(Працяг. Пачатак у №10)
3. ВІНАВАТЫЯ Ў ЗРЫВЕ ЎРАДАВЫХ УРАЧЫСТАСЦЯЎ
У СССР ніхто не працаваў проста так, каб працаваць. А ўсё “працоўныя пачыны”, “сустрэчныя планы”, “настаўніцтва”, “працоўныя вахты”, “абавязацельствы”, “датэрмінова”, “працоўнае спаборніцтва”, “перавыкананне плана”, “сустрэчны план”… Такая была завядзёнка.
Перад чарговым з’ездам партыі выплаўлялі звышпланавую сталь, выдавалі на-гара эшалоны вугалю, нацягвалі рэкордныя ўраджаі і надоі, вывазілі на палі ўгнаенні… арганічныя… “насустрач пленуму”.
Але там не рызыкавалі жыццём: ну, папікнуць за прыпіскі і перавядуць на іншую пасаду, часцяком больш хлебную.
Не тое — космас.
Стыкоўка “Саюза-25” планавалася ў дні святкавання 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі як доказ перамогі-перавагі савецкай эканамічнай сістэмы — планавай, канешне.
Сціплая, нейкая вымушана сухая даведка СМІ: “11 кастрычніка па заканчэнні прац на караблі “Саюз-25” касманаўты таварышы Кавалёнак і Румін вярнуліся на зямлю”.
“Ага, — скеміў савецкі народ, — “на караблі” — значыць, на станцыю яны не перабіраліся”.
Так і было.
Сведчыць у маім трэцім фільме Кавалёнак: “У няўдачы адразу абвінавацілі, канешне ж, мяне з Руміным, тым больш што абодва паляцелі ўпершыню”.
Зноў і зноў злаваўся ён за адабраны ў маці тэлевізар, за перажыты перад вяскоўцамі сорам…
Ішлі расследаванні прычын няўдачы. Але адразу асноўная версія была “віна экіпажа”, маўляў, папсавалі, сагнулі штыры на стыковачным модулі станцыі! Не жарты…
Услед паляцеў экіпаж Георгія Грэчкі — Юрыя Раманенкава. Задача: дазнацца, у чым справа, што “натварыў” Кавалёнак.
Яны яшчэ ляталі, а ад іх ужо патрабавалі справаздачу аб неабходным рамонце модуля, быццам бы пакалечанага Кавалёнкам. Іх прымушалі падпісаць акт. Грэчка выйшаў у космас, абследаваў модуль…
Я чуў у запісе яго голас: “Я выходзіў, агледзеў з адлегласці 2-3 метра. Усё ў цэласці, штыры прамыя, блішчаць, як з-пад станка”.
Тады камісія насела на Раманенкава — і той стаў угаворваць Грэчку: давай, маўляў, Жора, згадзімся падпісаць, як патрабуюць.
Але Георгій Міхайлавіч адмовіўся: “Мы тым згубім Кавалёнка”.
Уладзімір Васільевіч: “Я дагэтуль удзячны Георгію, што абараніў мяне ад паклёпу, — святы чалавек! Каб не ён, камандаваў бы я цяпер гарнізонам на Далёкім Усходзе ў Завітуе. Сустракаемся з Раманенкавым — адводзіць Юра вочы: абодва ж ведаем праўду”.
4. АД БЕЛАРУСІ — “ПАБОЧНЫ ЭФЕКТ”
Касманаўтамі-землякамі Беларусь ганарылася. Але пры тым дзясяткі беларускіх вучоных, канструктараў, распрацоўшчыкаў, выпрабавальнікаў заставаліся невядомымі. Я сведка: колькі разоў Кавалёнак знянацку прыязджаў у Мінск, наведваў розныя КБ, прадпрыемствы!
Але космас — дзяржаўная таямніца.
Не толькі вайскоўцы звязаны з ім — некаторыя падрабязнасці даводзіў мне Кавалёнак.
Першы касманаўт-беларус Пётр Клімук на сваім караблі працаваў з малагабарытным спектрометрам МСС-2, вывучаў адно фізіку атмасферы.
А ў той час над СССР лятаў спадарожнік ЗША, які ацэньваў нашы прыродныя рэсурсы, ураджай падлічваў з дакладнасцю да цэнтнера з гектара — і таму амерыканцы заломвалі дзікую сплату ў золаце за сваё экспартнае зерне, маўляў, “нікуды “саветы” не падзенуцца”, бо ведалі харчовыя праблемы ў СССР.
І тады справу выправілі ў Беларусі, у Інстытуце прыкладных фізічных праблем — цяпер імя Сеўчанкі. А тады сам Антон Нікіфаравіч, дарэчы, герой майго фільма “Эстафета”, узначаліў распрацоўку і стварыў прыбор СКІФ. Кавалёнак, пасмейваючыся, расшыфраваў абрэвіятуру так: “Сеўчанка-Кавалёнак-Інстытут-Фізікі” — аналаг амерыканскай сістэмы.
— Што мы распрацавалі: стан паш, выганаў, палёў, — там жа, на караблі, ішла першая апрацоўка атрыманых даных. Працавалі інтэгральныя схемы. Беларусы пакінулі ў космасе навуковы прыкметны… — і Кавалёнак спатыкнуўся, падшукваючы слова, — тут да месца ўжыць выраз: “след”.
