Зямля – глеба, Зямля – планета

№ 10 (1553) 05.03.2022 - 11.03.2022 г

У лютым у Нацыянальным мастацкім музеі працавала выстава пад назваю “Рух зямлі”. Цікавая яна была ўжо тым, што праходзіла ў новых залах музея, пачатку эксплуатацыі якіх так доўга чакала культурніцкая грамада. Нарэшце аматары мастацтва змаглі пабачыць і ацаніць новыя экспазіцыйныя магчымасці нашай нацыянальнай скарбніцы, а таксама сустрэцца з творамі з фондаў музея, якія не надта часта даставалі з запаснікоў з прычыны дэфіцыту выставачнай прасторы.

/i/content/pi/cult/893/18896/6.jpgРух зямлі” – гэта, відаць, з таго ж шэрагу, што і “хада падзей” ці “ўсход сонца”. З шэрагу метафар, якія падаюцца зразумелымі, пакуль не задумваешся над іх сэнсам. Мне дык адразу згадалася песня Уладзіміра Высоцкага “Мы вращаем Землю”: “Не пугайтесь, когда не на месте закат. / Судный день – это сказки для старших, / Просто Землю вращают, куда захотят, / Наши сменные роты на марше”. Магчыма, гэтымі радкамі, дзе рух чалавека па зямлі атаясамліваецца з рухам планеты, натхняліся тыя, хто ладзіў гэтую выставу.

Уласна кажучы, выстава гэтая пра зямлю нашу і чалавека на ёй. Зямля ў дадзеным кантэксце і глеба, і планета. Экспанаваліся творы мастакоў, славутых для нашага краю і, як мне падаецца, значных для прасторы, якая колісь была Савецкім Саюзам. Бо хоць дзяржава тая і знікла, напрацаваны ў савецкую эпоху культурніцкі патэнцыял і сёння вызначае аблічча нацыянальнага мастацтва краін, што колісь былі саюзнымі рэспублікамі. Слушна казалі ў старажытнасці: “Жыццё кароткае, мастацтва вечнае”, – маючы на ўвазе не толькі чалавечае жыццё, але і працягласць у часе грамадскіх фармацый і супольнасцей. Май Данцыг, Барыс Казакоў, Васіль Сумараў, Уладзімір Кожух, Віталь Цвірка, Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў… Іх творчымі дасягненнямі мы ганарыліся тады, залаты фонд нашай культуры яны складаюць цяпер. Гэта наша класіка. У гэты спіс можна дадаць і мала-
дзейшых, чый лад і стыль у агульных рысах сфармаваліся яшчэ за савецкім часам, а найбольш значныя творы з'явіліся ўжо ў суверэннай Беларусі. Гэта Валерый Шкаруба і Аляксандр Грышкевіч. Менавіта работа апошняга “Зямля”, на маю думку, найбольш гарманічна спалучала традыцыю і сучасную эстэтыку, а значыць і повязь часоў. Ды і глядзелася яна ў экспазіцыі вельмі эфектна.

/i/content/pi/cult/893/18896/7.jpgДамінаваў на выставе жывапіс. Графіка, скульптура і ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўспрымаліся як дадатак. Але дадатак неабходны і ў канцэптуальным сэнсе, і дзеля візуальнай арганізацыі прасторы.

Адзначу і чыста тэхнічны момант. Кропкавае асвятленне твораў экспазіцыі (раней мы такое ўжо бачылі на выставах, што ладзяцца па першым паверсе галоўнага корпуса музея) стварае ўтульнасць, дазваляе гледачу засяродзіць увагу на экспанатах, а ў дачыненні да пластыкі яшчэ і дадаць выразнасці.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ. Фота аўтара