Беларускі "Граф Монтэ-Крыста"

№ 23 (1566) 04.06.2022 - 10.06.2022 г

“Граф Монтэ-Крыста” прапісаўся (і трэба меркаваць, надоўга) на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. З пазнакай “рок-опера”. Дададзім: беларуская! Бо музыка -- нашага Цімура Каліноўскага.

Фрагмент спектакля. Фота Таццяны Матусевіч.

Аднайменны раман А.Дзю­ма ведаюць усе — калі не па таўшчэзнай кнізе, дык па яе сціслым пераказе, а больш па некалькіх экранізацыях з рознымі назвамі. Аматарам музыкі вядомыя нека­лькі мюзіклаў. Сярод іх — твор швейцарскага кампазітара Фрэнка Уайлдхорна, пастаўлены ў Тэ­атры музычнай камедыі Санкт­ Пецярбурга, мюзікл “Мон­тэ ­Крыста” Рамана Ігнацьева ў Маскоўскай аперэце. Цяперашняя рок­-опера ў тэатры імя М.Горкага значна адрозніваецца ад усіх тых прачы­танняў. Таму глядзець яе трэба адназначна!

Ідэя такога спектакля нарадзі­лася ў мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кавальчыка ў 2019­-м. З музыкай ён на “ты” яшчэ з дзя­цінства, калі вучыўся ў музычнай школе. Нацыянальнай класікай застаецца пастаўленая ім у 2002­-м у РТБД фолк-­опера “Адвечная песня” Цімура Каліноўскага. У нашым Музычным тэатры пра­цуе бацька рэжысёра — Міхаіл Кавальчык, які ўвасобіў безліч мюзіклаў, уключаючы “Соф’ю Гальшан­скую” Уладзіміра Кандрусевіча і “Шалом алейхэм! Мір вам, людзі!” Алега Ха­доскі.

“Граф Монтэ­ Крыста” атры­маўся таксама вельмі беларускім. Дзеянне не перанесенае на нашы землі, але ў ім дадаткова акцэнта­ваныя блізкія беларускай мента­льнасці рысы: эпічнасць разгорту, не надта ўласцівая жанрам оперы і мюзікла, але традыцыйная для нашага мастацтва, адыход ад ме­ладрамы на карысць разважан­ням, філасофскаму складніку. А галоўнае — моцна падкрэсленыя думкі пра разбуральнае ўздзеянне помсты: яна ні для каго не можа быць перамогай, бо ў ёй абодва бакі — пацярпелыя. Усё гэта ёсць у А.Дзюма — іншая справа, што ранейшыя творцы, звяртаючыся да рамана, чэрпалі з яго найперш захапляльную прыгодніцкую лі­нію, скарачаючы іншыя.

Сцэнаграфія Веніяміна Мар­шака вырашана даволі ўмоўна і вельмі функцыянальна. Некалькі кубоў з падсвятленнем то выка­ рыстоўваюцца паасобку, то счап­ляюцца разам — гарызантальна і вертыкальна, ператвараючыся і ў стол пасяджэнняў, і ў высокую (ва ўсіх сэнсах слова) пасаду. У касцю­мах Марыі Герасімовіч знойдзены пункт яднання даўніны і сучаснас­ці. Вялікую ролю ў хуткай змене месцаў і часу дзеяння адыгрывае выдатна распрацаванае тэатраль­нае святло і эфект тумановасці. Сцэнічная прастора падсвятля­ецца пераважна цёмна-­сінім ці чырвоным, кожны з якіх набывае сімвалічны сэнс. Не задзейніча­ныя ў той ці іншай сцэне салісты складаюць зменлівы па складзе хор. Рухавасць і пластыку (часцей агульную для ўсіх, а не індывіду­ алізаваную) забяспечыў балетмай­стар Дзмітрый Залескі.

Спектакль адкрыў вельмі та­ленавітага лібрэтыста — Ігара Скрыпку, які раней быў вядомы хіба сваімі перакладамі. У тэксце шмат трапных рыфмаў, кідкіх рад­коў. Імя кампазітара Цімура Калі­ноўскага куды больш вядомае: яго музыка ўпрыгожвае безліч спек­такляў у розных тэатрах. Ён умее ствараць запамінальныя фразы — літаральна на трох­чатырох нотах, а тое і меней. Але буйная форма патрабуе добрага драматургічна­га развіцця, уласцівага тут хіба некалькім сцэнам. Усё будуецца пераважна на бясконцых, часам надакучлівых паўторах, нават та­нальнасць у большасці нумароў не змяняецца. Заяўка на рэп абароч­ваецца рэчытацыяй на адной ноце. Узнікае адчуванне статычнасці, якое можна было б пераадолець класнай аранжыроўкай. Але ж як чуйна рэагуе публіка на папраўдзе цікавыя па музыцы нумары!

