І слова роднае гучала…

№ 10 (1553) 05.03.2022 - 11.03.2022 г

Чытанне — з ліку тых абавязковых уменняў, што працягваюць жыццё чытача. Чым больш розуму, тым большая прага да асэнсавання асабістага існавання… Праблема адна: як на тое ўменне “захварэць”. Хачу распавесці пра свой эпікрыз. Эпіцэнтрам стала маці. Яна чытала ўсё і заўжды. Я пісаў ужо, што ў радыусе яе ўспрымання свету чытаць пачыналі літаральна ўсе. Пра матчын уплыў усё. Тут патлумачыць трэба: яна і бацька былі настаўнікамі. А школа тады месцілася праз дарогу ад нашай хаты. Бацькі не проста працавалі, яны жылі там. Калектыў быў дружны, адзіная ідэя аб’ядноўвала… У выніку выхоўвалі мяне старшакласніцы і старэйшая на шэсць гадоў сястра. Чытаць мяне вучыла менавіта яна.

/i/content/pi/cult/893/18899/11.jpgПамятаю драўляныя кубікі з літарамі і малюнкамі. Гэта быў рускі алфавіт. Мой шлях да роднай мовы — тэма для іншай гаворкі… Дык вось, калі літары пачалі складацца ў словы, я адчуў першае ў жыцці вялікае свята. (Другое “выбухнула” праз некалькі гадоў, калі навучыўся катацца на ровары, якім забяспечыў мяне кавалер сястры.) Чарговае шчасце дало парасткі пасля таго, як яна паказала фотаздымак і загадала вывучыць: “Гэта Джон, Пол, Рынга і Джордж”. Я вывучыў і паслухаў Beatles. Пасля жыццё набыло канчатковы сэнс. З таго часу мова мая атаясамілася з рок’н’ролам. Дзіўная рэч: усе свае тэксты стараюся ўтрымаць у памеры чатыры чвэрці, што цалкам супадае з рытмам майго дыхання. Вось такая метафізіка…

Але вернемся да чытання. Яго пабочным эфектам у дзяцінстве стала тое, што сніцца мне пачалі бясконцыя кніжныя радкі. З-за маіх суботніх паходаў у бібліятэку сёй-той у нашым двары і па сёння называе мяне хворым. Здаравець не жадаю. І не толькі таму, што любая разумовая дзейнасць у спалучэнні з фізнагрузкамі падтрымлівае арганізм у тонусе. Мне цікава яшчэ і наступнае: вочы счытваюць радкі, а розум не толькі сочыць за сюжэтам, але яшчэ і аналізуе культуру мовы, стыль, метафарычнасць ды вобразнасць. Кайф — неймаверны.

Жыццёвы досвед пераконвае, што пад прымусам чытачамі не становяцца. Адсюль вынікае: усе дзеці ў сям’і будуць чытаць, калі ў сям’і будуць чытаць усе дарослыя. У ідэале чытачамі сельскай бібліятэкі павінны стаць усе жыхары вёскі. Для гэтага бібліятэкар павінен быць у хатах аднавяскоўцаў ці не пастаянным госцем. Мэта апраўдвае сродкі. Дык хто яшчэ не стаў чытачом?

А сённяшні агляд рэдакцыйнай пошты пачнём з навін, прымеркаваных да Дня роднай мовы. Загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Цыганкова, культарганізатар сектара па рабоце з дзецьмі Наталля Давідовіч, культарганізатар культурна-масавага сектара Ірына Аўсянікава пішуць: “21 лютага ў выставачнай зале прайшоў квіз “Адкрываем нанова беларускае роднае слова” для ўдзельнікаў калектываў мастацкай творчасці ўстановы. На наступны дзень пачала працаваць традыцыйная літаратурна-музычная гасцёўня “І слова гучала, чароўнае слова”. Для школьнікаў была арганізавана праграма “Мова родная — мова модная”. Апошняя назва вартая, на мой погляд, асаблівай увагі. Мода на мову — і чытанне актывізуе. Хто заканадаўца гэтай мовы? Усе мы!

У Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы Дзень роднай мовы, як і заўжды, пастараліся адзначыць неардынарна. Перад чытачамі з’явіліся некаторыя міфічныя істоты беларускіх казак і прыпавесцяў, прадэманстравалі свае характары, норавы і звычкі. Першым паказаўся Бай — герой дзіцячага фальклору. Усе пазнаёміліся з Бордзяй — апякункай тых, хто пабраўся шлюбам. Таму нікога не здзівіла, што чытала яна вершы пра каханне Алеся Пісьмянкова, Віктара Шніпа, Фелікса Баторына… А потым ды чытачоў павольна выйшла Цёця — багіня лета. Мы яго сапраўды зачакаліся. Напісала пра парад міфічных істот супрацоўніца бібліятэкі Ірына Хілюціч.

Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім. Ліст метадыста Столінскай раённай бібліятэчнай сістэмы Ірыны Грэчка гэты факт цудоўна пацвярджае. “Падчас святкавання Дня роднай мовы ў Столінскай раённай бібліятэцы, — распавядае аўтарка, — адбылася сустрэча з Васілём Казачком — ганчаром і мастаком. Але Васіль Андрэевіч з’яўляецца не толькі загадчыкам цэнтра ганчарства вёскі Гарадная, але і з нядаўняга часу — сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён выдаў зборнік вершаў “Прызнанне”, рыхтуе другую кніжку. Васіль Андрэевіч чытаў вершы, распавядаў пра матчыну мову”.

Яшчэ адна навіна са Століншчыны. Алена Ворах распавядае, што ў Манькавіцкай бібліятэцы, якой яна кіруе дзейнічае інтэрактыўная выстава “Вандроўка ў родную мову”. На ёй прадстаўлены кнігі аб нашай мове. Сярод многіх мерапрыемстваў асабліва спадабалася чытачам акцыя “Любімае слова па-беларуску”.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярына Сандакова паведаміла, што ўсе філіялы падрыхтавалі свае творчыя акцыі да Дня роднай мовы, але ёсць мерапрыемства, якое аб’ядноўвае ўсе бібліятэчныя ўстановы: напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі, пятнаццатай па ліку. Сёлета яна прысвечана 140-гадоваму юбілею Янкі Купалы.

“Бібліятэкі Зэльвеншчыны рэалізуюць літаратурны праект “У вянок песнярам”, прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, — распавяла намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч. — Першая акцыя называлася “Родная мова словам народных песняроў”.

Алена Цярэшка, загадчык адзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Ваўкавыскай раённай бібліятэкі, паведамляе, што ў Воўпаўскай сельскай бібліятэцы дзеці знаёміліся з лепшымі творамі беларускай літаратуры класікаў і сучасных аўтараў. У Вярэйкаўскай СБ юныя чытачы чыталі вершы, адгадвалі загадкі, паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў і словаведаў. Шмат цікавых акцый, прымеркаваных да Дня роднай мовы, ладзілі ў гарадской дзіцячай і раённай бібліятэках.

Літаральна ва ўсіх бібліятэчных філіялах Шчучанскага раёна адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы. Пра гэта распавяла намеснік дырэктара Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Юлія Міхайлава.

Бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская згадвае цудоўнага чалавека Адама Мальдзіса. “Яго імпэту маглі пазайздросціць маладыя, — піша яна. — Энергія і творчы запал віравалі, ніводнага дня, ніводнай хвіліны Адам Восіпавіч не страціў марна. Ён быў часты госцем Астравецкай раённай бібліятэкі”.

Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"