Момант адкрыцця для дзіцяці

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Сёлета малодшы брат “Лістапада” Мінскі міжнародны фестываль дзіцячага і юнацкага кіно “Лістападзік” адзначае сваё дзесяцігоддзе. І хоць увосень у свеце праходзіць яшчэ некалькі аўтарытэтных кінафестываляў, запрашэнні на беларускі форум з задавальненнем прымаюць замежныя творцы і перадаюць свае новыя работы. Мяркуецца, што на сёлетнім кінафоруме будуць прадстаўлены карціны з больш чым 20 краін свету.

 /i/content/pi/cult/183/1894/Listapadzik1.jpg
Пра тое, якімі унікальнымі
рысамі “Лістападзік” прываблівае прадстаўнікоў сусветнай кінаіндустрыі, і пра яго далейшыя планы карэспандэнт “К” гутарыць з выканаўчым дырэктарам Мінскага міжнароднага фестывалю дзіцячага і юнацкага кіно Генадзем ПЛЕСКАЦЭВІЧАМ.

— Якая асаблівасць вылучае “Лістападзік” з шэрагу міжнародных кінафестываляў свету?
— Гэтак прынята, што на фестывальныя паказы часцей за ўсё адбіраюцца стужкі, разлічаныя на элітарную публіку, і дзіцячае кіно тут не выключэнне. З гэтага пункта погляду “Лістападзік” кардынальна адрозніваецца ад аналагічных форумаў. Перад беларускімі арганізатарамі ставіцца звышзадача: прывезці ў Мінск карціну не толькі высокай мастацкай якасці, але і відовішчную, зразумелую шырокаму колу. Наш фестываль становіцца ўдалым прыкладам яднання элітарнага і глядацкага кіно без шкоды для якаснага ўзроўню форуму.

— У чым вы бачыце розніцу паміж фестывальным і камерцыйным дзіцячым кіно?

— На восеньскіх канікулах у кінатэатрах па ўсёй краіне “круцілі” лёгкія стужкі, які ні да чога не абавязвалі. Дзеці пасмяяліся пад час сеансу, а пакінуўшы залу, адразу пра змест карціны забыліся. Імкнёмся, каб пасля прагляду фестывальнай праграмы “Лістападзіка” ў маленькага гледача застаўся шлейф роздумаў, разважанняў. Такое кіно дапамагае разабрацца малечы ў складаных праблемах, дае магчымасць задумацца над самымі супярэчлівымі тэмамі. Прыкладам, у гэтым годзе мы прадстаўляем школьнікам чароўныя калядныя гісторыі, прыгодніцкія фільмы, стужкі, якія закранаюць праблемы дзіцячай жорсткасці, адносіны паміж пакаленнямі.

— Наколькі складана знайсці карціны, якія б вытрымлівалі падобныя крытэрыі?

— За год я праглядаю вялікую колькасць разнастайных фільмаў. Пасада вымагае валодання інфармацыяй пра бягучы кінапрацэс ва ўсім свеце: дзе якія фільмы былі зняты, ці атрымалі стужкі шырокі рэзананс на міжнародных фестывалях. Да таго ж, за дзесяць гадоў “Лістападзік” напрацаваў шмат добрых сувязей з многімі еўрапейскімі кінастудыямі. Дзіцячага кіно ў свеце здымаецца не так многа, бо яно не прыносіць такіх вялікіх грошай, як блакбастэры для дарослых.

— Ці сутыкаліся вы з такой з’явай, калі фільм мае добры рэзананс у Еўропе, аднак беларускімі дзецьмі наўрад ці можа быць успрыняты?
 /i/content/pi/cult/183/1894/Listapadzik2.jpg
“Несцерка-3” (Беларусь).

— Так. Пад час селекцыі фільмаў мы з кінакрытыкамі ўлічваем не толькі мастацкі бок, але і некаторыя псіхалагічныя нюансы. Падчас сустракаюцца дзіцячыя стужкі, да якіх наш глядач не зусім падрыхтаваны. Тут справа ў своеасаблівым падыходзе да выхавання ў розных краінах. Возьмем, да прыкладу, Швецыю ці Нідэрланды: там здавён больш свабодныя норавы, таму ў дзіцячым кіно часам могуць сустракацца лёгкія эратычныя сцэны. Так, пра гэты бок чалавечага жыцця таксама патрэбна гаварыць на даступнай малечы мове, але іншае пытанне — якім чынам.

