Радзівілаўскі кнігазбор — у “лічбе”

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

20 — 21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшлі IV Міжнародныя Кнігазнаўчыя чытанні па тэме “Новыя тэхналогіі ў захаванні дакументальнай спадчыны”. У іх працы прынялі ўдзел больш як 400 прадстаўнікоў 11 краін свету.

Пад час канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні сучаснага стану і перспектыў развіцця і выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці бібліятэк, музеяў, архіваў, а таксама абслугоўванне карыстальнікаў бібліятэк, заснаванае на найноўшых дасягненнях вучоных. Таксама навукоўцы дзяліліся інфармацыяй па захаванні газет і старажытных рукапісаў.

На адкрыцці Чытанняў са словамі прывітання да прысутных звярнуліся, у прыватнасці, міністр культуры нашай краіны Уладзімір Матвейчук, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце і сувязях з грамадскасцю НББ Людміла Кірухіна засяродзіла ўвагу на фактах з выступлення генеральнага дырэктара Іранскай нацыянальнай бібліятэкі і памочніка Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Ашары Алі Акбара, ад якога ўдзельнікі Чытанняў даведаліся пра цікавы праект мясцовай электроннай бібліятэкі.

Наогул, як падкрэсліла Людміла Кірухіна, дзякуючы пераводу старадрукаў у лічбавы фармат і стварэнню іх электроннага бібліяграфічнага каталога, з’яўляецца магчымасць знайсці вывезеныя ў ранейшыя часы айчынныя кнігі, і, у прыватнасці, з Радзівілаўскай бібліятэкі. Таму не выпадкова некаторыя мерапрыемствы Чытанняў прадоўжыліся ў Нясвіжы, дзе, апрача ўдзелу ў секцыйным пасяджэнні “Нясвіж — культурны цэнтр Еўропы”, госці з краін-удзельніц канферэнцыі пазнаёміліся з гарадскімі славутасцямі.

Завяршыліся ж Чытанні ўрачыстай прэзентацыяй першых пяці тамоў новага дваццацітомнага Збору твораў Якуба Коласа.

Канстанцін АНТАНОВІЧ