Пад час канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні сучаснага стану і перспектыў развіцця і выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці бібліятэк, музеяў, архіваў, а таксама абслугоўванне карыстальнікаў бібліятэк, заснаванае на найноўшых дасягненнях вучоных. Таксама навукоўцы дзяліліся інфармацыяй па захаванні газет і старажытных рукапісаў.
На адкрыцці Чытанняў са словамі прывітання да прысутных звярнуліся, у прыватнасці, міністр культуры нашай краіны Уладзімір Матвейчук, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце і сувязях з грамадскасцю НББ Людміла Кірухіна засяродзіла ўвагу на фактах з выступлення генеральнага дырэктара Іранскай нацыянальнай бібліятэкі і памочніка Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Ашары Алі Акбара, ад якога ўдзельнікі Чытанняў даведаліся пра цікавы праект мясцовай электроннай бібліятэкі.
Наогул, як падкрэсліла Людміла Кірухіна, дзякуючы пераводу старадрукаў у лічбавы фармат і стварэнню іх электроннага бібліяграфічнага каталога, з’яўляецца магчымасць знайсці вывезеныя ў ранейшыя часы айчынныя кнігі, і, у прыватнасці, з Радзівілаўскай бібліятэкі. Таму не выпадкова некаторыя мерапрыемствы Чытанняў прадоўжыліся ў Нясвіжы, дзе, апрача ўдзелу ў секцыйным пасяджэнні “Нясвіж — культурны цэнтр Еўропы”, госці з краін-удзельніц канферэнцыі пазнаёміліся з гарадскімі славутасцямі.
Завяршыліся ж Чытанні ўрачыстай прэзентацыяй першых пяці тамоў новага дваццацітомнага Збору твораў Якуба Коласа.
Канстанцін АНТАНОВІЧ