— Вядома, хацелася паказаць усё, ды гэта не рэальна, — расказаў артыст хору Вячаслаў Міналькін, які апошнім часам выконваў абавязкі мастацкага кіраўніка калектыву. — У нас неабсяжны рэпертуар, і з гэтай размаітасці трэба было абраць знакавыя нумары, ключавыя моманты, якія б дэманстравалі фармат калектыву, яго кірунак, спецыфіку, народную манеру, заснаваную на аўтэнтыцы і даведзеную да канцэртнага стану. Прапанаваная мной канцэпцыя канцэрта разглядалася на мастацкім савеце, кожны ўносіў штосьці сваё — і з гэтага багацця ідэй сфарміравалася праграма. У аснову быў пакладзены каляндарна-абрадавы цыкл, адпаведны порам года. Пачалі з вясны, якая спрадвек была сімвалам нараджэння: мы ж святкуем дзень народзінаў калектыву! Першае аддзяленне завяршаецца жнівом — сімвалам дабрабыту. Другое аддзяленне (як, дарэчы, і ўвесь канцэрт) пачынаецца з відэакантэнту. Але калі на пачатку вечарыны гэта быў аповед пра калектыў, дык тут — пра людзей, што зрабілі найбольшы ўнёсак і ў яго, і, шырэй, ва ўсю нацыянальную культуру нашай краіны. Найперш гэта Генадзь Цітовіч, Міхась Дрынеўскі. Гэта наша ім падзяка! Сцэнарый абедзвюх частак фільма напісаў філолаг і музыкант, былы артыст хору Уладзімір Камароўскі.
Уласна музычная праграма другога аддзялення пачынаецца з сольных спеваў. І вельмі ж нам хацелася ўключыць у канцэрт адну з нашых “візітовак” — народную песню-баладу “Як пайду я дарогаю”. Яе апрацоўку рабіў у свой час Міхась Паўлавіч, а спявала народная артыстка Беларусі Валянціна Крыловіч, якая неўзабаве пасля яго смерці сышла з калектыву. Дзяўчаты спрабавалі за гэтую песню ўзяцца — не атрымлівалася. У Настассі Бекарэвіч таксама спачатку не атрымалася, але яна працягвала рэпеціраваць, дапамагаў ёй як пе-дагог па вакале, заслужаны артыст нашай краіны, саліст хору Васіль Браім — і маладая спявачка пачала развівацца, узрасла. А такую песню было вельмі важна захаваць у калектыве — як тую ж легендарную вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Мяцеліца”.
У другім аддзяленні ў нас пануе восень — самая, бадай, адпаведная беларускаму менталітэту пара года. Следам мы ўключылі рускі блок, каб падкрэсліць славянскае адзінства: “Казачы перапляс” дэманструе віртуознасць нашых танцоўшчыкаў. А завяршаецца ўсё не проста зімовымі святамі, а песняй “Беларусь, я табой ганаруся”. Стварыў яе наш галоўны хормайстар Уладзімір Маслакоў — на вершы Уладзіміра Карызны — старэйшага. Песня гэтая не столькі патрыятычная, колькі, я сказаў бы, скіраваная ў бок народнага адзінства, а таму надзвычай актуальная.
Тыя ж, хто не патрапіў на згаданы канцэрт, змогуць у хуткім часе ўбачыць яго па БТ-3.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