Форум прайшоў пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Як адзначыў на адкрыцці канферэнцыі намеснік міністра Віктар Кураш, нашы навукоўцы вельмі плённа супрацоўнічаюць з замежнымі. Вось і ў гэтай канферэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Расіі, Польшчы, Украіны, Францыі, Эстоніі. Прычым кожны з гасцей не толькі выступіў з лекцыяй, але і правёў майстар-клас. У канцэртах нароўні з сусветнай “класікай авангарда” ХХ стагоддзя гучалі творы Дзмітрыя Смольскага, Вячаслава Кузняцова. Дый музыка Аліўе Месіяна, якой быў цалкам прысвечаны адзін з трох дзён канферэнцыі, неаднойчы натхняла нашых творцаў.
Змястоўнымі атрымаліся абмеркаванні пачутага і ўбачанага. Тым больш, што ў канферэнцыі нароўні з музыказнаўцамі актыўна ўдзельнічалі кампазітары: сярод гасцей быў старшыня Кракаўскага саюза кампазітараў Ежы Станкевіч, украінскі кампазітар і віяланчэліст Золтан Алмашы.
Пасяджэнні з зацікаўленасцю наведвалі беларускія творцы Яўген Паплаўскі, Дзмітрый Лыбін, Сяргей Картэс і іншыя, дый сам творчы саюз выступіў сярод арганізатараў форуму. Невыпадкова, што прагляд відэазапісу мультымедыя-оперы маскоўскага кампазітара Уладзіміра Тарнапольскага “Па той бок ценю” выклікаў сапраўдную дыскусію на тэму: якім быць жанру оперы надалей.
Абмеркаванне прадоўжылася і ў змястоўным выступленні прафесара кафедры гісторыі БДАМ Радаславы Аладавай.
Надзея БУНЦЭВІЧ