— Вольга Валянцінаўна, як вы можаце апісаць цяперашняе жыццё тэатра?
— Вядома, наш тэатр жыве і дыхае творчасцю. Цяпер мы працуем ва ўзмоцненым рэжыме, таму што трупа на дадзены момант складаецца з 27 чалавек. Гэта цяжкі рытм, якога не было ніколі. У працэсе работы мы адолелі велізарны пласт працы, які паўстаў перад намі. Бо давялося аднаўляць рэпертуар, і ў выніку за паўтара года трупа паставіла дзесяць спектакляў. Вытрымаць такую нагрузку дапамагаюць родныя сцены тэатра, а таксама яго калектыў. У нас планавалася цікавая прэм’ера, але, з-за даволі шчыльнага гастрольнага графіка, а таксама каб пастаноўка была больш якаснай, мы перанеслі яе на верасень. Хачу сказаць, што ўсе акцёры — супермалайчыны, нягледзячы на такі шалёны тэмп, яны працягваюць працаваць у поўную сілу.
— Не сакрэт, што пандэмія аказала не самае лепшае ўздзеянне на працу тэатраў, і толькі апошнімі месяцамі яны пачалі актыўна вяртацца да свайго былога працоўнага рытму. Ці закранула гэтая праблема Купалаўскі?
— Падчас чарговай хвалі ковіду, на жаль, перахварэла ўся трупа. Нехта з нас трапіў у шпіталь, некаторыя лячыліся дома. Узімку нам даводзілася нават адмяняць спектаклі. Каля месяца мы ўсе хварэлі, а потым набраліся сіл і запрасілі гледачоў на спектаклі. Самае важнае, што людзі прыходзілі ў тэатр. Ніхто і не падумаў здаваць квіткі, таму зала запаўнялася з лішкам. Мабыць, гэта разуменне было выклікана тым, што бяда кранула амаль кожнага. Найдаражэйшае, пра што можна расказаць, — пра падтрымку з боку любых гледачоў.
— Давайце пагаворым з вамі пра гастрольнае жыццё тэатра. З 6 па 8 чэрвеня ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Расіі вы наведалі Маскву. Як вас сустрэла расійская публіка?
— Падарожжа ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Расіі было насычаным. За два дні мы адыгралі спектаклі “Паў-
лінка” і “Жаніцьба”. Гледачы купалі нас у авацыях. Важна адзначыць, што на спектаклях была абсалютна розная публіка. Таму што “Паў-
лінка” — гэта несмяротная класіка, а “Жаніцьба” — гэта пастаноўка нашага маладога рэжысёра Данііла Філіповіча, сучаснае прачытанне п’есы Мікалая Гогаля. Прыемна ўразіла рэакцыя расійскай публікі на абодва спектаклі, іх успрынялі ў аднолькавай меры цёпла і захоплена. Безумоўна, такія гастролі ўмацоўваюць стасункі паміж краінамі, робяць гонар нашай Беларусі, і гэта вельмі важна разумець і працягваць такую працу.
— У рамках фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне вы паказалі знакамітую “Чорную панну Нясвіжа”. Як адрэагавалі беларускія гледачы?
— “Чорная панна Нясвіжа” — наша несмяротная класіка ў пастаноўцы Валерыя Мікалаевіча Раеўскага. Гэта заслуга тых карыфеяў, якія стаялі ля вытокаў нашага тэатра, заслуга вялікіх артыстаў, якіх ужо, на жаль, няма з намі, заслуга нашага старэйшага пакалення. Гэтая пастаноўка — зліццё драматургіі, нашай культуры і нашых каштоўнасцей. А таксама сінтэз рэжысёрскай і акцёрскай падачы.
Мы працягваем нястомна працаваць дзякуючы нашым гледачам. Выдатна, калі цябе прымаюць і любяць, як родных. Мы ўдзячныя за тое, што падчас гастроляў па гарадах Беларусі да нас ставяцца добразычліва і паважліва. У сваю чаргу, мы выкладваемся і існуём на сцэне на ўсе 200%. Але і аддача настолькі моцная, што яна дае яшчэ больш натхнення для творчасці. Велізарны дзякуй кожнаму, хто прыходзіць на нашы спектаклі.
