Іерэй Дзмітрый Сёмуха, памочнік архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, намесніка Жыровіцкага манастыра:
— Пасля агляду манастыра шаноўнай дэлегацыяй адбылася размова адносна першасных рамонтна-рэстаўрацыйных работ, падпісанне распрацаванай дакументацыі. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава выказала слушную думку, што пры рэканструкцыі Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра важна захаваць гістарычную каштоўнасць святыні. Вызначылася, што сёння ўсю ўвагу патрэбна накіраваць на наш галоўны Успенскі сабор, дзе належыць паступова рэстаўрыраваць дах, фасады, рабіць сталярныя работы, затым заняцца падлогай і гэтак далей. Такім чынам, узгадненне ўсіх пазіцый дазволіць пачаць рэстаўрацыю ўжо з 21 сакавіка. На іншых храмах і братэрскіх карпусах манастыра таксама патрэбна праводзіць работы, але, паўтаруся, першасна — Успенскі сабор.
Неўзабаве ў парламенце адбудзецца другое чытанне выпраўленага “Кодэкса аб культуры”, пасля чаго змены ўступяць у юрыдычную сілу. Гэты дакумент рэгулюе работу ўсіх устаноў культуры, сувязь галаўных арганізацый і рэгіянальных падпарадкаванняў. Чаго чакаеце ад прыняцця новай рэдакцыі “Кодэкса аб культуры”?
Надзея Уліновіч, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:
— У нашай працы названы Кодэкс рэгулюе дзейнасць па супрацоўніцтве з вышэйстаячымі ўстановамі — упраўленнем культуры аблвыканкама і Міністэрствам культуры, і падпарадкаванымі нам раённымі ўстановамі клубнага тыпу. Спадзяюся, што пэўныя змены ў Кодэксе дазволяць нам удасканаліць нашу працу, зрабіць яе больш карыснай. З улікам усіх новаўвядзенняў мы і надалей будзем праводзіць культурна-метадычныя мерапрыемствы ў нашых раёнах.
Дарэчы, апошнім часам мы правялі абласны семінар для тэатральных кіраўнікоў Віцебшчыны, які адбыўся ў Лепелі, адборачны тур патрыятычнага конкурсу “Песні нашых айцоў”, які прайшоў у Талачыне.
У некаторых раёнах краіны застаецца актуальным замена аўтапарку ў тым ліку ва ўстановах культуры. Ці хапае аўтамабіляў ва ўстановах культуры ў Акцябрскім раёне?
Карына Курсевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці:
— Нашы ўстановы культуры нядрэнна забяспечаны аўтамабілямі. У раёне ёсць бібліобус, які абслугоўвае 21 маланаселены пункт. Ёсць мікрааўтобус у аўтаклуба, супрацоўнікі якога таксама даюць выязныя канцэрты па вёсках, а ў хуткім часе будуць дапамагаць працаўнікам палёў крыху адпачыць ад сяўбы і жніва і паслухаць найгрышы і напевы. Ёсць транспарт і ў кінатэатра, на якім па раёне развозяць кінапрэм’еры, фільмы з архіваў, мультфільмы для дзіцячай аўдыторыі. Вядома, аўтапарк заўсёды зношваецца, хоць кіроўцы падтрымліваюць яго ў належным стане, але для нашага раёна гэта праблема не крытычная.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