Вярнуцца ў вёску

№ 13 (1556) 26.03.2022 - 01.04.2022 г

Іван Шамякін напісаў "Сэрца на далоні", "Атланты і карыятыды" і першым пераканаўча давёў, што краіна наша — далёка не вясковая. Дыпламаваная інтэлігенцыя спрабавала шукаць і знаходзіць сэнс жыцця сярод гарадскіх гмахаў. Прататыпы герояў "Трывожнага шчасця", а дакладней дзеці хлебаробаў, станавіліся пісьменнікамі, настаўнікамі, урачамі, архітэктарамі… Яны выйшлі з вёскі, аднак далёка не ўсе здолелі вярнуцца. Праз пакаленне ў сваю "Вёску" запрасіў Андрэй Федарэнка. Для таго, каб успомніць, хто мы і для чаго мы.

/i/content/pi/cult/896/18950/5.jpgБез вясковай, як у нас казалі, цямкасці, без, так бы мовіць, аўтэнтычнай павагі да бацькоў і святой веры ў сваю сялянскую годнасць горад не пабудаваць і ў ім не пражыць. Горад  — усяго толькі сын вёскі, а сын павінен час ад часу вяртацца туды, дзе пад ганкам закапана яго пупавіна. Мо ўсе нашы беды ад таго, што вёска застаецца без нашай цеплыні? Хто з вас бачыў папараць-кветку? Вось пра тое і гаворка.

Між тым роля беларускай літаратуры тут  — лёсавызначальная. Як падаецца, мала наладзіць у сельскай бібліятэцы кніжную выставу з нагоды юбілею Песняроў, мала прыгожа яе назваць. Спярша варта патлумачыць чытачу, кім былі гэтыя вясковыя хлопцы, кім сталі, у імя чаго жылі і памерлі. Я пісаў ужо, як на вясковай вуліцы выпадковы мінак не старога яшчэ веку чытаў нам на памяць "Новую зямлю". Якуб Колас меў сталічную прапіску, але жыў у кожнай нашай вёсачцы. Вы разумееце, пра што я.

ЗА НАШУ ЛІТАРАТУРУ

Так, гарадская проза не ўзнікла сама па сабе. Коды жыцця і смерці каласяцца не толькі на палетку беларускага ручніка. Яны зафіксаваны на генным узроўні нават у душы тых, хто ніколі не бачыў весніц. Я магу памыляцца, аднак выяўленне і настройка гэтых генаў  — частка бібліятэчнага клопату. Няхай чытач пазнаёміцца з "Яўгенам Анегіным" у перакладзе Аркадзя Куляшова. Страва  — для сапраўднага гурмана. Не лішнім будзе прачытаць перастварэнні Уладзіміра Скарынкіна  — уладальніка прэміі Італіі і прэміі міжнароднага таварыства "Дантэ" за пераклад "Боскай камедыі". Калі пераклады цудоўныя, дык што казаць пра самі беларускія кнігі! Як па мне, дык асноўны бібліятэчны абавязак  — пераканаць на асабістым прыкладзе, што без ведання твораў Яна Баршчэўскага, Міхася Зарэцкага, Уладзіміра Караткевіча, Леаніда Дайнекі, Леаніда Галубовіча (і многіх, многіх іншых) жыццё наша не будзе такім яркім і незабыўным.

“ДЗЯРЖАВА — ГЭТА МЫ”

Маладзёжны квэст пад такой назвай прайшоў у Лідскім палацы культуры. Капітаны каманд па маршрутнай карце выпраўляліся ў вандроўку па "станцыях". На кожнай іх чакалі пытанні, звязаныя з дзяржаўнасцю Беларусі. Адказы, як пераконваюць супрацоўнікі ўстановы культуры, былі вельмі артыстычныя.

Намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч напісала: "Установы раёна адзначылі Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У Елкаўскай сельскай бібліятэцы ладзілі інфармацыйную гадзіну. У Каралінскай інтэграванай аформілі выставу-зварот "Асноўны закон нашага жыцця". У Князеўскай СБ прайшоў урок грамадзянскасці. Работнікі Зэльвенскай бібліятэкі аформілі экспазіцыю "Год гістарычнай памяці".

Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча Лідскага раёна падрыхтавала інфармацыйна-асветніцкую выставу "Мы  — дзеці адной гісторыі". Пра гісторыю вёскі казала мясцовая пісьменніца Людміла Шот. Распавяла пра гэта бібліятэкар Людміла Марціновіч.