— Калі паразважаць, то якім вы бачыце цяперашняга гледача Купалаўскага тэатра?
— Магу сказаць адно: глядач зараз сапраўдны. Я кажу гэта, грунтуючыся на сваім досведзе, калі знаходжуся на сцэне і звяртаюся наўпрост да яго. Глядач стаў больш шчырым, таму што людзі, якія прайшлі выпрабаванні пэўнага кшталту, разумеюць, што ёсць вечныя каштоўнасці. Яны шчыра ў нас зацікаўлены, і гэта грэе душу.
— У сярэдзіне чэрвеня ў тэатры праходзіў чарговы кастынг. Ці маглі б вы сказаць некалькі слоў пра яго вынікі?
— Кастынг прайшоў выдатна. Мы адабралі тых акцёраў, у якіх былі зацікаўленыя. Так, паміж іншага, мы шукалі сталую гераіню. Спадзяюся, яна нарэшце з’явілася. Кастынг годны тым, што апошнім часам да нас прыходзяць выключна прафесійныя акцёры. Як правіла, мы вызначаем, што калектыў можа прапанаваць і што акцёр ці актрыса гатовы даць наўзамен тэатру. Вядома, у нашу трупу трапляе выключна той чалавек, які мае талент і харызму. Трэба выдатна валодаць, канешне, беларускай мовай і, як ні дзіўна, быць не злым па натуры.
— А як складаюцца адносіны ў цяперашняй трупе?
— Не будзем адмаўляць той факт, што нас вельмі мала, а аб’ём працы значны. Нягледзячы на гэта, у калектыве складаюцца выдатныя працоўныя адносіны. На дадзеным этапе ў нас няма часу, каб паслабіцца і адпачыць. Мы кожны дзень нястомна рэпеціруем і імкнёмся асвоіць новы матэрыял. Дзякуючы ўзаемаразуменню ў нас складаюцца выдатныя працоўныя адносіны.
— У 2021 годзе вас прызначылі на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра. Як вы адчуваеце сябе ў новай ролі?
— Па адчуваннях скажу так: увесь час узнікаюць пытанні, якія патрабуюць рашэння. Хочацца выконваць сваю працу якасна і падтрымліваць імідж тэатра. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе вялікіх фізічных і эмацыйных рэсурсаў.
— У такі няпросты час усе мы маем патрэбу ў падтрымцы. Ці ёсць людзі, якія гатовы дапамагчы тэатру ў любы час?
— Магу сказаць, што Міністэрства культуры на чале з Анатоліем Мечыслававічам Маркевічам робіць для нас усё, каб наш тэатр добра і якасна працаваў. Калі ёсць неабходнасць, звяртаюся з тым ці іншым пытаннем да паважанай Ірыны Уладзіміраўны Дрыгі і атрымліваю кансультацыю ці дапамогу. На мой погляд, так і павінна быць, бо вырашаюцца важныя для развіцця культуры праблемы, у прыватнасці, тыя, што датычаць Купалаўскага тэатра.
— Разважаючы над тэмай будучыні Купалаўскага тэатра, якім вы яго бачыце?
— Я заўсёды казала і буду казаць пра тое, што наш беларускі скарб — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы: жыў да нас 100 гадоў, жыве падчас нас і будзе жыць пасля нас доўгія гады. Пакуль у чалавека будзе патрэба ў душэўнай камунікацыі, тэатр заўсёды застанецца такім. Прынамсі, я штосілы імкнуся гэта рабіць. Для таго каб у Купалаўскім заставалася сапраўдная душа народа.
У дзень народзінаў Янкі Купалы тэатр запрашаў усіх ахвотных на творчы вечар. 7 ліпеня ў гонар 140-годдзя пісьменніка пройшоў спектакль “Сніўся мне сон”. А ў новым сезоне Купалаўскі запланаваў каля 3-4 прэм’ер, якія не абыдуцца без беларускай класікі. Пад канец верасня рэжысёр Валянціна Еранькова плануе здзівіць гледачоў пастаноўкай “Гарачае сэрца”.