Гастрольна-канцэртная дзейнасць у пытаннях і адказах

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

“Культура” працягвае распачатую некалькі нумароў таму рубрыку “Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)”. У шэрагу пытанняў, якія паступаюць у юрыдычны аддзел Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, значнае месца займаюць тыя, што звязаны з арганізацыяй гастрольна-канцэртнай дзейнасці і выкананнем Палажэння аб гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, “К” ужо звярталася да гэтай тэмы якраз пасля прыняцця названага дакумента (гл. № 24 за 2008 г.). Цяпер жа прапануем увазе чытачоў адказы начальніка юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры краіны Алены ВЕШТАРТ на надзённыя пытанні па арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці.

Хто зяўляецца субектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці і хто павінен атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства?
У адпаведнасці з пунктам 1 Палажэння аб гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 г. № 259 “Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці” (далейПалажэнне), субектамі гастрольна-канцэртнай дзейнасці зяўляюцца юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, замежныя і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і тыя, што не зяўляюцца юрыдычнымі асобамі, якія ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляюць гастрольна-канцэртную дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства выдаецца суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці.

Улічваючы, што пад гастрольна-канцэртнай дзейнасцю разумеецца дзейнасць суб’ектаў гастрольна-канцэртнай дзейнасці па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў (у тым ліку дабрачынных) з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, варта мець на ўвазе, што суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці з’яўляецца той, хто арганізоўвае і праводзіць культурна-відовішчнае мерапрыемства, а не той, хто бярэ ў ім удзел (калі і адно, і другое не выконвае адна асоба).


Ці з’яўляецца Палац культуры РУП “Гомсельмаш” альбо іншага прадпрыемства суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці і ці патрэбна яму атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства?

Пунктам 1 Палажэння вызначана, што суб’ектамі гастрольна-канцэртнай дзейнасці з’яўляюцца юрыдычныя асобы. Такім чынам, калі Палац культуры — юрыдычная асоба, то ён з’яўляецца суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці і павінен атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.

Калі Палац культуры з’яўляецца структурным падраздзяленнем унітарнага прадпрыемства альбо іншай юрыдычнай асобы, суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці будзе менавіта гэтая юрыдычная асоба, якая і павінна атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, а не Палац культуры.


У адпаведнасці з падпунктам 8.30.2 пункта 8 артыкула 10 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства вызваляюцца ўстановы культуры і адукацыі пры ажыццяўленні імі гастрольна-канцэртнай дзейнасці сіламі работнікаў прафесійных калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, што знаходзяцца ў штаце дадзеных устаноў, створаных імі аматарскіх калектываў, а таксама пры арганізацыі гастролей беларускіх калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.
Ці распаўсюджваецца льгота, прадугледжаная падпунктам 8.30.2 пункта 8 артыкула 10 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне”, на палацы культуры, якія з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі?

У адпаведнасці з артыкулам 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” плацельшчыкам дзяржаўнай пошліны з’яўляюцца арганізацыі і фізічныя асобы. Згодна з артыкулам 13 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь да арганізацый адносяцца юрыдычныя асобы, а не іх структурныя падраздзяленні.

Улічваючы, што Палац культуры, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем, не з’яўляецца падаткаплацельшчыкам, ільгота, прадугледжаная падпунктам 8.30.2 пункта 8 артыкула 10 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне”, не мае адносін да такога Палаца культуры.


Пунктам 8 Палажэння прадугледжаны суб’екты, якім атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства не патрабуецца. Ці неабходна Палацу культуры, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем унітарнага прадпрыемства, атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства пры ажыццяўленні гастрольна-канцэртнай дзейнасці сіламі работнікаў калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, што знаходзяццаў штаце арганізацыі, на ўласных сцэнічных пляцоўках і пры правядзенні аналагічных мерапрыемстваў на пляцоўках іншых уласнікаў (карыстальнікаў)?

У адпаведнасці з пунктам 8 Палажэння атрыманне пасведчання не патрабуецца: дзяржаўным тэатральна-відовішчным арганізацыям і дзяржаўным арганізацыям кінематаграфіі, якія ажыццяўляюць гастрольна-канцэртную дзейнасць сіламі работнікаў калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, што знаходзяцца ў штаце ўказаных арганізацый, аматарскіх калектываў, створаных гэтымі арганізацыямі, на ўласных сцэнічных пляцоўках; дзяржаўным тэатральна-відовішчным арганізацыям абласнога і Мінскага гарадскога падпарадкавання пры ажыццяўленні гастрольна-канцэртнай дзейнасці, адпаведна, у межах сваіх абласцей і г. Мінска; дзяржаўным тэатральна-відовішчным арганізацыям, установам культуры і адукацыі пры правядзенні дабрачынных культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

Палац культуры, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем, не з’яўляецца суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Унітарнае прадпрыемства, чыім структурным падраздзяленнем з’яўляецца Палац культуры, ні да адной з названых вышэй арганізацый не адносіцца, і таму яно не вызваляецца ад неабходнасці атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.


Ці неабходна атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, якое не прадугледжвае атрыманне даходу, а таксама таго, што праводзіцца ў межах гарадскіх святочных культурна-дасугавых і іншых мерапрыемстваў?

У адпаведнасці з часткай пятай пункта 6 Палажэння ажыццяўленне гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без пасведчання, за выключэннем выпадкаў, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, забараняецца.

Пад гастрольна-канцэртнай дзейнасцю маецца на ўвазе дзейнасць суб’ектаў гастрольна-канцэртнай дзейнасці па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў (у тым ліку дабрачынных) на сцэнічных пляцоўках ці ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам, альбо ў памяшканні з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў (абзац чацвёрты пункта 2 Палажэння).

Выпадкі, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, пералічаны ў пункце 8 Палажэння. Ва ўсіх астатніх выпадках, у тым ліку пры арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, якія не прадугледжваюць атрыманне даходу (дабрачынныя культурна-відовішчныя мерапрыемствы), а таксама тых, што праводзяцца ў межах гарадскіх святочных, культурна-дасугавых і іншых мерапрыемстваў, атрыманне пасведчання абавязковае.


Ці неабходна атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства грамадзянінам, які запрасіў выканаўцаў альбо калектыў мастацкай творчасці на вяселле, юбілей і інш.?

У адпаведнасці з пунктам 1 Палажэння суб’ектамі гастрольна-канцэртнай дзейнасці з’яўляюцца юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, замежныя і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і тыя, што не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, якія ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляюць гастрольна-канцэртную дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Фізічныя асобы не з’яўляюцца суб’ектамі гастрольна-канцэртнай дзейнасці, а значыць, атрыманне імі пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства не патрабуецца.

У той жа час, калі арганізуе альбо праводзіць канцэрт ці іншае культурна-відовішчнае мерапрыемства пад час вяселля, юбілею і да т. п. юрыдычная асоба (напрыклад, арганізацыя грамадскага харчавання) або індывідуальны прадпрымальнік, то яны павінны атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.


Калі арганізацыя запрашае для ўдзелу ў святочных, карпаратыўных і іншых мерапрыемствах выканаўцаў або калектывы мастацкай творчасці, ці патрэбна пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства? Калі так, то хто яго павінен атрымаць?

У адпаведнасці з часткай пятай пункта 6 Палажэння ажыццяўленне гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без пасведчання, за выключэннем выпадкаў, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, забараняецца.

Выпадкі, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, пералічаны ў пункце 8 Палажэння. Ва ўсіх астатніх выпадках атрыманне пасведчання абавязковае.

Суб’ектам гастрольна-канцэртнай дзейнасці з’яўляецца асоба, якая арганізуе альбо праводзіць культурна-відовішчнае мерапрыемства, а ў дадзенай сітуацыі — арганізацыя, што запрашае выканаўцаў альбо калектывы мастацкай творчасці. Прычым атрыманне пасведчання патрабуецца і ў тым выпадку, калі атрыманне даходу не прадугледжваецца.


Пад гастрольна-канцэртнай дзейнасцю ў адпаведнасці з Палажэннем маецца на ўвазе дзейнасць суб’ектаў гастрольна-канцэртнай дзейнасці па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў. Што маецца на ўвазе пад выканаўцам і калектывам мастацкай творчасці?

Згодна з падпунктам артыкула 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” калектыў мастацкай творчасці — аб’яднанне фізічных асоб, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю. Пад мастацкай творчасцю маецца на ўвазе стварэнне і (ці) выкананне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва.

Згодна з артыкулам 4 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” выканаўца — гэта акцёр, спявак, музыкант, танцор ці іншая асоба, якая выконвае творы літаратуры, мастацтва альбо народнай творчасці шляхам ігры, спеваў, чытання, дэкламавання, ігры на музычным інструменце, танца альбо якім-небудзь іншым чынам.


Ці неабходна тамаду альбо музыканту, якія абслугоўваюць вяселле, атрымліваць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства?

У адпаведнасці з пунктам 6 Палажэння для правядзення кожнага культурна-відовішчнага мерапрыемства выдаецца пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.

Пад культурна-відовішчным мерапрыемствам маецца на ўвазе спектакль, канцэрт, цыркавое прадстаўленне, іншы від публічных паказаў вынікаў мастацкай творчасці з непасрэдным удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.

У адпаведнасці з Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь “Віды эканамічнай дзейнасці”, зацверджаным пастановай Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2006 г. № 65, паслугі тамады адносяцца да падкласа 93050 (прадастаўленне сацыяльных паслуг тамадой), паслугі музыкантаў — да падкласа 92312 (музычнае абслугоўванне вяселляў, юбілеяў і іншых урачыстасцей).

Такім чынам, самі па сабе паслугі тамады і музычнае абслугоўванне вяселляў не адносяцца да гастрольна-канцэртнай дзейнасці (дзейнасці па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчнага мерапрыемства) і не патрабуюць атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.

Аднак калі тамада альбо музыкант арганізоўвае і (ці) праводзіць культурна-відовішчнае мерапрыемства з непасрэдным удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, то пасведчанне неабходна атрымліваць.

(Заканчэнне будзе.)

На пытанні адказвала начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