Тая акалічнасць, што работнікі культуры з розных куткоў краіны выправіліся па карысны для сваёй працы досвед менавіта на Магілёўшчыну, зусім невыпадковая. І не толькі таму, што “аўтапарк” мабільных устаноў культуры тут самы прадстаўнічы: лік і аўтаклубаў, і кінаперасовак дакладна адпавядае колькасці раёнаў вобласці, а ў 13 з іх ёсць яшчэ і бібліобусы. Рэспубліканскі семінар стаў свайго кшталту “смятанкай” той грунтоўнай працы, якая праводзілася на Магілёўшчыне цягам усяго года. Абласны агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы аўтаклубаў, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне культуры і Магілёўскі абласны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы, прадугледжваў не толькі спаборніцтва канцэртных праграм па розных намінацыях, але і тры семінары-практыкумы на базе раёнаў вобласці.
Здавалася б, функцыя мабільных устаноў культуры настолькі простая і адназначная, што паглыбленае раскрыццё гэтай тэмы нават залішняе. Але ў Бялынічах, адкуль пачынаўся маршрут семінара, усе ахвотныя маглі пераканацца: гэта не зусім і не заўсёды так. Напрыклад, тая акалічнасць, што ў мястэчку ёсць выдатны мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі, унесла карэктывы ў працу аўтаклуба. У маланаселеныя вёскі ён возіць не толькі канцэрты, спектаклі і абрадавыя святы, але і перасоўныя выстаўкі. І для вобласці гэта, дарэчы, характэрна: транспарт у кожным з раёнаў збольшага аднолькавы, а вось начынне перасоўных устаноў культуры можа моцна розніцца, у залежнасці ад рэгіянальных асаблівасцей.
На адкрыцці семінара начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец адзначыў, што праца аўтаклубаў вобласці грунтуецца на вывучэнні патрэб канкрэтнай мэтавай аўдыторыі.
А ў многіх раёнах Магілёўшчыны аўтаклуб не абмяжоўваецца адно сферай культуры, таму ў салоне “Газелі” хапае таксама месцаў і для старшынь сельсаветаў, сацыяльных работнікаў, лекараў... Да таго ж, як адзначыў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Аляксандр Варонін, апрача абслугоўвання маланаселеных вёсак, аўтаклуб задзейнічаны і ў самых розных грамадска-палітычных мерапрыемствах — ад жніва да выбарчай кампаніі. На тое гэтыя ўстановы і носяць назву мабільных, каб аператыўна рэагаваць на пастаўленыя задачы.
— Так, у нашым раёне яны са сваёй задачай спраўляюцца, — запэўніў карэспандэнта “К” старшыня раённай адміністрацыі. — Самае важнае, што людзі іх ужо чакаюць. Яны ведаюць дакладны час прыезду аўтаклуба ў іх вёску і нават не сумняваюцца ў тым, што ён раптам зменіць маршрут або затрымаецца ў дарозе. Спадзевы на сустрэчы з культурай заўсёды спраўджваюцца. А ў маланаселеных пунктах яны, паверце, вельмі патрэбныя.
Ад гармоніка да ноутбукаУ дзень семінара на пляцоўцы каля Дома культуры знакамітага аграгарадка “Усход”, што непадалёк ад абласнога цэнтра, адбыўся сапраўдны парад перасоўных устаноў культуры Магілёўшчыны — і, у адначассе, кірмаш ідэй. Пад рокат генератараў, якія і забяспечваюць мабільнасць, кожная з устаноў дэманстравала згенерыраваныя пад час сваёй працы задумы. Апрача душэўных песень пад гармонік, сёння перасоўная ўстанова культуры можа прапанаваць і дзіцячае свята з роставымі лялькамі, і знаёмства з традыцыйнымі рамёствамі, і прагляд DVD-фільма на вялікім экране.
