Сцэна са спектакля "Час жыцця". Фота Таццяны Матусевіч
Спектакль пастаўлены па п’есе “Сола для гадзінніка з боем” славацкага драматурга Освальда Заградніка. У мінулыя дзесяцігоддзі п’еса, створаная ў 1972-м, была вельмі запатрабаванай і абышла многія савецкія тэатры, карыстаючыся прыхільнасцю выканаўцаў і поспехам у публікі. Яна ўяўляе сабой варыяцыі на вечную тэму бацькоў і дзяцей, а ў дадзеным выпадку — дзядоў і ўнукаў. Штотыдзень па пятніцах у маленькай кватэры былога ліфцёра збіраюцца яго сябры з пансіяната для састарэлых. Жыццё ў іх віруе! Гэта здзіўляе ўнука і ягоную нявесту, якія таксама хацелі б звіць тут утульнае сямейнае гняздзечка — вядома, без старых. Але раптам праз бездань між пакаленнямі пачынаюць намацоўвацца масткі паразумення.
Жанр цяперашняга спектакля азначаны як “звычайная гісторыя”. Незвычайнай яе робяць знакамітыя акцёры, імя кожнага з якіх упісана залатымі літарамі ў нацыянальную тэатральную культуру: у спектаклі ў розных складах заняты народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, Зінаіда Зубкова, заслужаныя артысты Тамара Мікалаева-Апіёк, Уладзімір Рагаўцоў. А побач з імі — тыя, хто ўліўся ў калектыў адносна нядаўна: Васіль Сушыцкі, Сяргей Бірульчык, Таіса Увядзенская і іншыя.
Пастаноўку ажыццявіў рэжысёр Ігар Малаў. Калісьці ён плённа працаваў у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, потым стаў вольным мастаком і супрацоўнічаў з многімі расійскімі тэатрамі — ад Таганрога да Варкуты, паўсюль знаходзячы падтрымку і прызнанне, прычым з абодвух бакоў рампы. Мастаком-пастаноўшчыкам выступіў Аляксандр Камянец, больш вядомы працай у кіно і на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”. А між тым з тэатрам Янкі Купалы ў яго сувязі трывалыя: у 2010-я цягам сямі гадоў ён узначальваў яго мастацка-бутафорскі цэх. Музыку напісаў Леанід Шырын, знакаміты шматлікімі эстраднымі хітамі і першым беларускім мульцімюзіклам “Зоркі сёмага неба”.
Бліжэйшыя паказы прэм’ернага спектакля — 10 і 25 мая. Будзе вельмі цікава, прыходзьце!