Выстава "Жывая крыніца". Фота Антона Рудака
У выставачным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі днямі адбылася прэзентацыя кнігі "Жывая традыцыя рамёстваў Беларусі". Двухтомнае выданне было падрыхтаванае пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2021—2025 гады.
Ініцыятарамі і ўкладальнікамі выдання выступілі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і абласныя метадычныя цэнтры народнай творчасці. У двухтомніку абагульнены каштоўны досвед работы дамоў ды цэнтраў рамёстваў і іх філіялаў, дамоў народнай творчасці і цэнтраў традыцыйнай народнай культуры, цэнтраў ткацтва і дамоў ганчароў, дзейнасць іх гурткоў і студый, сталых і маладых майстроў.
Дзякуючы дзейнасці цэнтраў і дамоў рамёстваў захаваліся шматлікія ўзоры традыцыйнага народнага мастацтва, унікальныя калекцыі аўдыя- і відэазапісаў, рукапісаў і фотаматэрыялаў, калекцыі прадметаў народнага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У двухтомнае выданне ўвайшлі інфармацыйныя, арганізацыйныя і метадычныя матэрыялы, якія зробяцца каштоўным дапаможнікам для ўсіх, хто зацікаўлены развіццём народных рамёстваў у нашай краіне.
Выданне можна разглядаць як творчую справаздачу цэнтраў і дамоў рамёстваў, таму яго прэзентацыя адбылася на выставе "Жывыя крыніцы", дзе прадстаўленыя вынікі працы майстроў народнай творчасці з розных рэгіёнаў краіны — узоры ганчарства, ткацтва, роспісу, вышыўкі, карунак і бісерапляцення, пляцення з прыродных матэрыялаў, выцінанкі і многае іншае. На выставе таксама прагучалі песні ў выкананні сямейнага фальклорнага ансамбля “Крона” з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, што ў Валожынскім раёне. Акрамя таго, супрацоўнікі дамоў рамёстваў прадэманстравалі ўзоры народных строяў, уласцівыя іх рэгіёнам — ад Маларыты да Оршы.
КАРАНІ І КРОНА
Ідэя арганізацыі дамоў і цэнтраў рамёстваў ўзнікла ў 1980-я гады ў супрацоўнікаў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Установы такога кшталту з’явіліся ў сувязі з патрэбай умацавання пераемнасці рамесніцкіх навыкаў ад майстроў да вучняў. Дзякуючы ўпраўленню культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і загадчыцы аддзела культуры Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Марыі Паляк у 1989 годзе з’явілася новая ўстанова культуры — Глыбоцкі дом рамёстваў, які зрабіўся ўзорным для ўсёй краіны. Відаць, нездарма першая ўстанова такога кшталту ўзнікла менавіта на Глыбоччыне, дзе нарадзіўся і тварыў славуты майстар народнага мастацтва — Язэп Драздовіч.
Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука нагадала таксама, што потым неўзабаве, у 1992 годзе, адкрыліся дамы рамёстваў у Оршы, Гарадку, Шаркаўшчыне і Лепелі, а ў 2006 годзе іх колькасць у вобласці ўжо дасягнула дваццаці пяці, і сёння пры іх дзейнічае сорак шэсць клубаў майстроў.
Вядучы спецыяліст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, старшыня магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Беларусі Наталля Дамінікава распавяла, што на Магілёўшчыне сёння дзейнічаюць васямнаццаць дамоў рамёстваў, якія аб’ядноўваюць дзевяноста восем майстроў і дваццаць народных майстроў Беларусі. Тут ладзяцца праекты, прысвечаныя вырабу традыцыйных тканых паясоў, мясцовыя майстры рэканструявалі больш за дзве сотні мясцовых ручнікоў.
А дырэктар Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Ала Занька падзялілася, што ў іх раёне налічваецца больш за дзвесце дваццаць майстроў, і чацвёра з іх маюць званне народных. У доме рамёстваў тут маюцца ткацкія станкі, узрост якіх большы за сто гадоў, і на іх да сёння працуюць цэлыя дынастыі ткачых.
Удзельнікі прэзентацыі. Фота Антона Рудака
ШЛЯХ ДА АДРАДЖЭННЯ
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута прыгадаў світанак станаўлення сістэмы дамоў і цэнтраў рамёстваў у 1980-я гады, калі многія традыцыйныя рамёствы былі на парогу знікнення — у некаторых рэгіёнах краіны яны былі ўжо, здавалася, незваротна страчаныя, і таму заставаліся невядомымі нават для мясцовых супрацоўнікаў сферы культуры. Традыцыі былі сцёртыя з народнай памяці бязлітасным часам, а артэфакты — бясконцымі войнамі ды разбурэннямі, і надзеі на іх аднаўленне, здавалася, не было.
Але напярэдадні атрымання Беларуссю незалежнасці пачало з’яўляцца і пашырацца ўсведамленне, што самастойная нацыя мусіць вылучацца сярод іншых народаў сваёй традыцыйнай культурай, — так пачыналася адраджэнне народнага мастацтва, промыслаў і рамёстваў. Сёння мы можам ганарыцца сваімі традыцыйнымі рамёствамі не толькі ва ўласнай краіне — вырабы народных майстроў нязменна выклікаюць захапленне ў Заходняй Еўропе, дзе традыцыі народнай культуры таксама закрануў агульны лёс страт і разбурэнняў.