Тэму працягвае загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Алена Цярэшка: "У Воўпаўскай сельскай бібліятэцы для мясцовых старшакласнікаў праведзена патрыятычная гадзіна. Чытачы паўдзельнічалі ў віктарынах. Гістарычны відэаконкурс "Я  — грамадзянін Рэспублікі Беларусь" ладзілі ў Шылавіцкай СБ. Калектыў Ваўкавыскай раённай бібліятэкі сустрэўся з загадчыкам натарыяльнай канторы раёна Ірынай Саўко".

Бераставіцкі раён сёння прадстаўлены Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэкай. Юных чытачоў тут здолелі зацікавіць актуальным дыялогам "Усе падлеткі павінны ведаць асноўны закон краіны".

/i/content/pi/cult/896/18950/6.jpgРЭДКІЯ ВЫДАННІ

Бібліятэкар Тамара Менская прапанавала гасцям (а гэта былі вучні гімназіі і сярэдняй школы №1) выставу пра жыццё і творчасць Цёткі. "Чытачы пазнаёміліся з кніжнымі навінкамі, дзесяцікілаграмовым альбомам "Радзівілы",  — распавядае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Ірына Гудач.  — А іерэй Сергій Сямашка прадэманстраваў "Апостал" 1863 года выдання з фонду царквы Святога Архангела Міхаіла". Як па мне, дык менавіта такія нестандартныя мерапрыемствы прышчапляюць любоў да чытання і кнігі. Ведаю некалькі бібліяманаў, якія збіраюць кнігі з абдрукоўкамі і паліграфічнымі памылкамі. Выстава такіх выданняў таксама прываблівае ўвагу патэнцыйнага чытача. А яшчэ адзін сябрук усё жыццё складае калекцыю мініяцюрных выданняў. Па ягоных словах, кніжка-"малышка" вершаў Іосіфа Бродскага пабачыла свет у адным з мінскіх выданняў. Асабіста я валодаю мініяцюрным выданнем карацелек Янкі Брыля з аўтографам аўтара. Ганаруся гэтым неймаверна!

ФЕСТЫВАЛІ, ФЕСТЫВАЛІ

Мастацкі кіраўнік Палаца культуры Бабруйска Наталля Чугуева паведаміла, што ўладальнікам Гран-пры абласнога агляду-конкурсу калектываў мастацкай творчасці ветэранскіх калектываў стаў народны хор ветэранаў працы Палаца мастацтваў. Кіраўнік  — Лізавета Андрэйкіна, хормайстар  — аўтарка допісу, канцэртмайстар  — Міхаіл Рамашко. Гэткай жа высокай узнагароды ўдастоіўся ўдзельнік хору Анатоль Нартымаў, які мае да ўсяго яшчэ і здольнасці мастацкага чытальніка.

"Вось ужо восьмы раз адкрыты фестываль выканаўцаў на струнных інструментах збірае таленавітых падлеткаў у сценах Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў,  — распавядае загадчык струннага народнага аддзялення Дар'я Антановіч.  — Называецца конкурс "Звініць струна". Сёлета ён пашырыў межы, уведзена новая намінацыя для выканаўцаў-салістаў. Завочна ўдзельнічалі ў мерапрыемстве больш за 90 навучэнцаў струнных аддзяленняў дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ рэспублікі. Геаграфія фестывалю ахапіла тры вобласці і Мінск!"

ЕДНАСЦЬ ПАМКНЕННЯЎ

Са Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў паведамляюць. Гаворка пра тое, як работнікі культуры раёна дапамагаюць выхавальнікам дзіцячых садкоў. Яны рэгулярна наладжваюць сюжэтна-гульнявыя праграмы для тых, хто ўмее адкрыта цешыцца, шчыра дзівіцца і весела танцаваць. Дзеці прызвычаіліся да такога сяброўства і чакаюць гасцей з нецярпеннем.

З "СЕРПАНЦІНАМ" НЕ ДА СУМУ

У аграгарадках Граўжышкі і Кальчуны, што на Ашмяншчыне¸ на гастролях пабываў народны тэатр гульні і забаў "Серпанцін" Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Дзеці названых вёсак убачылі чарговы спектакль, дзе галоўным дзейнымі асобамі выступілі мульцяшныя героі. Прагнозы здзейсніліся  — пастаноўка прайшла з аншлагам.

КАЙФ ЦІ LIFE

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла гадзіна папярэджання "Кайф ці Life". Студэнты другога курса мясцовага каледжа ўдзельнічалі ў гутарцы пра шкоду наркотыкаў. Напісала пра гэта Дар'я Марцінкевіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Аналагічнае мерапрыемства правялі работнікі культуры Ашмянскага раёна. Вельмі дарэчным аказаўся буктрэйлер па кнізе Яўгена Хвалея "Прынцэса з тусоўкі".

Беражыце сябе, шаноўныя! Пішыце пра цікавае і падпісвайцеся на "К".

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"