Графік мабільнасці

№ 47 (865) 22.11.2008 - 28.11.2008 г

Аповед пра тое, як жыхары аднаго памежнага раёна прынялі “экіпаж” аўтаклуба за кантрабандыстаў і нават паведамілі “куды трэба”, сёння ўспрымаецца ўжо як гістарычны анекдот. Цяпер “Газелі” з творчым начыннем ведаюць і чакаюць. Таму цяжка не пагадзіцца з начальнікам упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васілём Чэрнікам: патрэба абагульніць атрыманы за гэты час досвед узнікла цалкам заканамерна. 5 лістапада ў Бялыніцкім і Магілёўскім раёнах прайшоў Рэспубліканскі семінар-практыкум, прысвечаны тым самым “Газелям”-культураношам і іх немалаважнай ролі ў выкананні Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла.

 /i/content/pi/cult/184/1902/Grafik.jpg
Тая акалічнасць, што работнікі культуры з розных куткоў краіны выправіліся па карысны для сваёй працы досвед менавіта на Магілёўшчыну, зусім невыпадковая. І не толькі таму, што “аўтапарк” мабільных устаноў культуры тут самы прадстаўнічы: лік і аўтаклубаў, і кінаперасовак дакладна адпавядае колькасці раёнаў вобласці, а ў 13 з іх ёсць яшчэ і бібліобусы. Рэспубліканскі семінар стаў свайго кшталту “смятанкай” той грунтоўнай працы, якая праводзілася на Магілёўшчыне цягам усяго года. Абласны агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы аўтаклубаў, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне культуры і Магілёўскі абласны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы, прадугледжваў не толькі спаборніцтва канцэртных праграм па розных намінацыях, але і тры семінары-практыкумы на базе раёнаў вобласці.

Транспарт аднолькавы, а начынне — рознае

Здавалася б, функцыя мабільных устаноў культуры настолькі простая і адназначная, што паглыбленае раскрыццё гэтай тэмы нават залішняе. Але ў Бялынічах, адкуль пачынаўся маршрут семінара, усе ахвотныя маглі пераканацца: гэта не зусім і не заўсёды так. Напрыклад, тая акалічнасць, што ў мястэчку ёсць выдатны мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі, унесла карэктывы ў працу аўтаклуба. У маланаселеныя вёскі ён возіць не толькі канцэрты, спектаклі і абрадавыя святы, але і перасоўныя выстаўкі. І для вобласці гэта, дарэчы, характэрна: транспарт у кожным з раёнаў збольшага аднолькавы, а вось начынне перасоўных устаноў культуры можа моцна розніцца, у залежнасці ад рэгіянальных асаблівасцей.

На адкрыцці семінара начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец адзначыў, што праца аўтаклубаў вобласці грунтуецца на вывучэнні патрэб канкрэтнай мэтавай аўдыторыі.

А ў многіх раёнах Магілёўшчыны аўтаклуб не абмяжоўваецца адно сферай культуры, таму ў салоне “Газелі” хапае таксама месцаў і для старшынь сельсаветаў, сацыяльных работнікаў, лекараў... Да таго ж, як адзначыў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Аляксандр Варонін, апрача абслугоўвання маланаселеных вёсак, аўтаклуб задзейнічаны і ў самых розных грамадска-палітычных мерапрыемствах — ад жніва да выбарчай кампаніі. На тое гэтыя ўстановы і носяць назву мабільных, каб аператыўна рэагаваць на пастаўленыя задачы.

— Так, у нашым раёне яны са сваёй задачай спраўляюцца, — запэўніў карэспандэнта “К” старшыня раённай адміністрацыі. — Самае важнае, што людзі іх ужо чакаюць. Яны ведаюць дакладны час прыезду аўтаклуба ў іх вёску і нават не сумняваюцца ў тым, што ён раптам зменіць маршрут або затрымаецца ў дарозе. Спадзевы на сустрэчы з культурай заўсёды спраўджваюцца. А ў маланаселеных пунктах яны, паверце, вельмі патрэбныя.

Ад гармоніка да ноутбука

У дзень семінара на пляцоўцы каля Дома культуры знакамітага аграгарадка “Усход”, што непадалёк ад абласнога цэнтра, адбыўся сапраўдны парад перасоўных устаноў культуры Магілёўшчыны — і, у адначассе, кірмаш ідэй. Пад рокат генератараў, якія і забяспечваюць мабільнасць, кожная з устаноў дэманстравала згенерыраваныя пад час сваёй працы задумы. Апрача душэўных песень пад гармонік, сёння перасоўная ўстанова культуры можа прапанаваць і дзіцячае свята з роставымі лялькамі, і знаёмства з традыцыйнымі рамёствамі, і прагляд DVD-фільма на вялікім экране.
 /i/content/pi/cult/184/1902/Grafik2.jpg

А ў салоне машыны Крычаўскай ЦБС дырэктар установы Валянціна Бачкова паказвае сучасны ноутбук, з дапамогай якога прагныя да высокіх тэхналогій вяскоўцы раёна могуць выйсці ў Інтэрнет. Бібліятэкары кажуць, што пэўны попыт на гэтую паслугу ёсць, хоць і невялікі, бо сярэдні ўзрост жыхароў маланаселеных вёсак зашкальвае далёка за “пенсійную” адзнаку. Але паслуга гэтая ўсё адно патрэбна не толькі дзеля пахвальбы. Бо мэта мабільных устаноў культуры — як, зрэшты, і ўсёй Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, у рамках якой яны і пачалі аднаўляць сваю дзейнасць, — заключаецца ў тым, каб вясковыя жыхары не пачуваліся абдзеленымі ў плане сваіх магчымасцей далучыцца да здабыткаў сучаснай цывілізацыі. Урэшце, не заўсёды попыт нараджае прапанову — бывае і наадварот.

“Кірмаш ідэй” прадоўжыўся ўжо ў будынку ДК, дзе аўтаклубы, прызнаныя на Магілёўшчыне лепшымі, дэманстравалі свае прэзентацыі. Семінар супаў з падвядзеннем вынікаў абласнога агляду-конкурсу і ўзнагароджаннем пераможцаў. Прычым не толькі дыпломамі.

— У нас на Магілёўшчыне чайнікі на такіх конкурсах ужо даўно не дораць, — пасміхнуўся з гэтай нагоды дырэктар метадычнага цэнтра Алег Хмялькоў. І — выклікаў здзіўленне ўсіх прысутных, агучыўшы “прызавыя” сумы: уладальнік першага месца атрымаў чатыры мільёны рублёў, другога — тры, трэцяга — два, і яшчэ тры заахвочвальныя прэміі па мільёну!

Пагадзіцеся, калі конкурс становіцца магчымасцю не толькі заявіць пра сябе, але і ўдасканаліць матэрыяльную базу сваёй установы (між іншым, сярод мэт і задач конкурсу Чорным па белым была прапісана і такая), імпэту ў яго ўдзельнікаў куды болей. Гэта засведчыла і ўбачаная праграма, кожны пункт якой вылучаўся сваёй вынаходлівасцю.

Свята на зацішных вуліцах

Нумар галоўных пераможцаў конкурсу — каманды аўтаклуба Магілёўскага раёна — быў не толькі дынамічным і відовішчным, але і павучальным. Работнікі культуры, апранутыя ў касцюмы пажарных, упляталі ў песеннае рэчышча канкрэтныя парады, датычныя супрацьпажарнай бяспекі. Так, толькі сёлета за кошт раённых сродкаў было набыта 17 камплектаў касцюмаў для аматарскіх калектываў.

А па заканчэнні канцэрта ўдзельнікі семінара пакінулі цёплую залу, каб увачавідкі стаць сведкамі работы аўтаклубаў у “палявых умовах”. Аўтобусы развезлі іх па маланаселеных вёсках раёна.

— Пазіраючы на твары слухачоў, сапраўды пераконваешся, што праца аўтаклубаў вельмі патрэбная, — падзялілася пад час канцэрта сваімі ўражаннямі дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУКіМ Алена Макарава. Даклад Алены Аляксандраўны ўразіў удзельнікаў семінара грунтоўнымі тэарэтычнымі выкладкамі і канцэптуальным узроўнем асэнсавання рэалій беларускай культуры.

…Асобнага абзаца, без сумневу, варты ўзровень арганізацыі гэтага семінара. Ён папраўдзе ўражваў. Насычаная праграма мерапрыемства была “зрэжысіравана” літаральна па хвілінах, а кожны з яго ўдзельнікаў атрымаў важкі пакунак з інфармацыйнымі матэрыяламі, карыснымі для далейшай працы. Спецыяльна да семінара метадычны цэнтр уласнымі сіламі выпусціў 70-старонкавы каляровы каталог, які змяшчаў не толькі шчодра праілюстраваную інфармацыю пра дзейнасць перасоўных устаноў культуры вобласці, але і самыя адметныя сцэнарыі. А ўбачыць аўтаклубы ў дзеянні дапамог фільм, створаны і растыражаваны на DVD работнікамі Цэнтра.

Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Фота аўтара