Тым не менш, фестывальнае кіно заўсёды прадугледжвае нейкія моманты адкрыцця як для дарослага, так і для маленькага чалавека.

— Прывезеныя на “Лістападзік” карціны заўсёды знаходзяць свайго гледача?

— Цягам дзесяцігоддзя наш фестываль выхаваў “сваю” публіку, якая кожную восень чакае сустрэчы з кінафорумам. Цікавыя стужкі, сустрэчы з папулярнымі акцёрамі і рэжысёрамі, вялікая рэкламная кампанія з кожным годам павялічваюць папулярнасць “Лістападзіка”. Але сучаснае дзіця самастойна ў кінатэатр не пойдзе, бо існуе надзвычай шмат іншых спакус: тэлевізар, DVD, камп’ютэрныя гульні, таму яго абавязкова патрэбна накіроўваць. Мы плённа супрацоўнічаем са сталічнымі школамі, якія выкупляюць асноўную частку білетаў.

 /i/content/pi/cult/183/1894/Listapadzik3.jpg
“Дзе конь Вінкі?”
(Бельгія-Нідэрланды).
— Але пад час фестывальных паказаў не раз даводзілася назіраць, як настаўнікі з большым задавальненнем гутарылі па тэлефонах у фае, чым сядзелі ў зале...

— Мяне гэтая сітуацыя вельмі засмучае. Некаторыя педагогі сапраўды прыводзяць дзяцей — і пакідаюць іх сам-насам з экранам. Здаецца, не ўсе дарослыя яшчэ ўсвядомілі функцыю кінематографа. Якасная стужка вельмі моцна ўплывае на падсвядомасць, асабліва дзіцячую. Фільмы “Лістападзіка” даюць цудоўную магчымасць шчыра абмеркаваць з навучэнцамі падлеткавыя праблемы, што, у сваю чаргу, дапаможа ўнікнуць сур’ёзных памылак. Упэўнены: наш фестываль уплывае на духоўнае сталенне дзіцяці.

— Можа, тады патрэбна было б увесці глядацкія абмеркаванні ці правесці пасля заканчэння фестывалю конкурс дзіцячых сачыненняў?

— Згодны з вамі. Падчас з вялікімі складанасцямі атрымліваецца здабыць стужкі для паказу ў Мінску, таму вельмі хочацца, каб іх па вартасці ацанілі. У фестывальны тыдзень імкнёмся арганізаваць каляфестывальныя мерапрыемствы. Прыкладам, сёлета пройдзе майстар-клас вядомых у свеце аніматараў з будучымі мультыплікатарамі, якія з верасня распачалі вучобу ў Акадэміі мастацтваў. Як паказвае практыка, трэба абавязкова вывучаць вопыт класікаў жанру.

— Святкаванне часцяком становіцца не толькі нагодай для падвядзення вынікаў, але і магчымасцю скласці планы на будучыню. Якімі вы бачыце наступныя крокі “Лістападзіка”? — У параўнанні з першымі гадамі, павялічылася колькасць краін-удзельніц, мастацкі ўзровень фестывалю. Надалей мы мяркуем пашырыць кола стужак, якія закранаюць сур’ёзныя пытанні сучаснасці. Праблемы экалогіі, сіроцтва, дыскрымінацыі, гандлю
 /i/content/pi/cult/183/1894/Listapadzik4.jpg

“Бяспека дарожнага руху” (Расія).

людзьмі расказаны на даступнай дзецям мове, гэтыя стужкі дапамогуць выхаваць неабыякавую моладзь, здольную да спачування. Хтосьці скажа, што далёка не ўсе гэтыя праблемы актуальныя менавіта для Беларусі, аднак наш кінафорум — міжнародны, таму і гаварыць мы павінны аб усім, што датычыцца малечы свету.

Крыўдна чуць меркаванні: “Дзіцячы? Фестыва-а-алік! Гэта несур’ёзна!” Як дырэктар я спадзяюся працягваць рабіць фестываль, які дапаможа дзіцяці адкрываць для сябе новы свет, упэўніць, што, калі ў цябе здарылася бяда, цябе не пакінуць аднаго, а падкажуць, як можна з ёй справіцца.

І хай гэта будуць розныя фільмы: адны заканчваюцца хэпі-эндам, а іншыя маюць трагічную канцоўку. У любым выпадку яны паставяць пытанне, на якое дзеці змогуць знайсці адказ.

Настасся ПАНКРАТАВА