Андрэй ГОЛУБЕЎ, кінарэжысёр: “Я ведаю, які фармат цяпер запатрабаваны...”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

На леташнім “Лістападзе” адной з яркіх падзей стаў паказ у конкурснай праграме дэбютнай карціны беларускага рэжысёра Андрэя Голубева “Чаклун і Румба”. Сталічны глядач, які часам са скепсісам ставіцца да айчыннай кінавытворчасці, выставіў фільму аб любові, дабрыні, адданасці і сяброўстве высокія адзнакі.

Пасля першага поспеху “Чаклун і Румба” ўзяў чатыры галоўныя прызы на іншых міжнародных кінафестывалях, сярод якіх — “Залатая Анэ” за лепшы дэбют на I Міжнародным фестывалі патрыятычнага кіно “На Волжскім рубяжы” ў Чэбаксарах.
Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця сёлетняга мінскага кінафоруму карэспандэнт “К” заспеў рэжысёра-пастаноўшчыка “Беларусьфільма” пад час заканчэння работы над новай карцінай “Крапавы берэт”, што будзе прадстаўлена ў новым конкурсе тэлевізійных праграм. Паміж даагучваннем асобных эпізодаў стужкі Андрэй ГОЛУБЕЎ распавёў пра новы фільм і ўласнае бачанне будучыні айчыннага кінематографа.

— Якія пачуцці выклікае ў дэбютанта вялікі поспех на міжнародным фестывалі?

— Ведаеце, я вельмі спакойна паставіўся да рэзанансу, што набыў сярод гледачоў і крытыкаў “Чаклун і Румба”. Можа, прайшлі студэнцкія гады, а з імі — юнацкае ўсхваляванае стаўленне да лаўраў, чырвоных дарожак?.. Раней, атрымаўшы дыплом за студэнцкую работу на прэстыжным кінафоруме, адчуваў вялізную асалоду, зараз жа расцэньваю фестывальнае прызнанне як неад’емную частку працы рэжысёра. Я ж здымаю не для журы, не для фестывалю.

— Што для вас як рэжысёра ў першую чаргу важна на падобных паказах?

— Прадставіць фільм з самых лепшых пазіцый, бо міжнародны фестываль прадугледжвае высокую якасную планку. Прыкладам, у мінулым годзе я не зусім быў задаволены тым, што давялося паказаць фільм у “сырым” варыянце. Спадзяюся, сёлета з “Крапавым берэтам” падобных недарэчнасцей не адбудзецца.

 /i/content/pi/cult/183/1892/Golubeu1.jpg
— Ці адчуваеце розніцу ў здымачным працэсе паміж работай над поўнаметражным фільмам і серыялам?

— Я не так даўно скончыў работу над серыялам “Ліцейны, 4”, які зараз круціць НТБ, а яшчэ даводзім да ладу чатырохсерыйны “Крапавы берэт”. Я ніколі не праводжу мяжы паміж серыялам і мастацкім фільмам, бо імкнуся займацца шматсерыйнымі стужкамі гэтак жа, як і вялікімі карцінамі. Гэта выражаецца ў працы з аператарам, акцёрамі, у мантажы. Глядач зможа сам упэўніцца ў тым, завітаўшы 21 лістапада ў сталічны кінатэатр “Цэнтральны”.

Канешне, мы крыху “адфарматуем” фільм. Дарэчы, спецыяльна на “лістападаўскую” прэзентацыю прыедуць выканаўцы галоўных роляў — расійскія акцёры Сяргей Селін, Андрэй Федарцоў, Сяргей Чугін, Ганна Лутцава.

Упэўнены: сучасны рэжысёр абавязкова павінен мець задаткі камерсанта, каб яшчэ да пачатку здымачнага працэсу падлічыць, як можна прадаць фільм. Тады той не ляжа на паліцу, а дойдзе да шырокага гледача.

Пры задзейнічанні на пляцоўцы расійскіх акцёраў узрастае магчымасць продажу гэтых шматсерыйных стужак на расійскія тэлеканалы, якія падтрымліваюць кантракты пэўных артыстаў. Балазе з дапамогай Сяргея Селіна і Андрэя Федарцова я выйшаў на дамоўленасць па закупцы стужак каналам НТБ. Так было з “Чаклунам…”, хутка паеду ў Маскву дамаўляцца наконт закупкі “Крапавага берэта”. Таму карціна і чатырохсерыйная, бо я ведаю, які фармат запатрабаваны на расійскім тэлебачанні.

— Апошнія вашы стужкі звязаны ваенна-патрыятычнай тэматыкай. Наколькі вам у прафесіі дапамагае тое, што вы вучыліся ў ваенным вучылішчы, служылі ў арміі?

— Я вучыўся і служыў яшчэ ў той час, калі быў Савецкі Саюз. Я бачыў крыху іншыя адносіны да арміі: павага, ярка выражаны патрыятызм. Для ваенных словы “гонар”, “любоў”, “прыгажосць” маюць вельмі вялікае значэнне. Спадзяюся, што я яскрава дэманструю гэтыя ідэі ў сваіх стужках.

— “Крапавы берэт” таксама пра гэта?

— Так. Стужка распавядае гісторыі людзей некалькіх пакаленняў спецназаўцаў. У ёй я паспрабаваў узняць і праблему сучаснай моладзі. Зараз сярод 18 — 19-гадовых модна праводзіць дні і ночы за камп’ютэрам, спадзявацца не на свае сілы, а на шчаслівы
 /i/content/pi/cult/183/1892/Golubeu2.jpg
латарэйны квіток. Адзін з маіх герояў — радавы атрада спецыяльнага прызначэння Купрыянаў у выкананні Сяргея Чугіна — на асабістым прыкладзе спазнае, што такое братэрства, узаемадапамога, мужнасць, годнасць. Гэты фільм дасць магчымасць задумацца над асноватворным у жыцці.

— Ведаю, што нават з акцёрамі, задзейнічаныміў здымках, на пляцоўцы адбываліся пэўныя метамарфозы.

— Частку натуры мы здымалі ў Мікашэвіцкім кар’еры. На агульныя планы ездзілі ў Ялту, дзе, дарэчы, Фёдар Бандарчук здымаў “9 роту”. Але ў асноўным працавалі ў ваеннай частцы №3214. Акцёры жылі на яе тэрыторыі, бегалі кросы, практыкаваліся ў стральбе, удзельнічалі ў аперацыях спецназа. Рукапашныя сцэны карэкціравалі інструктары з САХРа, а за правільнасцю нашэння форменнага адзення і другімі пытаннямі, якія датычыліся службы ў спецназе, сачыў ваенны кансультант капітан Новікаў.

Усё гэта не магло прайсці для артыста бясследна. Самы відавочны прыклад — сталенне маскоўскага акцёра Сяргея Чугіна, вядомага падлеткам па касавым серыяле “Клуб”. Калі яго бацькі прыехалі ў Мінск праз тры месяцы здымак, яны падзякавалі мне, бо іх сын вельмі змяніўся. Работа сярод ваенных зрабіла з “клубнага” хлопчыка сапраўднага мужчыну.

Думаю, і на гледачоў гэта можа паўплываць. Я веру ў тое, што ствараю, не задумваючыся, ці прынясе мне гэта прызы. Я шчыра раблю сваю справу, бо не маю права рабіць іначай.

Настасся ПАНКРАТАВА
На здымках: кадры з фільма
“Крапавы берэт”.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА-малодшага