Віват, “Санорус”!

№ 18 (1561) 30.04.2022 - 06.05.2022 г

4 мая ў Белдзяржфілармоніі з нагоды 30-гадовага юбілею Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь музычная капэла “Санорус” рыхтуе ўнікальную праграму, напоўненую яркім сонечным святлом і святочнай атмасферай.

/i/content/pi/cult/902/19003/sonorus1.jpg

Фота: sonorus.by

Праграма адпавядае розным граням музычнавыканальніцкай дзейнасці капэлы. У першым аддзяленні ў выкананні аркестра прагучыць прэм'ера сачынення аднаго з вядучых сучасных кампазітараў Беларусі Вячаслава Кузняцова. Свой твор — сімфанічную фрэску “Зіхоткі дзень” — ён спецыяльна напісаў да юбілею калектыву. Таксама аркестр сумесна з піяністам Аляксандрам Данілавым выканае шэдэўр рамантычнай музыкі – парывісты і адначасова паэтычны і жыццярадасны канцэрт №2 для фартэпіяна з аркестрам фа мінор Фрэдэрыка Шапэна.

Другое аддзяленне адкрыецца прэм'ерным для Беларусі выкананнем твора сучаснага латышскага кампазітара Георга Пелецыса “Алілуя” для змешанага хору a cappella. Гэты твор стане своеасаблівым эпіграфам да напоўненага аптымізмам і сонечным святлом “Магніфікату” брытанскага кампазітара Джона Ратэра, які прагучыць у выкананні салісткі Вялікага тэатра Беларусі Вольгі Маліноўскай (сапрана), хору і аркестра капэлы.

Безумоўна, 30-гадовы юбілей музычнай капэлы “Санорус” — добрая магчымасць, каб шырэй распавесці і пра яе дасягненні. Капэла “Санорус” была створаная ў 1992 годзе вядомым музычным дзеячам Аляксеем Шутам і з’яўляецца адным з нямногіх прафесійных калектываў у Беларусі, дзе на пастаяннай аснове ў сімфанічным аркестры і хоры працуюць высокапрафесійныя артысты, музыканты і салісты — пераможцы розных міжнародных конкурсаў.

За трыццацігадовую гісторыю капэла надзейна заняла сваю нішу ў беларускім музычным жыцці. Своеасаблівасць творчасці калектыву заключаецца ў тым, што яго праграмы нароўні з жывым музычным суправаджэннем уключаюць у сябе элементы драматургіі. Штогод рэпертуар капэлы папаўняецца 10-14 новымі праграмамі. У насамрэч велізарны рэпертуар капэлы ўваходзіць больш за 1000 твораў розных эпох і жанраў: оперы, аперэты, кантаты, араторыі і камерныя канцэрты; рок-балады, песні сучаснай эстрады і спектаклі для дарослых і дзяцей. Капэла выконвае творы духоўнай і свецкай музыкі беларускіх і замежных кампазітараў мінулых стагоддзяў і сучаснасці, актыўна супрацоўнічае з сучаснымі аўтарамі, прапагандуе беларускае музычнае мастацтва ў кантэксце сучаснай еўрапейскай і сусветнай культуры.