Пад ахоўным купалам бацькоўскага саду

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

“Мой край” — так называецца выстаўка твораў Уладзіміра Пракапцова ў Добрушскім краязнаўчым музеі. Ёю адкрылася на малой радзіме мастака яго імянная галерэя: рашэннем райвыканкама пад яе адвялі адну з залаў музея.

 /i/content/pi/cult/184/1913/Prakapcou.jpg

Пад час адкрыцця мастацкай галерэі Уладзіміра Пракапцова ў Добрушы.

Трэба сказаць, што Пракапцоў-дырэктар нярэдка “засланяе” Пракапцова-мастака. А творца ён адметны. Вось і ў карцінах, якімі пачынае жыццё яго імянная галерэя, адразу ж бачна адданасць роднаму.

Пранікнёнасць адчування таямнічай сувязі таго, што ёсць, з тым, што было, надае жывапісу мастака асаблівасць, якая ўласціва толькі сапраўдным творцам.

Карціна “У бацькоўскім садзе” настолькі жывая, рухавая, што, здаецца, яна фрагментарна ствараецца на вачах у гледачоў. Ляцяць на самотным ветры часу галіны крон, разбягаюцца травы... Але над дахам бацькоўскага селішча кроны дрэў выразна сышліся ахоўным купалам...

Такая яна, мастакоўская шматасацыятыўнасць! І гэткіх па-філасофску значных твораў у добрушскай экспазіцыі нямала.

Жывапісец імкнецца перадаць тое, што яшчэ толькі ўзнікае або ўжо знікае. І гэта вымушае шукаць і знаходзіць адпаведны зменлівы каларыт.

Работы “Нараджэнне дня”, “Ноч юнага мая” — яскравае таму пацвярджэнне. Кантрастна ўзнікаюць у густой сінечы прывідныя абрысы хаты, дах якой ужо зрабіўся... небам. Ці не таму дыптых “Ноч юнага мая” прысвячаецца Бялыніцкаму-Бірулю — класіку беларускага пейзажа?

43 творы — свае, сына Паўла і вядомых мастакоў Леаніда Шчамялёва, Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Тоўсціка, Леаніда Дударэнкі, Тамары і Уладзіміра Васюкоў, Марыі і Мікалая Ісаёнкаў ды іншых — з уласнай калекцыі ахвяраваў Добрушу Уладзімір Іванавіч. Яны і сталі асновай мастацкага фонду яго галерэі.

Папрасіў Уладзіміра Іванавіча пад час вернісажу падзяліцца сваімі задумамі.

— Будзем тут, у Добрушы, наладжваць персанальныя і калектыўныя выстаўкі беларускіх мастакоў, а таксама экспазіцыі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. У наступным годзе плануем правесці Мядовы, Яблычны і Пшанічны фестывальныя кірмашы. Адкрыем і першы ў свеце помнік Пчале. Наогул, пастараемся яшчэ лепш упісаць Добруш у мастацка-культурнае асяроддзе Беларусі.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ
Светлагорск