А ў салоне машыны Крычаўскай ЦБС дырэктар установы Валянціна Бачкова паказвае сучасны ноутбук, з дапамогай якога прагныя да высокіх тэхналогій вяскоўцы раёна могуць выйсці ў Інтэрнет. Бібліятэкары кажуць, што пэўны попыт на гэтую паслугу ёсць, хоць і невялікі, бо сярэдні ўзрост жыхароў маланаселеных вёсак зашкальвае далёка за “пенсійную” адзнаку. Але паслуга гэтая ўсё адно патрэбна не толькі дзеля пахвальбы. Бо мэта мабільных устаноў культуры — як, зрэшты, і ўсёй Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, у рамках якой яны і пачалі аднаўляць сваю дзейнасць, — заключаецца ў тым, каб вясковыя жыхары не пачуваліся абдзеленымі ў плане сваіх магчымасцей далучыцца да здабыткаў сучаснай цывілізацыі. Урэшце, не заўсёды попыт нараджае прапанову — бывае і наадварот.
“Кірмаш ідэй” прадоўжыўся ўжо ў будынку ДК, дзе аўтаклубы, прызнаныя на Магілёўшчыне лепшымі, дэманстравалі свае прэзентацыі. Семінар супаў з падвядзеннем вынікаў абласнога агляду-конкурсу і ўзнагароджаннем пераможцаў. Прычым не толькі дыпломамі.
— У нас на Магілёўшчыне чайнікі на такіх конкурсах ужо даўно не дораць, — пасміхнуўся з гэтай нагоды дырэктар метадычнага цэнтра Алег Хмялькоў. І — выклікаў здзіўленне ўсіх прысутных, агучыўшы “прызавыя” сумы: уладальнік першага месца атрымаў чатыры мільёны рублёў, другога — тры, трэцяга — два, і яшчэ тры заахвочвальныя прэміі па мільёну!
Пагадзіцеся, калі конкурс становіцца магчымасцю не толькі заявіць пра сябе, але і ўдасканаліць матэрыяльную базу сваёй установы (між іншым, сярод мэт і задач конкурсу Чорным па белым была прапісана і такая), імпэту ў яго ўдзельнікаў куды болей. Гэта засведчыла і ўбачаная праграма, кожны пункт якой вылучаўся сваёй вынаходлівасцю.
Свята на зацішных вуліцахНумар галоўных пераможцаў конкурсу — каманды аўтаклуба Магілёўскага раёна — быў не толькі дынамічным і відовішчным, але і павучальным. Работнікі культуры, апранутыя ў касцюмы пажарных, упляталі ў песеннае рэчышча канкрэтныя парады, датычныя супрацьпажарнай бяспекі. Так, толькі сёлета за кошт раённых сродкаў было набыта 17 камплектаў касцюмаў для аматарскіх калектываў.
А па заканчэнні канцэрта ўдзельнікі семінара пакінулі цёплую залу, каб увачавідкі стаць сведкамі работы аўтаклубаў у “палявых умовах”. Аўтобусы развезлі іх па маланаселеных вёсках раёна.
— Пазіраючы на твары слухачоў, сапраўды пераконваешся, што праца аўтаклубаў вельмі патрэбная, — падзялілася пад час канцэрта сваімі ўражаннямі дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУКіМ Алена Макарава. Даклад Алены Аляксандраўны ўразіў удзельнікаў семінара грунтоўнымі тэарэтычнымі выкладкамі і канцэптуальным узроўнем асэнсавання рэалій беларускай культуры.
…Асобнага абзаца, без сумневу, варты ўзровень арганізацыі гэтага семінара. Ён папраўдзе ўражваў. Насычаная праграма мерапрыемства была “зрэжысіравана” літаральна па хвілінах, а кожны з яго ўдзельнікаў атрымаў важкі пакунак з інфармацыйнымі матэрыяламі, карыснымі для далейшай працы. Спецыяльна да семінара метадычны цэнтр уласнымі сіламі выпусціў 70-старонкавы каляровы каталог, які змяшчаў не толькі шчодра праілюстраваную інфармацыю пра дзейнасць перасоўных устаноў культуры вобласці, але і самыя адметныя сцэнарыі. А ўбачыць аўтаклубы ў дзеянні дапамог фільм, створаны і растыражаваны на DVD работнікамі Цэнтра.
Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Фота аўтара