Бацькоўская парада дзецям “Зграі”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Дзмітрый Зайцаў у пазаконкурснай праграме “Лістапада” прадстаўляе сваю новую стужку “Зграя”, дзе ён з’яўляецца не толькі рэжысёрам, але і аўтарам сцэнарыя. Як зазначае творца, ён у чарговы раз звяртае нашу ўвагу на вечную праблему бацькоў і дзяцей. Гэта стужка “аб бацькоўскім даверы, аб юнаках, якія растуць у свеце спакус, бясконцай плыні інфармацыі і такога лёгкага на выгляд куша”.

 /i/content/pi/cult/183/1891/Zajcau.jpg
Галоўны герой стужкі — Даніла, малады чалавек, які, захапіўшыся крымінальнай рамантыкай 90-х гадоў і пагнаўшыся за “лёгкімі” грашыма і бесклапотным жыццём, гіне: яго забіваюць у Грэцыі. І гэтая трагічная гісторыя — не выдумка: менавіта так шмат гадоў таму загінуў сын Зайцава Даніла. А таму “Зграю” можна было б па праве назваць і данінай памяці роднаму сыну, і, разам з тым, бацькоўскай парадай усім маладым людзям, якія лічаць, што яны стаяць вышэй за падобныя праблемы.

У сваёй папярэдняй стужцы — “Паміж жыццём і смерцю” — рэжысёр на галоўную ролю запрасіў Яўгена Сідзіхіна. У “Зграі” ж бацьку галоўнага персанажа сыграў народны артыст Расіі Сяргей Гармаш — адзін з самых запатрабаваных на сённяшні дзень расійскіх акцёраў. У творчай “скарбонцы” Гармаша ёсць ужо два “Залатыя арлы” — за фільм “Свае” (2004 г.), які ў свой час убачылі і гледачы “Лістапада”, і за “12” (2008 г.).

А літаральна за некалькі тыдняў да пачатку здымак на “Беларусьфільме” стужкі з удзелам гэтага акцёра — “12” Мікіты Міхалкова і “Катынь” Анджэя Вайды — былі вылучаны на суісканне “Оскара”. Ды што там: Гармаш аддаў перавагу здымкам у Мінску нават перад цырымоніяй уручэння “Нікі”, дзе яго чакала статуэтка “За лепшую мужчынскую ролю”!

А вось з пошукамі кандыдата на ролю Данілы — маладога хлопца, які і “разгортвае” вакол сябе падзеі фільма, — рэжысёру давялося не проста. Як зазначыў Дзмітрый Зайцаў, па нейкай невядомай прычыне на акцёрскіх курсах беларускіх ВНУ практычна немагчыма знайсці сёння маладых людзей гераічнага тыпажу — мужных, моцных, прыгожых, ды яшчэ і прафесійна адораных. І пасля доўгіх пошукаў рэжысёр сустрэў будучага Данілу... у маршрутцы: ён адразу прапанаваў Арцёму Рыбкіну, студэнту БДУ, зняцца ў кіно, і той пагадзіўся.

Аператарам-пастаноўшчыкам карціны з’яўляецца Дзмітрый Рудзь, а акрамя Сяргея Гармаша і Арцёма Рыбкіна ў фільме зняліся Яўген Дзмітрыеў, Ганна Назарава, Віялета Несцяровіч і іншыя.

 

Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА