Паліна Зюль. "Праклён"
— Чаму вы вырашылі паступаць менавіта ў Акадэмію мастацтваў?
— З маленства захаплялася чытаннем кніг і, натуральна, кніжнай ілюстрацыяй. У нашай краіне найбольш прэстыжнай навучальнай установай, якая здольная даць адукацыю ў галіне мастацкага афармлення кніг, з’яўляецца менавіта Акадэмія мастацтваў. Мастацкі факультэт быў абраны таму, што я ніколі не мела схільнасцей да дызайну.
Варта заўважыць, што пры паступленні ў акадэмію ў якасці творчага экзамена абітурыенты спецыяльнасцей мастацкага факультэта для адборачнай камісіі падаюць разнапланавыя працы па малюнку, жывапісе, кампазіцыі, выкананыя самастойна ці з дапамогай настаўнікаў.
— Якім чынам навучанне ў акадэміі паўплывала на ваша творчае станаўленне?
— Навучанне ў акадэміі самым рашучым чынам паўплывала на фарміраванне мяне як асобы: ад самых празаічных аспектаў, такіх як самастойнае жыццё ў чужым горадзе, да найбольш творчых — магчымасць патрапіць у групу вельмі розных і неверагодна таленавітых студэнтаў, развівацца побач з якімі мне пашанцавала на працягу шасці гадоў. Адназначна гэта паспрыяла пашырэнню кругагляду, накіравала на шлях фарміравання асабістага мастацкага почырку і стылю.
Насычаныя студэнцкія гады пакідаюць пасля сябе мноства яркіх успамінаў. У сценах акадэміі вядомыя беларускія дзеячы мастацтва перадаюць свае веды новаму пакаленню. Адным з самых запамінальных момантаў навучання для нашай гераіні стала першая, уводная лекцыя майстра-друкара Рамана Мікалаевіч Сустава. Ягоныя словы стварылі перад вачыма Паліны цэлы сусвет графічных друкарскіх тэхнік, пазнаёмілі з да гэтай пары невядомымі тэрмінамі: афорт, гравюра, літаграфія і інш.
Да таго як выйсці за парог Акадэміі мастацтваў у якасці кваліфікаванага спецыяліста, студэнты на працягу года карпатліва працуюць над дыпломным праектам. Спачатку яны вызначаюцца з тэмай, матэрыяламі, ствараюць эскізы…
— Што паўплывала на выбар тэмы для вашай дыпломнай работы?
— Мяне заўжды цягнула да фантастычных сюжэтаў, а ў “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча ўся аповесць пабудаваная вакол містычнай, звышнатуральнай з’явы. Падчас працы я натхнялася творчасцю такіх мастакоў, як Обры Бёрдслі і Альбрэхт Дзюрэр. Уплыў іх стыляў і падыходаў відавочны.
Амаль паўгода я рабіла эскізы. Астатнія два з паловай месяцы я выконвала працы ў матэрыяле, раздрукоўвала іх і афармляла. Трэба адзначыць, што такі расклад аніяк не з’яўляецца аптымальным: часу катастрафічна не хапала менавіта з-за зацягнутага этапу распрацоўкі эскізаў. Дапамагае студэнтам на гэтым шляху ўся кафедра графікі, з якой на працягу шостага курса адбываюцца частыя сустрэчы, і, вядома ж, кіраўнік дыплома. Маім дыпломным кіраўніком стаў Валерый Пятровіч Славук, знакаміты беларускі мастак-графік і кніжны ілюстратар, і я бясконца ўдзячная ягонай падтрымцы і парадам.
Сваім меркаваннем аб працы Паліны Зюзь падзяліўся прафесар мастацкага факультэта БДАМ Валерый Славук:
— Трэба разумець, што дыпломная работа — паказчык таго, як чалавек сфарміраваўся на працягу навучання. Лічу, што падчас працы над дыпломам лепш не перашкаджаць. Першапачаткова Паліна ўдала выбрала тэму, яна была ў ёй зацікаўленая, таму працы атрымаліся такімі арыгінальнымі.
Паўсталі пытанні з выбарам матэрыялаў, бо Паліна жадала працаваць са складанай графічнай тэхнікай і такімі матэрыяламі, як цынк і мядзяныя пласціны, якія патрабуюць доўгай апрацоўкі. У выніку студэнтка спынілася на тэхніцы лінагравюры, а ў якасці асноўнага матэрыялу быў скарыстаны лінолеум.
Майстар не той, хто ведае, што патрэбна рабіць. А той, хто ведае, чаго рабіць не трэба. У выніку ў Паліны ўсё атрымалася выдатна. Камісія высока ацаніла яе старанні і пахваліла дзяўчыну, а працы на лінолеуме выглядалі вельмі эстэтычна. Як складзецца лёс Паліны, залежыць ад яе. Хацелася б, каб яна не губляла натхнення і працягвала ствараць.
Пра свой поспех Паліна распавядае сціпла:
— Выкладчыкі прынялі дыпломны праект з нечакана высокай адзнакай. Такой рэакцыі я не чакала менавіта таму, што падчас працы засяроджвала ўвагу на тым, што не здолела зрабіць і адлюстраваць, а гэта цалкам пераважыла любыя паспяховыя дэталі.
Калі дыпломная работа ўдала абароненая і чаканы дыплом атрыманы, маладыя спецыялісты адпраўляюцца на сваё першае працоўнае месца. Шукаць яго выпускнікам мастацкага факультэта БДАМ — грамадзянам Беларусі — не трэба. Гарантаванае працаўладкаванне забяспечвае дзяржава.
— Якой вы ўяўляеце сваю найбліжэйшую будучыню?
— Планы на бліжэйшыя два гады — праца па размеркаванні ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Таксама маю намер актыўна развівацца ў галіне кніжнай і станковай графікі.
Сёлета прыём дакументаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў ажыццяўляецца з 18 па 24 ліпеня. На вочную дзённую форму навучання запланавана набраць 134 абітурыенты.
— Што б вы маглі пажадаць будучым студэнтам акадэміі?
— Параіла б ісці ўслед за марай, нягледзячы ні на што. Будуць узлёты і падзенні, але ў любым выпадку працягвайце свой творчы палёт.
Гісторыя Паліны чарговы раз даказвае, што адчуванне творчай волі прыводзіць да дзіўных вынікаў. Незвычайная інтэрпрэтацыя сюжэта “Дзікага палявання караля Стаха” ў эскізах маладой мастачкі быццам бы сышла са старонак коміксаў. У працах выпускніцы БДАМ чапляюць дэталёва прапрацаваныя героі і велізарная колькасць дробязей, якія можна разглядаць падоўгу.