалаў далёкай даўніны — заканчваецца недалёкім мінулым. І гэта выяўлена сучаснымі мастацкімі сродкамі.

 /i/content/pi/cult/184/1915/Rybny-dzenj.jpg

Ю.Несцярук “Дзень рыбіны”.

На вернісажы было як ніколі шмат творчай моладзі, прысутнічалі настаўнікі і мастакі-сябры творцы. Быў таксама аўтар ідэі гэтага праекта, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. Ён калісьці заўважыў два палотны Юрыя Несцерука з выяўленымі на іх рыбамі і прапанаваў яму развіць гэтую тэму. “Выстаўка атрымалася канцэптуальнай, інтэлігентнай, сучаснай, вобразнай і завершанай. І хоць творца жыве ў Магілёве, які многія памылкова лічаць перыферыяй, ён зрабіў работу, на якую не здатныя многія сталічныя мастакі”, — адзначыў Рыгор Сямёнавіч.

Некаторыя карціны паказваюць нам эксперыменты з колерамі і адценнямі, на іх рыба — толькі маленькі інструмент (“Чырвоная рыба”, “Фіялетавая рыба”). А на іншых творах насельнікі марскіх глыбінь — гэта нібы чалавечае грамадства ў яго нейкай стыхійнасці. Напрыклад, прыцягваюць увагу некалькі палотнаў з адной назвай — “Супольнасць”. Здаецца, аднолькавыя рыбкі, але ў розных умовах і ў розным узросце яны паводзяць сябе па-рознаму: шлях малых — вясёлы, ён ідзе па ігрывай крывой лініі, а шлях вялікіх — аднастайны, стрыманы, павольны і сумны. У другой “Супольнасці” можна заўважыць суіснаванне чулых, слабых — і жорсткіх, прагматычных людзей: тоўстыя моцныя рыбіны ўпэўнена займаюць свае віры, ніякая плынь іх не саб’е, а няўпэўненыя ледзь змагаюцца з хвалямі, яны размытыя і цяжка заўважыць іх абліччы.

С.Ю.