Праца над выданнем цягнулася два гады, але да моманту выйсця з друку яно паспела... “састарэць”. Бо ў кнізе закранаецца балет “Спячая прыгажуня” П.Чайкоўскага, пастаўлены Валянцінам Мікалаевічам паводле харэаграфіі М.Пеціпа ў 2001-м, а 26 і 27 сакавіка майстар прадставіць публіцы сваю новую версію гэтай балетнай класікі. Што ні кажыце, а вельмі радасна, што пры ўсёй сваёй аператыўнасці журналістыка ну ніяк не паспявае за балетнай творчасцю.
Значыць, будзем чакаць яшчэ адну кнігу — пра цяперашнюю прэм’еру? Тым больш што ў час прэзентацыі, калі ўсіх удзельнікаў папрасілі назваць “самы-самы” фенаменальны балет галоўнага героя аповеду, генеральны дырэктар тэатра, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава адказала, што асабіста для яе гэта “Спячая прыгажуня”. Бо спектакль дае адказ на пытанне, што такое прыгажосць мастацтва. Амаль усе, пачынаючы з аўтара кнігі, называлі “Кармэн-сюіту” — першы балет Елізар’ева, пастаўлены на беларускай сцэне. Як адзначыла народная артыстка Беларусі Людміла Бржазоўская, гэты спектакль закрануў некалькі пакаленняў артыстаў, кожны з якіх уносіў у трактоўку герояў штосьці сваё. А заслужаная артыстка нашай краіны Марына Вежнавец, якая кіруе ўласнай харэаграфічнай школай, усклікнула: “У мяне 10-гадовыя дзяўчынкі хочуць танцаваць Кармэн!” Чым не сведчанне запатрабаванасці спектакля, увасобленага зусім маладым на той час балетмайстрам? Заслужаная артыстка Беларусі, загадчыца трупай балета Таццяна Шаметавец да “Кармэн” дадала “Балеро”, што нясе, на яе думку, “эфект катарсісу”. Мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, народная артыстка Беларусі Інэса Душкевіч згадала таксама “Рамэа і Джульету”, бо гэты балет ставіўся менавіта на яе ў цэнтральнай ролі. І ўсе ў адзін голас падкрэслівалі, што на такое пытанне немагчыма адказаць адназначна, бо ўсе пастаноўкі Елізар’ева адметныя сваімі знаходкамі.
Кніга стала вынікам шматгадовай цікавасці аўтара да творчасці майстра: Інэса Плескачэўская яшчэ студэнткай БДУ бегала ў Вялікі тэатр, філасофіі яго балетаў прысвяціла адну з курсавых работ. А рыхтуючы цяперашнюю кнігу (дарэчы, ужо 11-ю ў яе журналісцкай дзейнасці), ездзіла ў Мюнхен, каб запісаць інтэрв’ю з кампазітарам Радзівонам Шчадрыным, у Маскву — дзеля размовы з балетмайстрам Генрыхам Маёравым, у Кіеў — каб сустрэцца з выпускніком Елізар’ева Раду Паклітару. Была і амаль дэтэктыўная гісторыя — з пошукам кнігі водгукаў, дзе савецкія гледачы, не прывучаныя да новай харэаграфічнай эстэтыкі, называлі Елізар’ева “разбэшчвальнікам моладзі”. І было гэта ў 1976 годзе пасля яго фільма-балета “Фантазія” паводле “Веснавых водаў” Тургенева. Шмат вады ўцякло з тае пары, а балеты Елізар’ева застаюцца актуальнымі на ўсе часы.
Кніга падзелена на чатыры часткі: “Раніца”, “Поў-дзень”, “Дзень”, “Вечар”. Кожная з іх утрымлівае па некалькі раздзелаў, дзе чаргуюцца разважанні пра творчасць, і асобным пункцірам праз усю кнігу — падрабязны працэс пастаноўкі “Шчаўкунка”. У выданні змешчаны здымкі больш як 20-ці фатографаў, дададзены летапіс, літаратура і многае іншае. Апошні раздзел называецца “Не падводзячы вынікаў”. Бо тыя папаўняюцца — у прыватнасці, новай “Спячай прыгажуняй”. І, будзем спадзявацца, яшчэ многімі новымі пастаноўкамі.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