Але дасягненні савецкай — зразумела, і беларускай — касманаўтыкі былі моцна пасунуты, заценены, падарваны ў ліпені 1969 года: амерыканцы высадзіліся на Месяц!
У СССР зрабілі выгляд, што да таго і не імкнуліся, не рыхтаваліся, паціху ліквідавалі “месячную” групу касманаўтаў, куды ўваходзіў і Кавалёнак.
А прыярытэтам аб’явілі катанне па Месяцы “Лунохода-1”, які намаганнямі ўраджэнца Случчыны штурмана Канстанціна Давідоўскага выпісваў па Месяцы бессэнсоўныя васьмёркі.
5. ТРАГЕДЫІ І ПРЫАДКРЫТЫЯ ТАЯМНІЦЫ
Да касмічных палётаў неяк прызвычаіліся, і стала здавацца, што справа адпрацаваная. І толькі супрацоўнікі Цэнтра падрыхтоўкі і ўсе, хто рыхтаваў старты, ведалі: простых палётаў не бывае.
Пасля палёту “Саюз-18” з Макаравым і Лазаравым, які адно цудам не скончыўся трагічна, паляцелі беларус Клімук з Севацьянавым на караблі… пад тым жа нумарам “18”, быццам папярэдняга, няўдалага “васямнаццатага” і не было. Каго дурылі?
Цяпер, пасля фільма “Беларускі космас. Закрытая тэма”, можна прыадчыніць няўдалую стыкоўку карабля Уладзіміра Кавалёнка са станцыяй “Саюз-6”.
У тую ноч з 9 на 10 кастрычніка 1977-га ліў жудасны дождж. Адкласці старт нельга, нават калі выкрылася б памылка ў сістэме, нават калі няўдалыя атмасферныя ўмовы — як жа: юбілей рэвалюцыі, столькі запрошаных!..
Палічылі: савецкім касманаўтам залева не перашкода.
У стыкоўцы карабля са станцыяй існуюць тры паслядоўныя фазы: выяўленне, дотык, мехзахоп. Камандзір Кавалёнак дакладвае на Зямлю: “Ёсць выяўленне…” Праз некалькі хвілін: “Ёсць дотык…” Зямля чакала даклада аб механічным захопе.
А яго не было.
Адна спроба… другая… Парады з пульта кіравання вынікаў не далі. І таму — лаканічнае паведамленне ТАСС: “11 кастрычніка пасля заканчэння прац на караблі “Саюз-25” касманаўты Кавалёнак і Румін вярнуліся на Зямлю”.
— Як усюды ў нас: не шукаюць прычыну няўдачы, а шукаюць вінаватых, — узгадвае Кавалёнак. — Наш галоўны канструктар Глушко так і паступіў: як гэта, маўляў, тэхніка не спрацавала?!
І выснова камісіі: “Віна экіпажа. Касманаўты папсавалі стыковачны модуль станцыі: пагнулі штыры”.
А камандзір пры стыкоўцы тройчы сфатаграфаваў тыя штыры — усе былі прамыя! Гэта потым пацвердзіў і Георгій Грэчка.
Але ўжо было падрыхтавана паведамленне ТАСС аб “выпраўленні пашкоджанняў папярэдняга палёту”.
Дакумент той здабыў радыёжурналіст Пётр Пелехаў, які вёў тэму космасу — Кавалёнак летам 79-га пазнаёміў мяне з ім. Пелехаў перадаў дакумент Кавалёнку.
— Я да Глушко, у адчаі абяцаю: “Я гэта апублікую на Захадзе!” — усхвалявана ўзгадвае і даводзіць мне Уладзімір Васільевіч. — “Не зробіш!” — пагражае канструктар. — “Зраблю!”
Расследаванне прыйшло да выніку: пры старце дажджавая вада ў “чашках” стыковачнага модуля, што на носе карабля, пры выхадзе ў атмасферу папросту… замерзла, таму і не дала магчымасці штырам увайсці ў тыя чашкі, запоўненыя лёдам, таму і не адбыўся механічны захоп.
Метэанеспадзяванка і прысечаная здрада “таварышаў” ледзь не зламалі лёс будучага двойчы Героя Савецкага Саюза, старшыні Федэрацыі касманаўтаў СССР, намесніка таварыства касманаўтаў свету, героя трох маіх фільмаў.
Пасля вядомага ўсяму свету “Паехалі!” першага касманаўта ў яго быў другі выкрык, калі ўключыўся рухавік другой ступені: “Косберг спрацаваў!”
“Косберг”… гэта што, марка сакрэтнага вырабу? Шыфр? Абрэвіятура?
За гэты другі выкрык, які пачуў свет, старшага лейтэнанта Гагарына хацелі пазбавіць намечанага за палёт звання маёра, а даць у пакаранне толькі капітана “за раскрыццё дзяржаўнай таямніцы”: ён назваў прозвішча канструктара! Але далі ўсё ж маёра.
“Косберг” — патаемнае прозвішча, такое ж “за сямю пячаткамі”, як Каралёў, Глушко, Чаламей, Мішын. Яны станавіліся вядомымі толькі пасля смерці.
У гэтай “каралёўскай гвардыі” і ён, Сямён Арыевіч Косберг.
Не здзіўляйцеся: ну, канешне ж, родам ён… са Слуцка.
Заканчэнне будзе.
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр
Фота з архіва аўтара.