— Леанід Канстанцінавіч, выступленні калектыву вы часта адкрываеце песняй “Прызнанне Радзіме”. Як узнікла гэтая кампазіцыя? Пэўна, вас натхнілі вершы?
— Не, спачатку была музыка. Без аніякага заказу ці конкурсу, проста душу пацягнула — і мелодыя нарадзілася быццам сама. Так звычайна і бывае: калі песня не напішацца літаральна за паўгадзіны, на адным дыханні, яна будзе вымучанай, і гэта адразу адчуюць слухачы. Трэба пісаць шчыра і тое, што табе блізка. Мяне не спакушаюць, як я іх называю, прыпеўкі-бразгушкі, дзе фраза з трох нот паўтараецца да тае пары, пакуль канчаткова не завісне ў вушах. А ў душу не западае! Сёння ўсе імкнуцца напісаць хіт і прачнуцца знакамітым з кучай грошай. А песня павінна трапляць у душу, каб чалавек хацеў яе яшчэ раз пачуць, пра штосьці задумацца. Мне бліжэй тая лірычная патрыётыка, што працягвае традыцыі нашых класікаў: Уладзіміра Алоўнікава, Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, у якога я заканчваў асістэнтуру-стажыроўку нашай кансерваторыі.
— Я дадала б яшчэ Юрыя Семяняку з ягонай песняй “Люблю цябе, Белая Русь” на словы знанага паэта Уладзіміра Карызны. Вы адразу вырашылі, што ваша песня будзе прысвечана Беларусі?
— Так, бо музыка атрымалася лірычнай, пафасна прыгожай. Нават назва адразу склалася — “Радзіма”. Потым яна толькі ўдакладнілася: “Прызнанне Радзіме”. З паэтам Леанідам Пран-
чаком мы супрацоўнічаем і сябруем ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Ён цудоўна адчувае музыку і вельмі тонка, адухоўлена інтэрпрэтуе лірыка-патрыятычную тэму. Я звярнуўся да яго, і ён напісаў вершы. Песня ўзнікла ў 2019-м, але каранавірус стрымліваў канцэртную дзейнасць. Цяпер мы зноў гастралюем, і гэтая песня — адна з самых любімых публікацый. Саліруе Таццяна Лазоўская, задаючы ўзнёсла-святочны тон.
— Вашы творы — пераважна светлыя. Асабіста для мяне вы асацыюецеся з вашай музыкай да мультфільма “Светлячок і Расінка”, нават з яго героем, бо заўжды выпраменьваеце святло і дабрыню. А між тым ваша дзяцінства прыпала на вельмі складаны пасляваенны час.
— Я нарадзіўся ў 1947-м, у Гродне, і дзяцінства тады ва ўсіх было прыблізна аднолькавым: разруха, камунальныя кватэры. А самае каштоўнае — чалавечыя зносіны, сяброўства. З суседзямі па камуналцы мы былі адной сям’ёй: і ежу прыгатуюць, і за дзецьмі прыглядзяць. Мой бацька ваяваў, яшчэ з вайны граў на баяне. Маці ў хоры аматарскім спявала, дый дома яны спеваў не цураліся, любілі музыку ўсёй душой. Яшчэ тады ўсе слухалі радыё, і ў нас дома таксама быў чорны круглы рэпрадуктар, адкуль ліліся песні ў выкананні Клаўдзіі Шульжэнка, Трошына, Марка Бернеса, а па вечарах і оперы трансляваліся. Так што аддаў мяне бацька ў музычную школу, на баян.
— Усе вашы сябры ў двары гуляюць, а вы над гамамі пакутуеце.
— Было і такое: хлопцы ў вайнушку гуляюць, я чую іх галасы ў двары, але па загадзе бацькі павінен штодзень займацца на баяне — як мінімум па гадзіне. Але ж вучыцца музыцы было лёгка і цікава. У мяне абсалютны слых, таму дыктакты па сальфеджыа, якія іншым цяжка даюцца, з аднаго прайгравання пісаў. Потым там жа, у Гродне, было ў мяне музычнае вучылішча. І пачаў сачыняць. Нават на дзяржаўных іспытах і на баяне свой твор іграў і дырыжыраваў сваім творам з аркестрам. А старшынёй камісіі прыехала кампазітар Эдзі Тырманд — і прапанавала нам з Віктарам Войцікам (а мы з ім з першага класа разам вучыліся і сябравалі) паступаць у кансерваторыю не на баян, а на кампазіцыю, да Анатоля Багатырова. Так і склалася.
— Вы атрымалі профільную акадэмічную адукацыю. Сярод вашых твораў — кантаты, дзве сімфоніі, музыка для тэатра і кіно, безліч песень, надзвычай яркія харавыя творы, што сталі нацыянальнай класікай. А як вы засвоілі камп’ютар?
— Пасля 60-ці гадоў пачаў вучыцца нанова. Увогуле любая прафесія, любая справа патрабуе, каб чалавек вучыўся ёй усё жыццё. А як іначай? Асабліва ў наш час, калі ўсё так хутка змяняецца. Думаў, ніколі не засвою ўсе гэтыя разумныя праграмы. Ажно не, цяпер усё раблю за кампом. Зразумела, ніводны самы прасунуты гаджэт не заменіць чалавека, яго фантазію і талент. Можна навучыць машыну нават музыку ствараць — па ўсіх правілах гармоніі. Але ж ці будзе ў тыя творы ўкладзена сэрца? Чалавечыя думкі, энергетыка? Затое камп’ютар вельмі палягчае працу: не трэба перапісваць, можна ўсё хутка паправіць, адразу праслухаць гучанне. І ўсе аранжыроўкі заўсёды сам раблю.
— Ранейшыя творы таксама патрабуюць камп’ютарнага набору. Вы штосьці ў іх перарабляеце, рэдагуеце?
— Праз 20 гадоў я вярнуўся да харавых “Песень беларускага Паазер’я”, што былі створаны на народныя словы з аднайменнай кнігі доктара мастацтвазнаўства, этнамузыколага Зінаіды Мажэйка. Іначай зірнуў на свае апрацоўкі беларускіх народных песень для хору а capella. Раней я пісаў найперш на эмоцыях, цяпер уклаў іх у больш строгую прафесійную сістэму. І тыя апрацоўкі сталі настолькі вольнымі, што ператварыліся практычна ў аўтарскія творы, насычаныя водарам народнай песеннасці. Вось так з самага пачатку трэба было іх рабіць! Збіраюся выдаць гэтыя харавыя партытуры. Яны няпростыя па музычным змесце, па гучанні, але даволі простыя па выкананні: кожны з галасоў развіваецца адпаведна лінеарнай логіцы, што ўласціва фальклору і самому спеўнаму мысленню. Між іншым, апошнім часам я аднаўляю і прыводжу ў парадак не толькі ўласныя творы. З ансамблем “Бяседа” зрабілі песню “Адлятаюць гусі” Уладзіміра Будніка на словы Аляксандра Лягчылава. Абодвух творцаў ужо няма з намі, а песня набыла новае дыханне. Захацелася дадаць у яе свайго стаўлення, унесці некаторыя папраўкі ў музыку, у тэкст, развіць драматургію, як таго патрабаваў сам матэрыял і сучасныя мастацкія рэаліі.
— Год гістарычнай памяці паўплываў?
— Гэта трэба рабіць незалежна ад круглых дат, знакавых падзей і прынятых лозунгаў. Яны могуць стаць хіба дадатковай нагодай, падштурхнуць тых, хто раней пра гэта не задумваўся. А памяць павінна быць з намі заўсёды. Без яе няма не толькі мінулага, але і сучаснасці і будучыні.
— Слова “памяць”, як мне здаецца, для вас увогуле знакавае. Гэта і песенны цыкл “Памяць”, і безліч асобных песень пра вайну і Перамогу.
— Сёлета да свята мы запісалі з “Бяседай” маю колішнюю песню на словы паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня “Буйніцкае поле”. Гэта свяшчэннае месца непадалёк ад Магілёва, дзе ў 41-м ішлі напружаныя баі і дзе сёння ўзведзены мемарыял. Саліруе маладая ўдзельніца нашага ансамбля Настасся Грыгор’ева.
— Пра моладзь вы дбаеце больш, чым хто: часцяком “журыце” на конкурсах, дзе вылучаеце найлепшых. Вось і гэтымі днямі — вы зноў у журы Рэспубліканскага творчага конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, які праходзіць ужо ў 11-ы раз.
— З кожным разам удзельнікаў становіцца ўсё больш, конкурс мае добры розгалас. За мінулыя гады праз яго прайшлі больш як тры тысячы дзяцей, падлеткаў, юнакоў і дзяўчат. Мы працавалі і па дасланых запісах, у час пандэміі ладзіліся праслухоўванні анлайн. Сёлета да другога туру, што праходзіць жыўцом у вялікай студыі Дома радыё, дапушчана 337 удзельнікаў (а сярод іх ёсць не толькі салісты, але і калектывы) па сямі намінацыях. А трэба ж іх не толькі праслухаць, але і годна ацаніць — прафесійна і сумленна. Зразумець, у каго які патэнцыял. Калі трэба, даць парады. Заўважыць, падтрымаць. Гэты конкурс невыпадкова стаў адным з самых прэстыжных: галоўнай узнагародай на ім становяцца не грошы ці памятныя статуэткі-сувеніры, а магчымасць зрабіць прафесійныя, высакаякасныя студыйныя запісы, патрапіць у эфір. Гэта не што іншае, як пачатковая раскрутка. Цудоўны старт для далейшых творчых здзяйсненняў. Ну а на журы — адказнасць неверагодная. Але яно таго вартае! Бо глядзіш, колькі адораных, добра падрыхтаваных музыкантаў збіраецца, і разумееш, што ў нашай нацыянальнай культуры ёсць не толькі моцныя карані, але і разгалінаваныя маладыя парасткі — ёсць будучыня.