Другая дзея больш багатая на полістылістыку: тут ёсць і раманс, і духоўныя песняспевы рэкві­ема. Такой разнастайнасці магло быць і болей — гэтак, як і сольных украпванняў струннага квартэта, які сціпла грае збоку і часцей за ўсё патанае ў электронных гучан­нях, а ў апошніх сцэнах чамусьці ўвогуле сыходзіць. Між тым дзве скрыпкі, альт, віяланчэль маглі б стаць чымсьці накшталт “галасоў душы”, не толькі ўдзельнічаць у інструментальным суправаджэн­ні, але і выходзіць на авансцэну на роўных з акцёрамі — хаця б у сола, што ўласціва сучаснаму тэ­атру. У выніку — больш актыўна фарміраваць менавіта музычную драматургію, такую неабходную ў рок-­оперы.

Асноўная праблема спектакля звязаная з гэтым. Колькі ні абвіна­вачвалі ў свой час П.Чайкоўскага, што ён сапсаваў “Яўгена Анегі­на” А.Пушкіна, ператварыўшы “энцыклапедыю рускага жыцця” ў меладраму, а кампазітар меў ра­цыю, адмовіўшыся ад многіх ка­ларытных момантаў рамана. Му­зычнаму “Графу Монтэ­-Крыста” таксама не перашкодзілі б пэўныя купюры. Надта многа атрымала­ся і заблытаных падзей, і дзейных асоб, на некаторыя з якіх не стае асобных артыстаў, што ва ўмовах зададзеных пераўвасабленняў кан­чаткова збівае глядацкую логіку: калі марак Эдмон Дантэс і граф Монтэ­-Крыста (Руслан Чарнец­кі) — адзін і той жа чалавек, дык і іншыя героі, магчыма, маглі выдаваць сябе за іншых? Але хто ёсць хто? Акустыка залы не самая лепшая, дый спевы нават у самых спрактыкаваных артыстаў часця­ком паглынаюць дыкцыю, што даўно вядома як адно з храніч­ных “вакальных захворванняў”. Імкненне ахапіць калі не ўвесь раман, дык максімум яго сюжэт­ных адгалінаванняў, укласці ўсё ў два акты, дзе кожны па гадзіне з хвосцікам, дыктуюць настолькі імклівае мільгаценне падзей, што прасачыць за імі і ўцяміць, хто ка­му і кім даводзіцца, без папярэд­няга прачытання кнігі папросту немагчыма. На прэм’еры перада мной сядзела група падлеткаў, якія пасля шчаслівага выратавання ге­роя з засценкаў, што адбываецца ўсяго ў сярэдзіне першай дзеі, больш нічога не маглі зразумець. І пачалі дружна гугліць змест ра­мана ў інтэрнэце, не зважаючы на сцэну.

/i/content/pi/cult/909/19044/gra.jpg

Між тым у спектаклі занята ледзь не ўся трупа, кожны працуе на ўсе сто. Але няшчаснае каханне адсунута на другі план, што для му­зычна­-тэатральных жанраў хутчэй выключэнне з правілаў. Галоўным антаганістам героя становіцца не Фернан (Васіль Грачухін), які на­ пісаў данос, каб сарваць вяселле і пазней самому ажаніцца з Мерсэ­дэс (Вікторыя Кавальчык), а Ві­льфор (Сяргей Чакерэс ці Дзяніс Нямцоў).

З-­за прагалаў музычнай драма­тургіі ў спектаклі атрымліваецца некалькі фіналаў. Але “самы фі­нальны” з іх канчаткова выво­дзіць аповед у філасофскі космас, узнімаючы тэму Quo vadis: “Куды ты ідзеш? Навошта ты жывеш?” Гэтыя пытанні, узнятыя не ў дра­матычнай пастаноўцы, а ў рок­-оперы, становяцца знакавымі. Музычныя спектаклі розных жан­раў традыцыйна былі скіраваныя на відовішчнасць, эстэтычнае за­давальненне, часам наўпрост ігна­равалі магчымую складаную пра­блематыку. Нашумелыя расійскія мюзіклы, уключаючы “Ганну Ка­рэніну” як самы, бадай, паспяховы і нават прададзены за мяжу камер­цыйны праект, таксама не надта апелявалі да маральных аспектаў, клапоцячыся найперш пра “кар­цінку”. “Граф Монтэ­-Крыста” — наадварот, пазбаўлены брадвей­скага шыку. І свядома ператварае гэты магчымы недахоп у дадатко­вую вартасць. Бо на першы план выходзіць не наратыў, а этычная канцэпцыя — тое, што вылучае сёння папраўдзе сучасны музычны тэатр, а не яго нафталінавае пада­ бенства. У гэтым напрамку і трэба рухацца далей, не спыняючыся на дасягнутым: удасканальваць цяперашні спектакль і ствараць новыя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"